Вы тут

Аўгустоўскі канал стаў не толькі культурнай, а і спартыўнай пляцоўкай


Такога масавага свята на шлюзе Дамброўка не прыпомняць, хоць традыцыйны фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» прайшоў тут 17-ы раз. Рэч у тым, што сёлета беларуска-польска-літоўскае свята праходзіла ў новым фармаце з шырокім прадстаўніцтвам. Упершыню сюды з'ехаліся чыноўнікі, міністры і прадстаўнікі многіх дыпламатычных місій, якія прынялі ўдзел не толькі ў культурнай, але і спартыўнай праграме.


Шлюз Дамброўка нечым нагадваў невялічкі, але яскравы гарадок з маляўнічымі вуліцамі-падворкамі. Іх «засялілі» прадстаўнікі ўсіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Як Аўгустоўскі канал злучыў тры краіны — Беларусь, Польшчу і Літву, так і фестываль аб'яднаў культуру народаў, што тут жывуць.

Кожны прывёз нешта адметнае, старажытнае. Так, многіх жанчын зацікавілі стравы, якія прыгатавалі лідскія гаспадыні. Марыя Кужыновіч расказала, што гатуе «галкі» па рэцэпце дачкі пана Грыфіноўскага, якую яна ведала асабіста. Дык вось, аказалася, што гэтыя польскія «галкі» вельмі падобныя на літоўскія цэпеліны, толькі іх не вараць у вадзе, а абсмажваюць на сале. Дагэтуль карыстаюцца лідчане і рэцэптам пана Дамбавецкага, які вельмі любіў «кулькі бердаўскія». Выпякаюцца тонкія бліны, на якія кладзецца тушанае з цыбуляй мяса, збіраецца блін у мяшочак і звязваецца сцяблом кропа альбо цыбулі.

Усяго на фестываль з'ехалася каля 60 музычных калектываў. Дарэчы, палякі перанялі гэта свята ў беларусаў і вось ужо чацвёрты раз праводзяць яго ў горадзе Аўгустове. Якраз на мінулым тыдні ў ім прынялі удзел і калектывы Гродзеншчыны. Зараз палякі прыехалі на беларускі бок канала, каб свае песні паспяваць, а таксама «дранікаў і каўбасак пакаштаваць». Група польскіх турыстаў з Беластока засталася задаволеная беларускім квасам. Дарэчы, і акрамя стравы тут было з чаго падзівіцца.

Навагрудскі падворак сустрэў стракатымі коўдрамі, якія зроблены ў тэхніцы «пэчворк». Вырабы, што раней ствараліся са шматкоў тканіны, бо цяжка было набыць цэлае палатно, зараз сталі сапраўдным мастацтвам. Метадыст Вольга Юшкевіч расказала, што на майстар- класы прыходзяць як дарослыя, так і дзеці. За вырабы майстрыхі прасілі ад 50 да 100 рублёў.

Пакуль на адным беразе канала спявалі і танцавалі, на другім рыхтаваліся да велапрабегу, які праходзіў у рамках акцыі Bіke4SDGs, арганізаванай у падтрымку Мэт устойлівага развіцця ААН. На стартавай пляцоўцы сабралася каля 400 аматараў веларуху, у тым ліку прадстаўнікі дыпламатычных місій, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Праехаць трасу працягласцю 18 км мог любы ахвотны. Сюды было прывезена некалькі сотняў веласіпедаў, нават з запасам.

Галоўнай асаблівасцю велапрабегу стаў яго інклюзіўны кірунак. Гэта прыклад таго, як людзі з абмежаванымі магчымасцямі прымаюць удзел у агульных мерапрыемствах.

Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха адзначыў важнасць інклюзіўных акцый:

— Я лічу, што Беларусь многага дасягнула пасля таго, як падпісала Канвенцыю правоў людзей з інваліднасцю. Мы праводзілі ў мінулым годзе вялікую кампанію «Інклюзіўная Беларусь». Многае яшчэ трэба вырашыць. Напрыклад, збудаваць новую інфраструктуру, а тую, што ёсць, рабіць безбар'ернай, ствараць для інвалідаў працоўныя месцы і адукацыйныя праграмы. Гэта не толькі праблемы Беларусі, але і іншых краін. Цяпер мы сумесна з Міністэрствам юстыцыі распрацоўваем вялікую праграму на тэму інклюзіўнасці.

Многія ўдзельнікі велапрабегу пасля дыстанцыі пераселі на байдаркі. Для іх быў арганізаваны маршрут працягласцю 6 км.

Азартнымі аказаліся забавы і гульні. Каманды спаборнічалі па пераносе вёдраў на каромыслах, бегу ў мяшках, насілі бульбу ў гаршках з завязанымі вачыма і біліся мяшкамі над басейнам з вадой. А на другім беражку жанчыны ў народных касцюмах вучылі побытавым танцам, песням і запрашалі ў дружны карагод. Добры настрой удзельнікаў перадаваўся ўсім прысутным.

На думку міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, такія масавыя мерапрыемствы важна накіраваць на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, прыцягваць да іх як мага больш удзельнікаў, у тым ліку моладзь. Аўгустоўскі канал — гэта добрая турыстычная пляцоўка не толькі для Гродзенскага рэгіёна, а і для ўсяе краіны, падкрэсліў міністр.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Фота Віталя ДЗЯРНЕЙКІ

Загаловак у газеце: Паслухалі канцэрт і селі на веласіпед

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?