Вы тут

«Пасля чаркі неяк Дзіму захацелася экстрыму...»


Што было — было, прычым так даўно, што гэтую гісторыю можна расказаць яшчэ раз. На Віцебшчыне ў адной сямейцы двое хлапцоў-падшыванцаў расло. Бацька ім матацыкл справіў за добрую вучобу, але не новы, відаць, бо хлопцы на ім не толькі па ваколіцах гойсалі, але і рамантавалі...


У той дзень разабралі рухавік, прамылі ўсе дэталі ў бензіне, сабралі назад і паехалі б катацца, але ж трэба было недзе бензін той дзець... Нічога лепшага не прыдумалі: занеслі яго ў прыбіральню, вылілі і пакацілі... У гэты час дадому бацька вярнуўся і перш чым пайсці ў хату, збочыў у маленькі домік за лазню — прысеў там, закурыў, кінуў запалку за спіну...

Выбух яшчэ той быў! Курца аж на дрэва закінула!.. Ззаду ўзнялося полымя... Добра, што ратавальнікі паблізу былі — умомант прымчаліся! Лазню патушылі, пацярпелага завезлі ў бальніцу. І ўжо там усе хворыя пайшлі яму спачуваць: маўляў, ты такое месца сабе падсмаліў, бедны... «Ды не, людцы добрыя, — пярэчыў ім дзядзька, — яне бедны, мне нават пашчасціла, можна сказаць! А бедным я быў бы, калі б... кручок на дзверы накінуў. Тады б галаву прыйшлося лячыць, а тое месца нідзе не дзенецца — хутка зажыве».

Так яно ці не так, могуць адказаць прафесійныя лекары. Усе ж астатнія — у прыватнасці, удзельнікі конкурсу на лепшы подпіс да здымка (гл. фота ўверсе) — хіба паразважаць: «А якой такой «выбуховай» хваляй на дрэва (на паказальніку напісана «Биотуалет») загнала хлапца? Што ён там робіць?

Адказы на гэтыя пытанні — самыя розныя. Спадар Іван Сіманёнак з Пастаў, у прыватнасці, піша:

Ці хацеў таго, ці не —

Настае хвілінка,

Што і цар не абміне

Пэўнае кабінкі.

А калі туды чарга?

Верхалаз мясцовы —

Чалавек-павук, Тарзан

Пойдзе па галовах!

Альбо па дрэвах, як слушна заўважае спадар Кісель з Мінска:

Сёмы ўказальнік

Хлопец сустракае!

Ён маленькі домік

З раніцы шукае,

А яго й з узвышша

Ўбачыць тут не выйшла!

Гора!

Пра яго ж — і спадарыні Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны ды Любоў Чыгрынава з Мінска:

Свята ішло, —

Каб лепш — не трэба!

Ды узнікла тут патрэба...

Самы б час яе спраўляць,

Ды сарціра — не відаць.

Заклапочаны дзяцюк

Па вяроўцы ўзлез на сук,

Адшукаў арыенцір:

«Шыльда» — ёсць.

А дзе ж сарцір?

Разам з героем здымка пытаецца пра гэта першая з жанчын. Не разумее і другая:

Камунгасаўскі начальнік

Прычапіў быў указальнік

І як быццам кагадзе...

Прыбіральня толькі дзе?

Трэба разумець, як у анекдоце: «Саша, паабяцай, што ажэнішся з Машай». — «Паабяцаць — магу, але жаніцца — не...» Вось і камунальнікам трэба было дзейнасць сваю паказаць, а потым...

Праблема, карацей, з гэтымі прыбіральнямі: яна даўно і ўсім аскому нагнала. Таму — «пункцірам» — некалькі прыкладаў. Выпуск навін: «Сёння нашы касманаўты, — расказвае дыктар, — ужо тройчы выходзілі ў адкрыты космас. І зноў з-за паломкі ўнітаза!». Дыялог у парку: «Скажыце, а дзе тут прыбіральня?» — «Азірніцеся! А дзе тут не прыбіральня?» Мужчына ў краме цыгарэты купіў, ад касы не адышоў, а ўжо смаліць... Прадавачкі яму: «Ды майце ж сумленне: тут не кураць!» Ён у адказ: «А чаму?.. Я ж у вас цыгарэты купляў...» — «Ну, у такім разе мы туалетную паперу вам не прададзім». Пра яе — аб'ява ў прыбіральні: «Калі ласка, карыстайцеся ёршыкам!» Унізе прыпіска: «А можна паперай? Бо ёршыкам дужа балюча».

І гэта было б смешна, як той казаў, калі б не было сумна.

А зрэшты, мы адхіліліся ад абранага курсу — варта вярнуцца назад, да пакінутага на дрэве хлопца, бо там, паводле спадара Віктара Сабалеўскага з Узды,

Турбазу сёння шум запоўніў:

Атрад шугае за атрадам.

Вось толькі...

Дзе б знайсці «шпакоўню»?

Казалі, ёсць —

за даляглядам...

І адшукаць яе, трэба разумець, — з «праважатым», пра якога піша спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў:

Узабраўся Ясь высока...

Ды каб меў яшчэ і бінокль,

Мо б убачыў, небарака,

Той дамок, дзе можна...

Ну, вы здагадаліся, бо сітуацыя, як ні круці, жыццёвая:

Фота выклаў нам Кляшчук,

І не на пацеху:

Шмат хто быў

як той хлапчук...

Шчыра: не да смеху, —

прызнаецца спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў.

Ён жа, дарэчы, прыгадвае, як аднойчы на вакзале мужчына ў прыбіральню ляцеў. «Дарогу, таварышы», — прасіўся здалёк. Патузаў ручку адной кабінкі — занятая; «Таварышы!» — патузаў ручку другой. Да трэцяй — з нецярпеннем: «Тава... Не... Не таварышы...»

І гэта ж — некалі даўно: тады яшчэ бясплатныя прыбіральні былі, не тое што цяпер, — заўважае спадар Валерый.

З таго ж канверта дыялог: «Я свой бізнес пачынаў з нуля», — хваліцца адзін з новых беларусаў. — «А я — з двух...» — «Гэта як?» — «Адкрыў платны туалет». І сапраўды — дзверы ў абсалютнай большасці вакзальных «дамкоў» цяпер пад «аховай» грозных цётачак: не заплаціш — не праскочыш. Адкуль:

Па кішэнях рынак б'е —

Прыбіральні платныя.

Калі грошай не стае,

Учынкі адэкватныя?

Ды ні ў якім разе, як лічыць спадарыня Раіса Васільева з Гомеля!

Туалет, як бачна, — злева...

Ясь — вісіць чамусьці справа?

Хто яго загнаў на дрэва,

Калі ўнізе робяць «справу»?

Для іх, вось гэтых спраў, асабліва падчас вялікіх свят (мае рацыю спадар Гаўрыш!), біятуалеты — разумнае выйсце:

Ну вось, прагрэс ужо і ў нас:

З'явіўся біяунітаз.

Як ёсць патрэба — дуй туды...

Ды толькі выйшла як заўжды:

Знайсці з ім прыбіральню —

Занятак экстрэмальны!

Мяркуючы па здымку, і сапраўды. Але ж асобныя чытачы (і тая ж спадарыня Раіса Васільева) бачаць не толькі тое, што ў кадры, але і тое, што за ім:

Янак раз пашуткаваў:

«Пад хмары»

«шыльду» ўмацаваў...

Не знайшоўшы туалета,

Гараваў і той, і гэты...

І ў адказ пажартавалі,

На дрэва Яначку загналі:

Пакутаў іншым

хай не зычыць,

Хай сам павые,

як прыспічыць.

...А зрэшты, што мы ўвесь час пра зямное, пра самае празаічнае? Час адарвацца ад яго, сігануць угору! Ну хоць бы з той жа спадарыняй Чыгрынавай, якая малюе цэлую карціну — не алеем, дык словам:

Пасля чаркі неяк Дзіму

Захацелася экстрыму.

На сасну — як бач, залез!

І, напэўна б, неяк злез,

Але знізу і цішком

Трасе жонка кулаком:

«Порткі вымажаш смалой —

Дык умыешся крывёй!»

Палохае, вядома ж! Хоць пры сённяшніх цэнах і портак шкада. А між тым іх можна захаваць чыстымі (і ад смалы таксама), калі, паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, да любога «ўзыходжання» рыхтавацца загадзя:

Не іначай — думаў Федзя

Ісці ў пушчу на мядзведзя...

Касалапых не відаць? —

Трэніруецца ўцякаць.

Прычым — не толькі ад звяр'я, на думку спадарыні Гудачковай,

Год даймала хлопца дума:

Дзе б падзецца мне ад тлуму,

Ад натоўпу, мітусні?

Мо на дрэве абжывуся?..

Прыбіральня? Абыдуся!

Абы толькі ў цішыні!

Для гараджан прага яе цалкам зразумелая:

Хочам быць бліжэй да неба,

Марым мы аб вышыні.

Ды штодзённыя патрэбы

Нас трымаюць на зямлі.

Грэх не згадзіцца са спадаром Мікалаем Старых з Гомеля! Як і з мінчанамі Астроўскімі:

Дваццаць першы век шалёны:

Не злічыць атракцыёнаў —

Для дарослых, для дзяцей...

Рызыкуйма!

Усё часцей:

Лезем к небу і у воды...

А вылазім... не заўсёды.

Таму перш чым «лезці», калі ласка, давайце падумаем. І папросім аб гэтым блізкіх: Бог, як вы помніце, сцеражэ сцеражонага.

...Што да папярэдняга здымка — на ім, нагадаем, былі два сімпатычныя дзядзькі на мосціку, абвешаным замка́мі (гл. «Звязда» ад 15 чэрвеня), — то, паводле вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра іх напісалі спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, Сафія Міцкевіч з Валожыншчыны і Войцік з Бабруйска, спадары Віктар Сабалеўскі з Узды, Мікола Кісель і сужэнцы Астроўскія з Мінска, Анатоль Кашэвіч з Лепельшчыны...

«Ды што там — малайцы ўсе!» — прыйшло да высновы маленькае рэдакцыйнае журы і самым удалым прызнала подпіс спадарыні Войцік («Вешай ты хоць сто замкоў, — Зводзяць дзеўкі мужыкоў!»). А таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» накіроўваецца ў Бабруйск.

Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Не пытанне, як той казаў: выпісвайце — на паўгоддзе, на квартал, на месяц (зрабіць гэта ніколі не позна), альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, прыдумвайце свае подпісы (можна некалькі, але не больш чым па восем радкоў) і дасылайце ў рэдакцыю. Шанц на перамогу ёсць у кожнага.

Замест пасляслоўя

Тэма прыбіральняў і праўда нагнала аскому. Але...

Да знаёмца неяк госця прыязджала — са Швецыі. Даўгавата была: разам хадзілі па тэатрах, музеях, ездзілі на экскурсіі па нашых гарадах, вёсках і нават вёсачках...

Адна з высноў, якую перад ад'ездам зрабіла шведка: «Вашы мужчыны зусім не любяць вашых жанчын» (У тых ад нечаканасці мову заняло!..), бо калі б любілі, — прадоўжыла госця, — то ніколі б не змусілі хадзіць па патрэбе туды, куды яны ходзяць».

Адкуль просьба да мужчын: калі ласачка, успомніце маленькія дамкі, у якія ходзяць вашы маці, жонка, дачушкі, паважаныя супрацоўніцы... Там нічога нельга змяніць — да лепшага? Дзякуй.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.