Вы тут

5 пытанняў пра грашовыя пераводы


Сёння раскажам, як доўга чакаць грашовы перавод, колькі максімум можна адправіць поштай дзецям, што вучацца ў Расіі, і чаму перасылаць рублі ў звычайным канверце — дрэнная ідэя.


1. Якая максімальная сума грашовага пераводу?

Па Беларусі абмежаванняў няма. А вось для пераводаў за мяжу стаяць пэўныя ліміты. Так, у Польшчу праз пошту за раз можна пераслаць максімум 500 еўра, ва Украіну — тысячу долараў, у Расію — 90 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна тры тысячы беларускіх). Па Беларусі сума перасылаецца ў беларускіх рублях (і ў іх жа выплачваецца — гэта датычыцца і грашовых пераводаў, якія паступаюць у краіну з-за мяжы), у іншыя краіны — у замежнай валюце.

2. Ці бярэцца за перавод камісія?

Так. У выпадку з пераводамі па Беларусі яна складае тры працэнты ад сумы (але не менш за адзін рубель). Для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў дзейнічаюць іншыя тарыфы — ад 1,8 да 3,6 працэнта ад сумы ў залежнасці ад тыпу пераводу. Калі сума грашовага пераводу перавышае 100 рублёў, дзейнічаюць зніжкі. Напрыклад, калі вы перасылаеце 500 рублёў і больш, тарыф за аплату складзе 0,5 працэнта ад сумы. Што да замежных грашовых пераводаў, то за іх перасылку спаганяецца восем працэнтаў ад сумы.

3. А што, калі пераслаць рублі ў звычайным канверце?

Гэта забаронена. Да таго ж у такім выпадку няма гарантыі, што грошы дойдуць да адрасата, усё пад вашу адказнасць. Таму, калі купюры з канверта знікнуць, вам іх не змогуць вярнуць. А вось за мяжу адправіць долары ў канверце можна, але толькі пісьмом з аб'яўленай каштоўнасцю. Сума пры гэтым не павінна перавышаць 200 долараў. За парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць,

4. Як доўга ідзе грашовы перавод?

Па краіне перавод можна атрымаць праз некалькі секундаў пасля адпраўкі. На тое, каб сродкі дайшлі ў іншую краіну, патрабуецца ад двух да пяці дзён (як у выпадку з Літвой, Расіяй, Украінай, Казахстанам, Арменіяй, Малдовай, Узбекістанам) ці да сямі дзён (Таджыкістан).

5. Атрымаць перавод можна толькі па месцы прапіскі (пражывання)?

Не. Хоць раней дзейнічалі менавіта такія правілы. Цяпер грошы можна атрымаць у любым аддзяленні краіны ў незалежнасці ад вашага месца прапіскі (пражывання). Дзякуючы ўдасканаленню інфармацыйных тэхналогій летась была створана новая сістэма перасылкі пераводаў, якая дазваляе гэта здзейсніць. Спецыяльнай заявы пісаць не трэба. У любым паштовым аддзяленні, дарэчы, можна атрымліваць не толькі пераводы, але і пенсіі і дапамогі. Зручна для тых, хто, напрыклад, улетку едзе ў санаторый.

Для таго каб атрымаць грошы, якія вам пераслалі, трэба прад'явіць пашпарт, пасведчанне кіроўцы ці ваенны білет (для вайскоўцаў тэрміновай службы).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.