Вы тут

Каля музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку будзе памятны знак


У Навагрудку, на ўваходзе ў «Сад справядлівасці і міласэрнасці», які знаходзіцца на тэрыторыі музея яўрэйскага супраціўлення, установяць памятны знак. На ім будзе фігура загінулай там дзяўчыны Міхле Сасноўскай, якая сімвалізуе ўсіх загінулых дзяцей. За ёй зробяць дрэва жыцця. На ім будуць бачныя зламаныя галінкі — гэта загубленыя жыцці. Эскіз помніка распрацаваны дзякуючы фінансаванню мясцовага жыхара Сяргея Коваля.


Міхле Сасноўскай было 12 гадоў, калі яна трапіла ў гета. Удалося ўцячы, але затым яе арыштавалі і закатавалі.

Як расказвае загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля ЖЫШКО, яшчэ ў 1990-я гады ў Навагрудак прыязджаў Джэк Каган, адзін з былых вязняў гета. На яго вельмі моцнае ўражанне зрабіў горад, дзе ён перажыў шмат цяжкасцяў, — і ён нават не змог тут доўга знаходзіцца.

— У першыя дні вайны, у будынак былога ваяводскага суда, які знаходзіцца на вуліцы Мінскай, 64, сагналі больш як 6000 чалавек, — расказвае Наталля Жышко. — Іх цэлы дзень трымалі на вуліцы, а пасля пусцілі ў гэта памяшканне. Людзей раздзялілі на дзве часткі: трэба было назваць прафесію і колькасць дзяцей. Хоць Каган кажа, што насамрэч гэта было не галоўным. Проста трэба было ўсіх размеркаваць. Адных адразу вывезлі і расстралялі. А другіх пакінулі ў гета, адправілі на работы. Умовы там былі надзвычай цяжкія.

Спачатку ў Навагрудку дзейнічала два гета. А затым, пасля масавых расстрэлаў, засталося адно. Яно было абнесена высокім плотам, за людзьмі пільнавалі. Натуральна, найбольш цярпелі дзеці і жанчыны.

На адкрыццё музея, а таксама і цяпер прыязджаюць тыя, хто быў у гета або іх нашчадкі з усяго свету — з Ізраіля, з ЗША і з іншых краін. Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку досыць наведвальны, уключаны многімі фірмамі ў турыстычныя маршруты.

У гэтым горадзе адбылі адны з паспяховых уцёкаў яўрэяў. Вязні, якія заставаліся ў гета, пачалі капаць тунэль, вывозілі з яго зямлю, трамбавалі яе, хавалі дзесьці. А затым уцяклі. На тым месцы, дзе яны зрабілі выхад з гета, пасаджаны сад, добраўпарадкавана тэрыторыя, плануецца пабудаваць «сцяну памяці». Там будзе расказвацца пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і, канкрэтна, пра трагедыю яўрэйскага народа на Навагрудчыне.

— І мы кажам пра тое, што музей яўрэйскага супраціўлення — гэта не музей смерці. Так, там загінула шмат людзей. Але некаторыя, на шчасце, дзякуючы падтрымцы мясцовага насельніцтва засталіся ў жывых, — адзначае спадарыня Наталля. — Мы разумеем, што людзі, якія падтрымлівалі яўрэяў, рызыкавалі і сваім жыццём, і жыццём сваёй сям'і. Дзякуючы мясцовым жыхарам, дзякуючы партызанскаму атраду Бельскіх на Навагрудчыне самая вялікая колькасць яўрэяў, што ацалелі. Калі ў суседніх краінах, напрыклад у Літве гэта 1%, у Польшчы 2—3%, то на Навагрудчыне гэта 10% (ад агульнай колькасці тых, што пражывалі да вайны). А па Беларусі гэта лічба складае дзесьці 5%.

Памятны знак ужо атрымаў зацвярджэнне мастацка-экспертнага савета ў Гродне. Цяпер над выявай працуюць скульптары і архітэктары. Адкрыццё, папярэдне, запланавана на 26 верасня.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Навагрудскі раён

Загаловак у газеце: Зламаныя галінкі — гэта загубленыя жыцці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.