Вы тут

Работы — на сцэну! У дэкарацыях жыцця Міхаіла Блішча


Творы мастакоў з гадамі толькі набываюць вагу, а імёны творцаў, якія ўвайшлі ў гісторыю, прыцягваюць на выстаўку, калі значацца на афішы. У гісторыі беларускага мастацтва ёсць такое імя — Міхаіл Блішч. Імя, якое для многіх ужо загадка (мастак пайшоў у іншы свет у 1966 годзе), але яно можа стаць і адкрыццём для аматараў айчыннага мастацтва, якія наведаюць выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, прымеркаваную да 100-годдзя Міхаіла Блішча.


Ураджэнец вёскі Заспы Рэчыцкага павета Мінскай губерні, ён найбольш ярка рэалізаваўся ў элітным відзе творчасці, калі ствараў дэкарацыі да оперных і балетных спектакляў. Гэтае мастацтва прывабіла юнака настолькі, што амаль два дзесяцігоддзі ён працаваў у Дзяржаўным Вялікім тэатры оперы і балета БССР. Прыйшоў на працу ў якасці мастака-сцэнографа пасля заканчэння Віцебскага мастацкага вучылішча ў 1938 годзе. Ён ствараў дэкарацыі да опер «Алека» С. Рахманінава (1949), «Марынка» Р. Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» I. Марозава (1951), «Жызель» А. Адана (1953), «Лаўрэнсія» А. Крэйна (1955) (гэты спектакль быў адноўлены ў тэатры). Вялікаму тэатру мастак пакінуў насценную размалёўку «Дэман», створаную ў 1958 годзе.

Аднак заставаўся час і для ўласнай творчасці. Міхаіл Андрэевіч Блішч пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках з 1939 года. Быў час, калі з мастацтвам давялося расстацца: Міхаіл Блішч абараняў Радзіму на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Выжыў, вярнуўся дадому, да творчасці, да працы, у тым ліку ў тэатры. Яго сцэнаграфія была запатрабавана і на іншых сцэнах краіны. Ён аўтар дэкарацый да драматычных пастановак «Пупсовая кветачка» I. Карнавухавай і Л. Браўсевіча (1952, тэатр імя Я. Купалы), «Гады вандраванняў» А. А. Арбузава (1954, Гомельскі абласны драматычны тэатр). У яго быў уласны стыль: дэкарацыі атрымліваліся рамантычна-ўзнёслыя, паэтычныя, выразныя, таму і шматлікія творчыя калектывы краіны — харавыя і танцавальныя — прыцягвалі яго да супрацоўніцтва.

Тэатральны мастак — асаблівая прафесія. З аднаго боку, людзі могуць бачыць творы даволі часта: спектаклі ў афішы жывуць працяглы час, пакуль з імі не пазнаёміцца вялікая колькасць публікі. А з другога боку, сцэнографы, як правіла, падпарадкаваны рэжысёрскай задуме, да таго ж да іх менш увагі. Міхаіл Блішч быў запатрабаваным сцэнографам і плённым творцам, якога ведалі і любілі. У 1969 годзе, пасля яго сыходу, у Мінску прайшла выстаўка яго твораў. Да іх звярталіся і звяртаюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у калекцыі якога ёсць творы мастака. Знаходзяцца яны і ў фондзе Беларускага саюза мастакоў, музеях Расійскай Федэрацыі.

 На юбілейнай выстаўцы сёлета прадстаўлена больш за 50 твораў жывапісу, графічныя работы. Але складана ўявіць гэтага творцу без яго тэатральных работ, таму і частка яго жыцця як сцэнографа таксама раскрываецца. Для фарміравання выстаўкі далучаны экспанаты, якія знаходзяцца ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, у архіве Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Беларускага саюза мастакоў, з прыватнай калекцыі Людмілы Аляксандраўны Бабарыкінай і калекцыі сям’і мастака.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?