Вы тут

Рыбаловы-аматары не будуць плаціць за сваё хобі


Вясна гэтага года запомніцца як перыяд вострай барацьбы актывістаў-эколагаў і рыбаловаў-аматараў супраць арэнды рэк. Асаблівую актыўнасць праявілі жыхары Гомельскай вобласці, пра што падрабязна пісала «Звязда». Зацікаўленыя ведамствы аператыўна ўнеслі свае прапановы па вырашэнні канфлікту. У прыватнасці, новаўвядзенні ініцыявалі спецыялісты Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян, якія сведчылі аб нарастанні сацыяльнага напружання. Указ №247, у адпаведнасці з якім арэнда рэк забароненая, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 11 ліпеня. Мы папрасілі пракаментаваць навацыі прадстаўнікоў профільных ведамстваў і актывіста-эколага.


Прывесці ў адпаведнасць

Указ уступае ў сілу з 14 студзеня, а да таго часу аблвыканкамы абавязаны прывесці ў адпаведнасць з яго патрабаваннямі дзеючыя дагаворы арэнды вадацёкаў. Як гэта будзе рэалізавана на практыцы, расказала Вольга Барэйша, галоўны спецыяліст аддзела рыбалоўнай гаспадаркі і індустрыяльнага рыбаводства дзяржаўнага аб'яднання «Белвадгас»:

— Дзеючыя дамовы арэнды вадаёмаў будуць сапраўдныя да тэрміну іх заканчэння. Што датычыцца дамоваў аб арэндзе рэк, то ў іх неабходна ўнесці змены і выключыць платнаеаматарскае рыбалоўства з 14 студзеня 2018 года. Прамысловая лоўля рыбы дзеючым арандатарам рэк будзе дазволена да  заканчэння тэрміну дзеяння дамоваў. Гэта значыць, з часам мы прыйдзем да таго, што рэкі будуць свабодныя ад арандатараў. Адносна арэнды вадаёмаў, то пралангаваць дзеючы дагавор альбо заключыць новы можна будзе толькі па ўзгадненні з Прэзідэнтам.

Таццяна Цітова, начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем аб'ектаў жывёльнага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце дапаўняе:

— Дзеянне ўказа не закране тых участкаў рэк, што былі перададзены ў бязвыплатнае карыстанне, а не ў арэнду, — гэта некаторыя рэкі на тэрыторыі нашых нацпаркаў, там платнае аматарскае рыбалоўства захаваецца.

Яшчэ на адзін аспект указа звярнула ўвагу Таццяна Цітова: ураду даручана распрацаваць комплексную схему размяшчэння сажалак і абваднення кар'ераў, прыдатных для рыбаводства, на падставе якой надалей гэтыя водныя аб'екты будуць здавацца ў арэнду для гадоўлі таварнай рыбы.

— Гэта дазволіць пазбегнуць сітуацый, калі арандатарам для прамысловай лоўлі перадаваліся прадукцыйныя рыбалоўныя ўгоддзі, якія карысталіся папулярнасцю ў рыбаловаў-аматараў, — рэзюмавала спецыяліст.

Хто будзе зарыбляць рэкі?

Тыя, хто выступаў за арэнду рэк, аргументавалі сваю пазіцыю тым, што арандатары займаюцца зарыбленнем рэк. Між тым Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства абавязак па зарыбленні рыбалоўных угоддзяў фонду запасу ўскладзены на аблвыканкамы.

Аднак, па словах Вольгі Барэйшы, за апошнія гады абласныя выканаўчыя камітэты не выдаткоўвалі сродкаў на зарыбленне. Склалася такая практыка, што зарыбленнем займаюцца ў прапорцыі 50 на 50 арандатары і Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Зарыбленне — даволі няпростая справа, бо патрабуе пэўных выдаткаў і выканання шэрагу працэдур. Зарыбленне ажыццяўляецца на падставе рыбаводна-біялагічнага абгрунтавання або абгрунтавання на зарыбленне, якія прайшлі дзяржаўную экалагічную экспертызу.

— Часам абывацель думае, што зарыбляюць вадаёмы і рэкі наяўным матэрыялам, на самай справе ўсё рэгламентуецца: віды рыб, тэрміны для кожнага канкрэтнага вадаёма. Сама працэдура зарыблення праходзіць у прысутнасці камісіі ў складзе прадстаўнікоў Мінпрыроды, Мінсельгасхарча і Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і складаецца акт зарыблення, які зацвярджаецца Мінсельгасхарчам, — растлумачыла Вольга Барэйша.

Прамысловая лоўля ці браканьерства?

Каардынатар «Зялёнага дазору» па Мазыры Павел Наздра быў адным з ініцыятараў звароту ў дзяржаўныя органы з мэтай дамагчыся адмены арэнды рэк.

— Рыбаловы-аматары рады, што Указам №247 адменена платная рыбалка. Безумоўна, мы пазітыўна ацэньваем той факт, што ўлада прыслухалася да меркаванняў эколагаў і пачула голас рыбаловаў, — кажа актывіст.

Тым не менш у эколагаў ёсць асцярогі. «Арандатары будуць карыстацца дазволам на прамысловую лоўлю рыбы, а па факце займацца браканьерствам», — мяркуе Павел Наздра.

Каб гэтага не адбылося, неабходна ўзмацненне кантролю з боку Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, органаў мясцовай улады і грамадскасці. З пачатку года супрацоўнікі Дзяржінспекцыі выявілі нямала нядбайных арандатараў. На думку Паўла Наздры, вельмі цяжка, практычна немагчыма праверыць, колькі вылавілі рыбы, бо «каля кожнай брыгады дзяржінспектара не паставіш». Каардынатар «Зялёнага дазору» задаецца заканамерным пытаннем: чаму на прылаўках крамаў мала беларускай рачной рыбы.

— Мяркую, рыба рэалізуецца на «шэрым» рынку, падаткі ад яе продажу не паступаюць у бюджэт, — гаворыць Павел. У сувязі з гэтым, пытанне: якім чынам зацвярджалі дагаворы арандатарам, калі тыя загадзя ведалі, што не змогуць выканаць умову аб пастаўцы рыбы ў гандлёвыя сеткі. Гэта значыць, перад зацвярджэннем дагавора арандатары павінны былі мець дагаворы аб рэалізацыі рыбы.

Адным словам, прыйдзецца не толькі прыводзіць дагаворы ў адпаведнасць з патрабаваннямі Указа №247, але і сачыць за тым, каб арандатары выконвалі ўзятыя на сябе абавязацельствы. Дарэчы, сярод іншых прапісана і добраўпарадкаванне берагавой лініі. Аднак не кожны арандатар траціць на гэта час і сродкі. Адпаведна, выкананне ўсіх дамоў неабходна кантраляваць як органам улады, так і грамадскасці, а таксама агульнымі намаганнямі весці работу з насельніцтвам з мэтай павышэння экалагічнай культуры.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Рэкі без арэнды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?