Вы тут

Дыялог з Маленькім прынцам і Вялікім майстрам


Працягваецца добрая традыцыя знаёміць нашых дзетак з найбольш цікавымі творамі еўрапейскай літаратуры ў перакладзе на родную мову.


Гэтым разам — з перавыданнем адзінага перакладу неўміручага «Маленькага прынца» Антуана дэ Сент-Экзюперы на беларускую мову, ажыццёўленага Нінай Мацяш у 1989 годзе (Мінск, «Выдавец Зміцер Колас», 2017). Кніга, якая ўжо мела статус рарытэта і, акрамя некалькіх асобнікаў у Нацыянальнай бібліятэцы, захавалася хіба ў прыватных кнігазборах, зусім нядаўна стала даступнай для больш шырокага кола зацікаўленых чытачоў. Перавыданне з’явілася ў межах серыі «Добрая кніга» пры падтрымцы кампаніі velcom. Значную частку тыражу плануецца перадаць у бібліятэкі беларускіх сярэдніх школ.

Выданне кнігі было прымеркавана да прэзентацыі ў кінатэатрах краіны аднайменнага французскага мультфільма ў беларускай агучцы, аднак, вядома, значнасць гэтай падзеі выходзіць за межы інфармацыйнай нагоды. «Маленькі прынц» — гісторыя для любога часу, краіны і ўзросту, пераствораная больш чым на 300 мовах свету. Вядома, кніга, якая будзе чытацца і перачытвацца, павінна мець і адпаведныя паліграфічныя якасці: цвёрдая вокладка, шчыльная папера, арыгінальныя каляровыя ілюстрацыі аўтара. Такое рэдкае сёння чытацкае шчасце — проста чытаць, спасцігаючы напоўніцу мастацкі свет, не адчуваючы жадання нешта выправіць — цалкам характарызуе пераклад, ажыццёўлены слыннай беларускай паэткай на высокім прафесійным узроўні. Актуальнасць гэтага твора сёння ці не большая, чым у год першага выхаду ў свет, бо сучаснасць усё мацней аддаляе чалавека ад разумення сапраўднай вартасці чалавечых стасункаў, усведамлення адзіноты маленькага чалавечка ў бязлітаснай сістэме дарослых прыярытэтаў. На жаль, небяспека падпарадкавання жорскай іерархіі штучных каштоўнасцяў, агучаная вялікім майстрам, па-ранейшаму ходзіць за кожным з нас. Магчыма, дыялог з Маленькім прынцам, да якога далучыцца той, хто пачне чытаць-перачытваць кнігу сам-насам альбо ўголас разам з дзецьмі, хаця б на кароткі час суцішыць хвалі непаразумення паміж блізкімі людзьмі, дазволіць пачуць адно аднога па-сапраўднаму, а не ў межах распаўсюджанай сучаснай формулы ветлівасці.

Гісторыя пра Маленькага прынца, растыражаваная ў безлічы постмадэрнісцкіх (удалых і не вельмі) пераасэнсаваннях, у тым ліку і ў згаданым французскім мультфільме, заслугоўвае таго, каб быць перачытанай у арыгінальным змесце.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».