Вы тут

Сіла роду. І слабасць забыцця


Ведаеце што. Маладое пакаленне рызыкуе застацца без сямейнага фотаальбома. Чаму? Ды так павялося, што чым больш здымкаў ствараецца ў нашу лічбавую эру, тым менш іх асядае на паперы... Ці не захоўваецца зусім. Кілабайты, мегабайты, гігабайты віртуальнай памяці запаўняюцца. Ды толькі сямейны альбом застаецца пустым.


Неяк чула ад аднаго знаўцы, што, каб не згубіць здымкі (якія знаходзяцца ў памяці камп'ютара), трэба загрузіць іх у сеціва. А там ты іх абавязкова знойдзеш, калі будзе патрэбна. У нечым гэта праўдзіва: на камп'ютары ці на флэшцы можна выдаліць пэўную папку, будучы ўпэўненым, што яна захоўваецца дзесьці яшчэ. І толькі пасля высвятляецца, што і ў іншым месцы здымкі сцёртыя, калі там наводзіўся парадак... А ў сеціве фотавыявы, калі яны табе падабаюцца, нібы жывуць вечна. Ды толькі ідуць дні, месяцы, гады — жаданы кадр далей і далей хаваецца ў віртуальную прастору. І знайсці яго робіцца ўсё складаней: гартаць стужку даводзіцца даўжэй. А што, калі старонку атакуе вірус?.. Згубіш не толькі фрэндаў, але і ўсе свае «разумныя допісы», і, натуральна, фотаздымкі. Шкада будзе, ох як шкада.

Бабуля неяк пыталася, ці ёсць у мяне прыгожыя здымкі ў такім, маладым узросце? Каб праз шмат гадоў імі любавацца. Я адказала, што здымкаў вельмі шмат. Бабуля супакоілася. Затое я наадварот, пачала крышачку хвалявацца. Бо ўсе яны знаходзяцца дзесьці ў розных папках і профілях. А раздрукаваных — лічаныя адзінкі!

На шчасце, на адным з вяселляў сваякоў быў фатограф, які асобна здымаў усіх гасцей. А пасля прапаноўваў ім здымкі за дадатковыя грошы, у раздрукаваным выглядзе. Памятаю, я крыху абуралася яго паводзінамі — маўляў, і так нямала атрымае за вясельную здымку ад маладых, а тут яшчэ хоча падзарабіць! Набыць тры свае карткі памерамі 15х21 ён мяне ледзь угаварыў. І... з прыгожай прычоскай, у святочнай сукенцы, з усмешкай на твары і добрым настроем, я дагэтуль вельмі люблю сябе на тых здымках. Яны доўга віселі ў маім пакоі ў рамачках і выклікалі захапленне гасцей. Адзін з тых здымкаў, зроблены ў стылі рэтра, адсканаваны, упрыгожваў не адну маю публікацыю вершаў у часопісах. Папера — надзейная. Рукапісы не гараць — аднак і папяровыя здымкі, як бачна, жывуць нашмат даўжэй за сваіх віртуальных суродзічаў.

У дзяцінстве, прыязджаючы ў вёску, я любіла гартаць старыя сямейныя фотаальбомы. Разглядваеш твары сваякоў. Часам памыляешся, адгадваючы, дзе маленькая мама, а дзе яе брат. Пра некаторых людзей на картках даводзіцца распытваць — хто гэта?.. Так даведваешся, як выглядалі родзічы. Прыкмячаеш для сябе некаторыя дэталі. Цікава глядзець на карткі, зробленыя ў квітнеючым садзе, побач з пуняй, якой ужо даўно няма і якой я ніколі не бачыла, хоць з маленства часта бывала ў тым двары. Праз старыя здымкі лепей разумееш сям'ю, больш яскрава адчуваеш тую неразрыўную нітачку, што вас яднае.

З такім жа імпэтам мы разглядвалі хіба што старыя вінілавыя пласцінкі, якія ляжалі там жа, дзе і альбомы — наверсе вялікай «новай» шафы. Прыемна было іх нават кранаць, не тое што слухаць. На старым прайгравальніку, які і без таго «хрыпеў», гучаў нізкі голас Уладзіміра Высоцкага. Часам ажывалі і пачыналі з намі размаўляць «Бітлы», Людміла Зыкіна, некаторыя класічныя кампазітары ахвотна дзяліліся прыдуманым.

Аднойчы, цёплым летнім вечарам, мы выйшлі ў поле, якое вядзе да смеццевых ям. Запускалі старыя пласцінкі ў паветра. І яны ляцелі, як круглыя чорныя лятальныя апараты (бы ў папулярнай сёння гульні фрысбі). Падымалі з крыху пажоўклай травы пласцінкі і зноў запускалі іх у бок сонца, гледзячы на залатыя промні, што роўнымі празрыстымі хвалямі запаўнялі вечаровую прастору. Было прыгожа. Весела. І так да самых смеццевых ям.

Наўрад ці мы б самі, дзеці, даўмеліся выкідаць нешта з дому. Хутчэй дарослыя вырашылі, што трэба крыху падчысціць «хлам» і загадалі малым выкінуць вінілавыя пласцінкі. Добра, што альбомы засталіся некранутыя! Частка пласцінак яшчэ ляжала на шафе. Бабуля кажа, што неяк прыходзіў адзін чалавек, заўважыў іх, папрасіў аддаць. Яна згадзілася. Так мы засталіся зусім без пласцінак — нібы без знаёмых галасоў у роднай хаце. А прайгравальнік стаіць і па сённяшні дзень. Маўчыць. Сумуе.

Нешта падобнае адбываецца з нашай памяццю. Некаторыя рэчы падаюцца няважнымі, нязначнымі. Мы часам блытаемся, думаем, што гэта хлам, выкідаем. Не лічым патрэбным пакласці ў бяспечнае месца.

Памяць пра мінулае сыходзіць са старэйшымі членамі сям'і, калі яны накіроўваюцца ў вечнасць, не пакінуўшы ўспамінаў. І ўжо не пазнаць твараў на старых фотаздымках. Бадай ніколі... Хіба што выпадак дапаможа. Неяк я па пільнай справе трапіла да стрыечнай бабулі ў Мінску, у якой ніколі не была дагэтуль. Селі кавы папіць, разгаварыліся... Я пачала распытваць пра сям'ю яе роднай сястры (маёй бабулі па бацькавай лініі, што ўжо памерла). Так шмат новага даведалася! І тое, што ў прадзеда было прозвішча Багушэвіч, і што вучыўся ён у духоўнай семінарыі, і скончыў яе на выдатна. І што сама бабуля хацела развесціся з дзедам, але не зрабіла гэтага... Мяне чамусьці напалохала сама думка пра тое, што блізкія людзі маглі развесціся.

Псіхолагі кажуць, што, калі ты даведваешся пра моцныя рысы сваіх продкаў, ты і сам робішся мацнейшым. Напрыклад ведаеш, што твая бабуля ўмее адначасова рабіць пяць спраў і ўсё паспявае пры гэтым — разумееш, што і табе пад сілу «разруліць» шмат чаго адразу. Бо твайму роду гэта не цяжка! Ці чуеш, што дзед усё жыццё марыў стаць артыстам, ды так і не здзейсніў задуманага... Пачынаеш разумець, адкуль у цябе схільнасць да публічных выступленняў. І больш не саромеешся гэтага. Хутчэй наадварот, адчуваеш сябе пакліканым выкарыстаць патэнцыял, які мае сям'я. Моцныя рысы сямейнікаў — гэта рэсурс, які варта выкарыстоўваць! Толькі трэба ведаць пра яго.

Мой тата не любіць пазіраваць на фотаздымках, якія я раблю, бо іх вельмі рэдка раздрукоўваюць. Фотавыявы так і застаюцца ў пэўным сэнсе недасяжнымі, нават неіснуючымі. Колькі разоў я сабе нагадвала, што пара пайсці і зрабіць сямейны альбом. Рэальны, папяровы — выбраць нешта з тых гігабайтаў картачак, што захоўваюцца ў электронным выглядзе. Камп'ютар можа аднойчы зламацца ці яго прададуць — у спешцы многае не захаваецца. А папяровы сямейны альбом ні я, ні нашчадкі не выкінуць. Рука не падымецца...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Каментары

Як трапна! Я, пакуль не пачаў цікавіцца сваімі каранямі, таксама не часта ўспамінаў пра альбомы з фатаграфіямі - бо ўсё ж ужо ў кампах, куды там яшчэ што друкаваць. Але як пайшоў па сваяках, як пачаў праглядаць альбомы малазнаёмых на той момант бабуль і цётак, то заўважыў, як мала часам застаецца пасьля нас: картка, дзьве і ўсё, і больш нічога і ня сьведчыць пра тое, што хтосьці там некалі жыў. Таму і надрукаваў шмат сучасных здымкаў сваёй сям'і і яшчэ перазьняў тыя старыя фатаграфіі. Выдатныя альбомы атрымаліся.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.