Вы тут

Як у сацыяльных сетках не стаць ахвярай махляроў?


Сябар пазнаецца ў бядзе — менавіта па гэтым прынцыпе дзейнічаюць шматлікія інтэрнэт-злачынцы. Апошнім часам зламыснікі звярнулі асаблівую ўвагу на беларускіх карыстальнікаў папулярнай сацсеткі «УКантакце». Яны ўзломваюць акаўнты і ад імя іх уладальнікаў рассылаюць віртуальным сябрам паведамленні з просьбай аб фінансавай дапамозе.


Людзі вядуцца на, здавалася б, прымітыўныя хітрыкі махляроў па некалькіх асноўных прычынах. Калі гаворка ідзе пра самых блізкіх, то мозг быццам бы адключаецца: адзінае жаданне — хутчэй выручыць чалавека, да якога ты неабыякавы, з бяды. Калі ж у падобную сітуацыю трапляюць проста знаёмыя, то спрацоўвае прынцып сораму: няёмка адмовіць чалавеку, тым больш гаворка ідзе не аб буйных сумах. Дарэчы, папрасіць могуць аб пераводзе невялікай сумы на карт-рахунак, электронны кашалёк, баланс мабільнага тэлефона, альбо спрабуюць даведацца рэквізіты банкаўскай аплатнай карты. Прычыны называюць розныя, але заўсёды прыстойныя і пераканаўчыя. Спасылаюцца, напрыклад, на раптоўнае блакаванне аплатнай карткі ці страту грошай і дакументаў падчас замежнай паездкі.

Толькі ў гэтым годзе зарэгістраваны ўжо 191 зварот з прычыны інтэрнэт-ашуканства, распачата 138 крымінальных спраў. Больш за ўсё такіх выпадкаў фіксуецца на Гродзеншчыне і ў сталіцы, найменшая іх колькасць — у Магілёўскай вобласці.

— Многія карыстальнікі, якія атрымалі падобныя пасланні, нават не дапускалі думкі, што з другога боку манітора знаходзіўся махляр, а не сапраўдны ўладальнік акаўнта, — расказаў часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі МУС Уладзімір ЗАЙЦАЎ. — Гісторыі зламыснікаў здаюцца настолькі праўдзівымі, што людзі, якія хочуць дапамагчы знаёмаму ў цяжкай сітуацыі, паслухмяна выконваюць любыя ўказанні, цалкам губляючы пільнасць.

Яшчэ менш падазрэнняў узнікала ў тых, каму зламыснікі пісалі са «ўзламаных» старонак віртуальных сяброў і прапаноўвалі паведаміць рэквізіты банкаўскіх картаў. Грамадзянам тлумачылі, што іх даныя неабходныя для пераводу сродкаў на аплату пакупак, мабільнай сувязі і іншых паслуг. Просьбіт запэўніваў, што ніяк не можа зрабіць усё гэта сам, бо знаходзіцца за мяжой або страціў доступ да свайго інтэрнэт-банкінгу.

Нядаўна ўступіў у законную сілу прысуд суда Ленінскага раёна г. Гродна ў дачыненні да жыхара Століна Брэсцкай вобласці, які менавіта такім чынам завалодаў 154 мільёнамі недэнамінаваных рублёў. Узломваць чужыя акаўнты 16-гадовы хлопец пачаў яшчэ ўвосень 2015 года. Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі больш за 300 эпізодаў яго злачыннай дзейнасці. У выніку хакер прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання.

— Каб не даць сябе падмануць, заўсёды варта пераправяраць інфармацыю падобнага роду, — раіць Уладзімір Зайцаў. — Перш чым пераводзіць грошы па просьбе знаёмага, высветліце, ці сам ён адпраўляў вам падазроныя паведамленні. Напрыклад, звяжыцеся з гэтым чалавекам па тэлефоне. Калі патэлефанаваць немагчыма, задайце яму некалькі кантрольных пытанняў, адказы на якія немагчыма атрымаць, вывучыўшы звесткі на вашай і яго старонках у сацыяльнай сетцы, а таксама з іншых адкрытых крыніц. Акрамя таго, ніколі і нікому не паведамляйце рэквізіты сваёй банкаўскай аплатнай карты. Не фатаграфуйце яе вонкавы і адваротны бок, не распаўсюджвайце гэтыя здымкі ў інтэрнэце.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Калі «сябар» аказваецца злачынцам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?