Вы тут

Для школьнікаў распрацуюць бяспечныя маршруты


У новым навучальным годзе ва ўсіх установах адукацыі з'явяцца спецыяльныя дакументы — пашпарты, якія будуць спрыяць папярэджанню дарожна-транспартнага траўматызму сярод непаўналетніх.


Пашпарт дарожнай бяспекі.

На стэндах і ў дзённіках

У пашпарце можна будзе знайсці інфармацыю аб месцазнаходжанні дзіцячага садка ці школы, колькасці навучэнцаў, часе пачатку і заканчэння заняткаў, наяўнасці куткоў і цэнтраў па бяспецы дарожнага руху, аўтагарадкоў або аўтапляцовак, кантакты замацаваных за ўстановай адукацыі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі і атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Тут жа будуць змешчаныя і не менш важныя даныя аб стане агароджы тэрыторыі, наяўнасці прылад, якія зачыняюцца, і шлагбаумаў, сваіх аўтобусаў, а таксама правілаў перавозкі ў іх дзяцей.

Найбольшае практычнае значэнне маюць схема арганізацыі дарожнага руху паблізу ўстановы адукацыі і схема маршрутаў бяспечнага перамяшчэння навучэнцаў «дом — установа адукацыі — дом». Буйнафарматныя схемы можна будзе знайсці на інфармацыйных стэндах. Як паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС Мінска Вікторыя ЦАРУК, у Кастрычніцкім раёне сталіцы таксама прынята рашэнне схему маршрутаў бяспечнага руху размясціць у дзённіках, што дасць магчымасць вучням і іх бацькам падрабязна іх вывучыць, а ў выпадку неабходнасці і пераправерыць на месцы. На схеме вылучаныя ўчасткі, дзе неабходна быць асабліва ўважлівымі.

Падрыхтоўка да бяспекі

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя па ўсёй краіне правяла абследаванне ўчасткаў дарог, якія прымыкаюць да ўстаноў адукацыі. Асаблівая ўвага была ўдзелена наяўнасці і стану дарожных знакаў, дарожнай разметкі, у тым ліку разметкі «Школа» і выявы на праезнай частцы дарожнага знака «Дзеці», арганізацыі пешаходнага доступу на тэрыторыю школ, які выключае магчымасць нечаканага выхаду дзяцей на праезную частку, наяўнасці агароджы тэрыторыі і шлагбаумаў, тратуараў і пешаходных дарожак паблізу ўстаноў адукацыі, вонкавага асвятлення па асноўных напрамках руху дзяцей-пешаходаў, а таксама ўладкаванню штучных няроўнасцяў.

Па выніках праведзеных абследаванняў выдадзена 738 прадпісанняў. У органы мясцовай улады накіравана 222 інфармацыйныя запіскі аб існуючых праблемных пытаннях. У асобных выпадках за наяўныя дэфекты і недахопы вулічна-дарожнай сеткі службовыя асобы дарожных і камунальных арганізацый прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Не пакінуты без увагі і арганізацыі, якія ажыццяўляюць падвоз вучняў да навучальных устаноў. Праводзяцца праверка тэхнічнага стану школьных аўтобусаў, абследаванне маршрутаў і інструктажы кіроўцаў па мерах засцярогі і асаблівасцях перавозак груп дзяцей.

Не забывайце ўключаць фары

Традыцыйна ў канцы лета праводзіцца комплекс мерапрыемстваў «Увага — дзеці!». Акцыя стартавала 25 жніўня, калі па ўсёй краіне прайшоў Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Бяспека дзяцей на дарозе — клопат дарослых!». Дарэчы, гэты слоган выбраны нездарма: у жніўні на дарогах трое дзяцей загінулі, 29 атрымалі калецтвы і ў 20 выпадках непаўналетнія пасажыры пацярпелі з-за таго, што бацькі перавозілі іх з парушэннямі.

Нагадваем, што па 5 верасня рух транспартных сродкаў у светлы час сутак павінен ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фар: для прыцягнення ўвагі ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, а перш за ўсё маленькіх пешаходаў да аўтамабіляў, якія набліжаюцца. У першыя дні заняткаў ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі будзе арганізаваны Тыдзень бяспекі дарожнага руху. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках, прысвечаных пачатку навучальнага года, правядуць з навучэнцамі класныя гадзіны. Запланаваны шэраг прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў. Конкурсы, віктарыны, кінавідэалекторыі і спартыўна-навучальныя заняткі закліканы нагадаць дзецям аб неабходнасці выканання правілаў бяспечных паводзін на дарозе.

Згодна са статыстыкай ДАІ, за 7 месяцаў бягучага года ў ДТЗ атрымалі траўмы 139 дзяцей, 8 загінулі. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць здарэнняў знізілася на траціну

Парады бацькам

  •  Загадзя вызначыце найбольш бяспечны шлях ад дома да школы. Некалькі разоў прайдзіце па ім з дзіцем. Нават калі школьніку маршрут ужо добра вядомы, не лішнім будзе абнавіць яго ў памяці пасля канікул з усімі ўказаннямі аб выкананні правілаў бяспекі.
  •  Першы час па магчымасці суправаджайце дзіця на шляху ў школу і з яе.
  •  Заахвочвайце да правільных паводзін на дарозе. Калі ў канкрэтнай дарожна-транспартнай сітуацыі дзіця павяло сябе правільна, абавязкова пахваліце яго. Гэта будзе добрым стымулам і ў далейшым выконваць правілы паводзін на дарозе.
  •  Заўсёды выходзьце з дому своечасова. Важна, каб дзіця дабіралася да школы без спешкі, спакойна праходзіла ўвесь шлях.
  •  Прагаворвайце з дзіцем розныя дарожныя сітуацыі. Напрыклад, якія магчымы нечаканасці і як на іх трэба рэагаваць.
  •  Прымацуйце на дзіцячую вопратку святлоадбівальныя элементы. Іх павінна быць дастаткова, каб дзіця было добра прыкметна іншым удзельнікам дарожнага руху з усіх бакоў.
  • Будзьце для дзіцяці прыкладам. Вы павінны правільна і бяспечна паводзіць сябе на дарозе, не пераходзіць яе на чырвонае святло, нават калі кудысьці спазняецеся. У адваротным выпадку ваша дзіця вырашыць, што ў парушэнні правілаў няма нічога дрэннага.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На дарогу — з пашпартам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?