Вы тут

Пяцёрка самых яркіх майстроў ток-шоу


Уменне трымаць увагу аўдыторыі, хутка рэагаваць на заўвагі рэжысёра, гатоўнасць справіцца з любой непрадказальнай сітуацыяй. А яшчэ — неверагодная сканцэнтраванасць, гранічная ўпэўненасць і моцная вера ў правільнасць таго, што ты робіш, і ў тое, што ў цябе ўсё атрымаецца. Думаецца, такімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які працуе ў прамым тэлеэфіры. А яшчэ, безумоўна, ён мусіць умець весці гутарку з кожным гледачом і адначасова — «з народам усім», быць тактоўным і шчыра зацікаўленым у асобе суразмоўніка.

Многія прафесійныя журналісты прызнаюцца, што інтэрв'ю — жанр досыць інтымны, тое, наколькі шчырай і змястоўнай атрымаецца гутарка ў выніку, залежыць і ад ступені даверу паміж суразмоўнікамі, і ад умення правільна выбудоўваць дыялог. І калі ў тэлепраграмах, якія транслююцца ў запісе, многія недахопы можна выправіць мантажом і запісам некалькіх дубляў, то той, хто працуе ў прамым эфіры, ад самага пачатку не мае права на памылку. Тым больш калі гаворка ідзе пра жанр тэледыялогу, або ток-шоу. Гэта, так бы мовіць, вышэйшы пілатаж. Таму вядучых, якія сталі вядомымі менавіта дзякуючы ток-шоу ў прамым эфіры, можна назваць сапраўднымі зоркамі прафесіі. Сёння згадаем некаторых з найярчэйшых.


Лары Кінг

«Дарога да поспеху — у побыце ці прафесійнай дзейнасці — складаецца з размоў, і, калі вам не стае ўпэўненасці ў зносінах, дарога гэтая можа аказацца ўхабістай», — так лічыць сапраўдны кароль дыялогу, які амаль чатыры дзесяцігоддзі прысвяціў рабоце ў жанры тэле- і радыёінтэрв'ю, Лары Кінг. Гасцямі яго праграм лічылі за гонар быць самыя вядомыя палітыкі, акцёры, бізнесмены, спартсмены. Ён умее знайсці выйсце з абсалютна любога тупіка размовы і пачаць дыялог з абсалютна любым чалавекам. Яго асоба стала напраўду легендай, а лёс — увасабленнем «амерыканскай мары».

Просты хлопчык Лоўрэнс Харві Зейгер з Брукліна, які з-за ранняй смерці бацькі вымушаны быў кінуць вучобу і пайсці працаваць, каб забяспечваць сям'ю, выпадкова трапіў на радыё. Спачатку працаваў там прыбіральшчыкам, выконваў дробныя даручэнні. А неяк, калі вядучы не змог выйсці ў эфір, паспрабаваў яго падмяніць. Праграма так спадабалася кіраўніцтву, што хутка юнак стаў радыёвядучым, а псеўданім сабе выбраў (бо кіраўніцтва палічыла яго імя складаным для вымаўлення і запамінання), выпадкова пабачыўшы рэкламны лісток лікёра Kіng's Whоlеsаlе Lіquоr. З цягам часу пачаў весці ўласнае шоу і стаў адным з самых папулярных радыёвядучых Фларыды. Атрымаў прапанову паспрабаваць сябе на тэлебачанні...

Імя Лары Кінга сёння асацыюецца не толькі з тэлебачаннем, але і з адметным «фірменным» стылем адзення, ветлівай хітраватай усмешкай, пісьменніцкай працай, акцёрскай дзейнасцю. Ён з'яўляецца ў кіно, прычым нярэдка, у ролі самога сябе. Яго таксама можна назваць і настаўнікам, выхавальнікам многіх журналістаў: кнігі Лары Кінга, прысвечаныя мастацтву інтэрв'ю, можна назваць сапраўднымі падручнікамі. Нездарма ж адна з іх — «Як размаўляць з кім заўгодна, калі заўгодна і дзе заўгодна» — вытрымала ўжо дзясяткі выданняў і не выходзіць са спісаў бестселераў.

Дарэчы, беларусы маюць яшчэ адну нагоду больш пільна сачыць за творчасцю Кінга — яго маці Джэні родам з беларускіх земляў.

Опра Уінфры

У дзяцінстве бабуля яе часта біла. У 14 дзяўчына зацяжарыла, але дзіця пасля нараджэння памерла. У 17 яна працавала і адначасова вучылася ва ўніверсітэце, была самым маладым рэпарцёрам мясцовых СМІ, а ўжо ў 32 стварыла ўласнае «Шоу Опры Уінфры», якое выходзіла ў эфір цягам 25 сезонаў.

Сапраўды, яе жыццё — прыклад сілы волі, імкнення ісці ўласным шляхам і нягледзячы на ўсе перашкоды дасягаць вышыняў. Яна — прыклад веры ў сябе і ў станоўчыя моманты жыцця, прыклад удзячнага стаўлення да лёсу і павагі да каманды, у якой працуе. Уінфры неаднаразова атрымлівала званне самай уплывовай жанчыны ў шоу-бізнесе і ў свеце, стала першай у гісторыі чарнаскурай жанчынай, якая зарабіла мільярд долараў. Таму невыпадкова вобраз і вопыт Опры натхняюць мільёны жанчын, а сама вядомая тэлевядучая з радасцю дзеліцца сакрэтамі поспеху і майстэрствам самаразвіцця ў сваіх кнігах. А яшчэ — яна прапагандуе клопат пра здароўе, адмову ад эгаізму і важнасць унутранага свету, а таксама неабходнасць імкнення да поспеху. Яго, лічыць Опра, можа дасягнуць кожны.

Яна раіць: «Зрабіце адну рэч, пра якую вы думаеце, што не зможаце зрабіць. Пацерпіце няўдачу — паспрабуйце яшчэ раз. Ужо атрымаецца лепш. Толькі тыя не церпяць паражэнняў, хто не спрабуе ўзняцца на большую вышыню».

Уладзіслаў Лісцьеў

Калі яго забілі, многія з нас яшчэ толькі вучыліся ў пачатковай школе. Мы не маглі зразумець усяго маштабу трагедыі, але ўжо цяпер, гледзячы паасобныя выпускі праграм, якія ён вёў і якія ствараў, можам ацаніць, што разам з Лісцьевым сышла цэлая частка гісторыі расійскага тэлебачання. Ён імкнуўся да прафесійнага, адданага справе паказу праўды, цвярозага і аналітычнага погляду на падзеі і свет.

Каля дзясятка кніг і больш як два з паловай дзясяткі фільмаў — тыя праекты, якія калегі-журналісты і ўжо прадстаўнікі наступных пакаленняў прафесіі прысвяцілі гэтаму выдатнаму чалавеку. Ён стварыў адно з самых першых на тэрыторыі СССР ток-шоу «Тэма», у эфіры якога ўздымаліся вострыя сацыяльныя і палітычныя пытанні, стаяў каля вытокаў палітыка-аналітычных праграм «Гадзіна пік» і «Погляд». Аўтар праекта «Поле цудаў», які і сёння карыстаецца папулярнасцю на тэлебачанні.

Нядобразычліўцы кажуць, што ён не быў першапачаткова таленавітым вядучым, проста навучыўся, развіў у сабе пэўныя ўменні. Проста развіў і стаў адным з найлепшых у свой час? Ці не парадаксальна гучыць?

«Безумоўна, ён валодаў галоўным талентам вядучага, а менавіта — уменнем «прабіць» экран і аказацца побач з кожным асобна ўзятым гледачом, — успамінае яго калега Уладзімір Познер. — Кожны раз, калі ён быў вядучым, праграма атрымлівала неверагодна вялікую папулярнасць. Ён знайшоў ключ да гледача, умеў яго зацікавіць і рабіў гэта ў высокай ступені прафесійна».

Уладзімір Познер

«Стоячы перад Богам, што вы яму сказалі б?» Прыхільнікі Уладзіміра Познера ведаюць, што знакаміты журналіст, аналітык любіць задаваць сваім суразмоўнікам гэтае пытанне апошнім. Але ж сам адказу на яго пазбягае. Натуральна, у інтэрв'ю з ім яно таксама часта гучыць. Нягледзячы на амаль зорны статус, адсутнасць часу, Познер рэдка адмаўляецца ад гутарак з калегамі і стараецца з увагай і ўважлівасцю адказаць на ўсе пытанні.

Нарадзіўся ў Парыжы, працаваў і працуе ў ЗША і Расіі, шмат вандруе, цікавіцца вострымі тэмамі з розных сфер жыцця. Аўтар многіх аналітычных праграм, выдатных падарожных цыклаў (варта толькі ўспомніць яго вандроўкі па свеце разам з калегам Іванам Ургантам), глыбокіх кніг... За кожным яго праектам — мудрасць, вопыт, шырыня поглядаў і жаданне выказваць аб'ектыўныя думкі, разумець кожнага. Таму многія лічаць Познера «сваім», прыслухоўваюцца да яго меркавання. Думаю, мэтр журналістыкі гэтага сапраўды заслугоўвае.

Ягор Хрусталёў

Некаторы час у беларускай тэлевізійнай тусоўцы яго называлі ледзь не здраднікам. Маўляў, не захацеў і надалей развівацца на радзіме, прадстаўляць новыя праекты, а замест гэтага падаўся ў больш перспектыўную і прыбытковую расійскую тэлекампанію. Але праз пяць гадоў Ягор вярнуўся ў Мінск з новымі ідэямі. За некалькі гадоў рэалізаваў шэраг задумак на розных каналах, паспеў папрацаваць з прадзюсарскім цэнтрам і нават атрымаў «Тэлевяршыню» ў адной з персанальных намінацый. Так, яму даравалі «здраду» калегі, а гледачы — зноў прынялі з любоўю і шчырай радасцю.

Думаецца, што тут сыграла ролю тая самая карта прафесіяналізму, высокага майстэрства работы ў прамым эфіры, пра якую ішла гаворка ў пачатку. Бо і старэнькая «Карамболь», якая ўжо больш за дзесяцігоддзе таму сышла ў нябыт, і новае «Што адбываецца», дзе Хрусталёў выступае ў якасці вядучага, паказваюць: ён умее акцэнтаваць увагу не толькі на гарачых тэмах, якія на слыху, не проста, як сёння кажуць, ловіць «хайп», але і ўздымае больш глабальныя, значныя пытанні, часам глыбока схаваныя за многімі слаямі сэнсаў.

У інтэрв'ю «Звяздзе» ён сам аднойчы распавёў: «Трэба ўнікаць у кожнае пытанне... Табе стане цікава, ты будзеш працаваць, а не адбываць нумар. Водгук абавязкова знойдзецца. Неабходна захапіцца нават самай сумнай тэмай, бо інакш нічога не атрымаецца».

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Знайсці «ключ да гледача»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.