Вы тут

Як участак аўтатрасы становіцца запасным аэрадромам


Быццам прыцэльваючыся, пілоты самалёта-штурмавіка Су-25 пралятаюць усяго за некалькі сантыметраў над дарогай. З другой спробы, упэўніўшыся ў бяспечнай пасадцы, з бліскучай дакладнасцю зліваюцца з магістраллю Мінск—Магілёў...


Мінімум 250 кіламетраў у гадзіну хуткасці — і ніякіх прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі. І гэта яшчэ не рэкорд! Учора на невялікі ўчастак рэспубліканскай аўтатрасы прызямліліся яшчэ і ваенна-транспартны самалёт Ан-26, вучэбна-баявыя Як-130, закладвала вушы ад знішчальнікаў МіГ-29.

Пасадка авіяцыйнай тэхнікі на аўтамабільны ўчастак дарогі ва Узброеных Сілах адпрацоўваецца не ўпершыню. Першы падобны вопыт беларускія авіятары правялі дзесяцігоддзе таму. З таго часу з году ў год лётчыкі ўдасканальваюць сваё майстэрства, прычым ужо і ў начных умовах.

Падчас крайняй пасадкі, якая праводзілася ў межах сумеснага спецыяльнага вучэння з сіламі і сродкамі тылавога, тэхнічнага (матэрыяльна-тэхнічнага) забеспячэння Узброеных Сіл Беларусі і Расіі, у прыватнасці падчас аператыўна-тактычнага вучэння з авіяцыяй, «жалезных» птушак на асфальт садзілі маладыя лётчыкі. Усе яны падобны іспыт на прафесіяналізм выконвалі ўпершыню.

— Усяго дзве трэніроўкі, а таксама добрае надвор'е, якое нам спрыяла, дазволілі з лёгкасцю ажыццявіць пасадку на аэрадромны ўчастак дарогі, — прызнаецца намеснік камандзіра звяна вучэбна-баявых самалётаў Як-130 гвардыі капітан Андрэй БОДЗЮ, які пасадзіў ваенны борт з першага разу. — Дарога, праўда, крыху вузейшая, чым узлётна-пасадачная паласа, але ніякіх цяжкасцяў не ўзнікла.

Што ні кажы, а лётчыкі — народ сціплы. Шырыня дарогі, на якую ажыццяўлялася пасадка, у два, а то і ў тры разы меншая, чым узлётна-пасадачнай паласы на звычайным аэрадроме. Акрамя таго, прызямляліся лётчыкі, лічы, на вока — адсутнасць радыётэхнічных сродкаў і сродкаў навігацыі, якімі абсталяваны аэрадром, безумоўна, ускладніла ім задачу.

— Тое, што пасадка на аэрадромны ўчастак дарогі гэтымі пілотамі ажыццяўлялася ўпершыню, сведчыць аб тым, што ў нас ідзе планавая падрыхтоўка ўсіх лётчыкаў да выканання падобных задач, — падкрэсліў намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі — начальнік авіяцыі генерал-маёр Аляксандр КАРАЎ. — Падзеі ў Сірыі паказалі, што аэрадром — гэта адзін з першых аб'ектаў удару ў выпадку ваеннага канфлікту. Гэтае вучэнне дазваляе нам выканаць разгрупаванне авіяцыі, а таксама баявыя задачы ў тым выпадку, калі праціўнік захоча вывесці аэрадром са строю.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На дарозе — «жалезныя» птушкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?