Вы тут

Змей больш не становіцца


У жніўні ў раёне Каменнай Горкі адна гадзюка ўкусіла дзіця, у гэтым жа месяцы іншая запаўзла ў пліту адной з мінскіх кватэр. Такая актыўнасць змей вельмі ўсхвалявала беларусаў. Але спецыялісты запэўніваюць, што турбавацца не трэба — у нашай краіне змей больш не стала!


Гадзюка — адзіная ў Беларусі змяя, укус якой атрутны, але не смяротны для дарослага чалавека. Аднак на дзяцей, алергікаў, цяжарных і людзей з якімі-небудзь захворваннямі ён можа дзейнічаць па-рознаму. Таму ў любым выпадку лепш адразу звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Да прыезду хуткай неабходна піць больш вады, менш варушыцца, паколькі пры лішніх рухах яд можа распаўсюдзіцца па ўсім целе і, па магчымасці, прыняць антыгістамінны сродак (напрыклад, супрасцін). Выдаляць яд самастойна можна толькі на працягу першых пяці хвілін пасля ўкусу. Для гэтага трэба падоўжна разрэзаць ранку, націснуць на яе пальцамі і выціснуць яд. Вядома, лепш гэта даверыць напарніку.

Гадзюкі, як правіла, жывуць на ўзлеску і каля вадаёмаў, у адкрытых мясцовасцях яны сустракаюцца рэдка. Таму знаёмства са змеямі можна пазбегнуць, калі не наведваць іх аблюбаваныя месцы.

Калі вы ўсё ж такі сабраліся ў грыбы ці ягады, то прытрымлівайцеся шэрагу нескладаных правілаў. Па-першае, абувайце высокія боты (не ніжэй за 30—40 см), яны могуць быць неабавязкова кірзавымі, дастаткова звычайных гумавых. Па-другое, аглядайце той участак, куды збіраецеся нахіліцца або прысесці. Па-трэцяе, пазбягайце плаўных рухаў. Звычайна змеі чуюць шум і разбягаюцца.

— Гадзюкі ніколі не нападаюць першымі. І кусаюць яны толькі калі чалавек па неасцярожнасці або няўважлівасці дакранаецца да іх, — лічыць вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Сяргей ДРАБЯНКОЎ. — Пры сустрэчы са змяёй не трэба панікаваць і, тым больш, спрабаваць яе забіць. Лепш паназіраць ці проста прайсці міма.

Па словах Сяргея Драбянкова, на гадзюк часта скардзяцца дачнікі. Але нават калі змяя запаўзла на ваш участак — забіваць яе не варта. Заўсёды можна звярнуцца да спецыялістаў ці акуратна вынесці змяю з двара самастойна.

— У Беларусі каля паўмільёна гадзюк і больш іх не становіцца! — сказаў спецыяліст. — Змеі — гэта важная частка экасістэмы. Яны ядуць пацукоў і мышэй, якія шкодзяць на палях і агародах. Нельга забываць, што гадзюкі з'яўляюцца сыравінай для вытворчасці лекавых мазяў.

Змеі рэдка з'яўляюцца на дагледжаных участках. Таму трэба сачыць за газонам, не ствараць звалак, таксама, пажадана, абгарадзіць свой двор невялікім плотам.

Як расказалі ў Мінпрыроды, акрамя гадзюкі на тэрыторыі Беларусі водзіцца яшчэ два віды змей. З іх вуж — самы мірны. Ён заўсёды імкнецца ўцячы ад чалавека. Мядзянка занесена ў Чырвоную кнігу. Сустракаецца яна вельмі рэдка. Часцей за ўсё яе блытаюць з бурым вужом або яшчаркай-вераценніцай.

Адрозніць змей адну ад адной не складана. Цёмна-шэрая скура гадзюкі пакрыта зігзагападобным узорам. Мядзянка мае карычневы колер, а вуж — шэры з жоўтымі плямамі па баках.

Па народных павер'ях, змеі знаходзяцца на зямлі да Узвіжання, якое адзначаецца 27 верасня. У гэты дзень гадзюкі збіраюцца ў адно месца, каб паўзці на зіму  «ў вырай». Таму ў народзе існавала строгая забарона хадзіць у лес 27 верасня: «У гэты дзень няможна ісці ў лес у грыбы і ягады: змеі, калі збяруцца, заўважыўшы чалавека, пойдуць за ім з лесу і зноў надоўга распаўзуцца па акрузе, каб шкодзіць людзям за парушэнне спакою».

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.