Вы тут

«Пабудзіце ноччу — па прозвішчах пералічу, хто якую газету выпісвае!»


Вясковы паштальён пра сваю работу, людзей і час


«Нам з нашай Светачкай пашчасціла! І што б мы без яе рабілі! Такіх душэўных, адказных і ўважлівых паштальёнаў у нас ніколі не было!» — у адзін голас кажуць вяскоўцы пра Святлану ЧЫРЫК, паштальёна аддзялення сувязі Чырвоная Слабада, што ў Акцябрскім раёне на Гомельшчыне. Святлана расказала нам, якія выданні выпісваюць сёння яе землякі, колькі разоў за дзень вітаецца паштальён і дзе знаходзіць сілы кожнаму ўсміхацца, а таксама падзялілася думкамі наконт таго, як усё паспяваць.

«Ліс­тоў ця­пер пі­шуць, вя­до­ма, ма­ла.  Гэ­та не тое, як бы­ло га­доў 15 та­му!»

«Не буду хлусіць — спіна баліць»

— Сёння тут, — паказваючы на маленькую хату з сінім плотам, — кажа Святлана, — ні газет, ні лістоў, ні пенсіі няма, значыць, ідзём далей.

— А чаму мінаем гэтую вуліцу? — цікаўлюся я, паглядаючы на невялічкі завулак побач.

— Да гэтых хат мы вернемся ў самым канцы. Калі скакаць так з месца на месца, дык да раніцы людзі газет не атрымаюць. У мяне ж маршрут спецыяльны ёсць. Не тое што пайшла, куды захацелася (смяецца). Навошта лішнія кіламетры наварочваць? І так хапае. Трэба, каб сумка паступова спусташалася.

Сумка паштальёна важыць каля 7 кілаграмаў. Па пятніцах і суботах яе проста не падняць. Менавіта на гэтыя два дні выпадае шмат прэсы.

— Прывыкнуць да такіх фізічных нагрузак цяжка. Не буду хлусіць — спіна баліць, але дзе зараз проста? — паскараючы крок, кажа мая суразмоўніца.

За працоўны дзень Святлана находжвае каля 15 кіламетраў. Абслугоўвае ўсмешлівая паштальёнка дзве вёскі: Чырвоную Слабаду і Сасноўку. Толькі ад аднаго да другога населенага пункта каля пяці кіламетраў.

— А нельга нешта пакінуць на заўтра? Хуценька раніцай занесці? — пытаюся я.

— Не, людзі ж чакаюць! Усе ведаюць, у які дзень тыдня і нават прыкладна ў колькі гадзін будзе ісці паштальён. Калі газету ці, яшчэ горш, пенсію не атрымаюць — пачынаюць тэлефанаваць на пошту, — тлумачыць Святлана. — Тут галоўнае — абутак камфортны. Вашы абцасы, — працягвае жанчына, паказваючы на мае новыя туфлі, — у гэтай справе дрэнныя памочнікі.

І сапраўды, ужо пасля паўгадзіны «працы» мае ногі «гулі», але сумка яшчэ поўная — трэба ісці далей...

«Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся» — гэта пра мяне»

— Нават дакладна і не скажу, колькі працую паштальёнам. Так даўно прыйшла сюды, што і складана падлічыць, — трохі бянтэжачыся, успамінае свой шлях у прафесіі Святлана. — Гадоў 20, думаю, будзе.

Святлана скончыла Палескі дзяржаўны аграрны тэхнікум імя У. Ф. Міцкевіча, працавала тут, у Чырвонай Слабадзе, на ферме загадчыцай, потым заатэхнікам, а далей прыйшла на пошту.

— Спачатку так цяжка было, што хацела кінуць. Але з часам «уцягнулася» і цяпер сябе на іншай працы нават і не ўяўляю. Хоць і шмат куды звалі.

Святлана прызнаецца, што муж таксама не раз прапаноўваў змяніць род дзейнасці. Але на вёсцы, як вядома, варыянтаў заробку няшмат, таму лепей своечасова вызначыцца і годна рабіць сваю справу.

— Ведаеце, я ніколі не марыла з'ехаць у горад. «Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся» — гэта абсалютна пра мяне. Чаго не скажаш пра маіх дачок: старэйшая жыве ў Бабруйску, малодшая — у Мінску, — дзеліцца Святлана.

Пра сваю сям'ю жанчына расказвае з вялікай пяшчотай. З гонарам Святлана паказвае на хату з прыгожымі зялёнымі аканіцамі: «А вось тут жыве мая маці, тут прайшло маё дзяцінства, юнацтва...»

Святлана забягае да матулі, каб напаіць халоднай вадой «гора-калегу».

— Не хачу хваліцца, але скаргаў на Свету ніколі не было. На лаўцы вечарам можна шмат чаго пачуць, але Свеце заўжды толькі дзякуюць, — усміхаецца Вольга Мікалаеўна.

— У вольны час, хоць яго і няшмат, вельмі люблю хадзіць у грыбы і ягады. Знаёмыя жартуюць: «На працы не нахадзілася?» Але лес — гэта іншае, разумееце? Там адпачываеш душой, — дзеліцца Святлана.

Ёсць у яе і хатняя гаспадарка: карова, свінні, куры. «У вёсцы ўсюды даводзіцца паспяваць. Тут інакш не выжывеш!» — лічыць жанчына.

«Раёнку» амаль у кожную хату нясу»

— Ой, лічыць, колькі за дзень я кажу словы «добры дзень», бессэнсоўна. Саб'яцеся з ліку! — смяецца Святлана. — Паштальён на вёсцы — чалавек вядомы і паважаны.

Але тая самая павага не са словам «паштальён» прыходзіць — яе трэба зарабіць. Менавіта так лічаць «кліенты» Святланы.

Свят­ла­на ЧЫ­РЫК за пра­цай.  Вяс­ко­ва­га паш­таль­ё­на ў дзень пен­сіі асаб­лі­ва ча­ка­юць.

— А якая наша Света цудоўная суразмоўніца, — «кідаюць» мясцовыя, даведаўшыся, што пра іх любімага паштальёна ў рэспубліканскім выданні пісаць будуць. — Дзе трэба — скажа, а дзе — проста слухае. А што нам, старым, — абы вольныя вушы знайсці!

Святлана добра ведае ўсіх сваіх аматараў прэсы. Ёсць актыўныя чытачы, хто выпісвае і сем газет адначасова. Шмат і тых, хто застаецца верным падпісчыкам аднаго і таго ж выдання на працягу 10 гадоў.

— Пабудзіце мяне ноччу — па прозвішчах пералічу, хто якую газету выпісвае! — выдае Святлана. — Нашы вельмі любяць «раёнку». «Чырвоны Кастрычнік» амаль у кожную хату нясу. «Гомельская праўда» карыстаецца попытам, а таксама часопісы для пенсіянераў. Тут галоўнае, каб рэцэптаў закрутак было больш і парад, як вырасціць добры ўраджай.

— А што, пенсія павялічылася? — пытаецца ў Святланы адна з жыхарак Чырвонай Слабады. — Гэта добрая навіна. А вы, — звяртаючыся да мяне, кажа бабуля, — запішыце, што нашай Свеце таксама трэба нейкую прэмію даць! Бо яна ж так добра працуе! Заўсёды гучна лічбы называе, тры разы ўсё пераправерыць, растлумачыць, што адкуль узялося!

Прыкметна, што жанчына бянтэжыцца ад такіх слоў і таму хуценька хіліць гутарку выключна ў бок працы:

— Лістоў цяпер пішуць, вядома, мала. Гэта не тое, як было хоць бы гадоў 15 таму! Раней заглядзецца можна было, як прыгожа канверты афармлялі. Уяўляеш, што гэты кавалак паперы яшчэ нядаўна там, за акіянам быў, а сёння ўжо ў нашу вёску дабраўся.

«А колькі ў мяне часу пабыць сам-насам са сваімі думкамі!»

Працоўны дзень Святланы пачынаецца ў 13 гадзін і, як кажуць, да перамогі. Увогуле, пасля абеду пошта «ажывае».

— А хлеба яшчэ не было? — цікавіцца мужчына ў высокіх гумовых ботах.

— Масла пачым? — пытаецца чырванашчокая жанчына з роварам.

— Цётка Таня, мама па батон паслала! Ёсць? — ускоквае ў аддзяленне хлопчык гадоў васьмі.

— Пошта — адно з месцаў, дзе, як і ў сельскім клубе і краме, заўсёды збіраюцца людзі. Тут і алей выходзіць таннейшы, і хлеб смачны прывозяць з Калінкавіч. Вось народ і ідзе, — тлумачыць ажыятаж Таццяна ДРОБАВА, начальнік аддзялення паштовай сувязі Чырвоная Слабада.

Таццяна і Святлана кажуць, што вельмі любяць пагартаць свежую прэсу. Але не бяруць за моду расказваць усе апошнія навіны наведвальнікам пошты — хай выпісваюць газеты!

— А дачок сваіх, калі тыя яшчэ ў школе вучыліся, ніколі не прасілі дапамагчы разносіць прэсу? — цікаўлюся я.

— Не, нават і думкі такой не было. Адказнасць на мне, як на паштальёне, немалая. Людзі ж грошы мне свае давяраюць! А разам з тым радасцю і горам дзеляцца. У вёсцы, дзе кожны адно аднаго ведае, усё неяк па-іншаму ўспрымаеш, — упэўнена Святлана.

Усяго ў Чырвонаслабодскім аддзяленні сувязі працуюць два паштальёны. Святлана абслугоўвае каля 400 чалавек у Слабадзе і 75 — у Сасноўцы. Жанчына кажа, што вяскоўцы — вельмі душэўныя людзі. А добрыя словы, як вядома, робяць цуды. Паштальён прыгадвае, як аднойчы прачытала пра сябе ў «раёнцы» — чырвонаслабодцы дзякавалі за працу!

— Нічога, будзе вам замест адной фітнес-трэніроўкі гэтая «прагулка» са мною. Усё адчуеце ў нагах заўтра, — развітваючыся, кажа Святлана. — Вы пра плюсы прафесіі пыталі? Дык я скажу. Толькі падумайце, колькі ў мяне часу пабыць сам-насам са сваімі думкамі! А чалавеку гэтага цяпер так не хапае.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.