Вы тут

Як у Беларусі змагаюцца з караедным усыханнем сасны


Апошнім часам усе позіркі спецыялістаў лясной аховы звернуты на паўднёвыя рэгіёны краіны: Брэсцкую, Гомельскую вобласці, часткі Мінскай і Магілёўскай абласцей. Менавіта там актыўна размнажаюцца жукі-караеды і знішчаюць сасну — адну з галоўных лясных культур Беларусі. Каб спыніць нашэсце, якое захапіла 14,9 тысячы га лесу, разам працуюць як мясцовыя, так і паўночныя, вольныя ад ствалавых шкоднікаў, лясгасы.


Маленькі жук — вялікая пагроза

На дзялянцы Ямінскага лясніцтва Любанскага лясгаса, куды мы прыехалі разам са спецыялістамі лясной аховы, бачныя сляды ад вогнішчаў. Па словах галоўнага ляснічага ДЛГУ «Любанскі лясгас» Валерыя Сухната, некалькі тыдняў таму тут працавалі прадстаўнікі Барысаўскага лясгаса. Яны выдалілі пашкоджаныя караедам дрэвы і спалілі рэшткі. На сёння такія мерапрыемствы — пакуль адзіны спосаб змагацца са шкоднікам.

Але наша мэта — не знаёмства з ачышчанай лесасекай, а... пошук дрэў, на якіх ужо паспеў пасяліцца вораг лесу, а драўніна пакуль не высахла. Галоўны ляснічы і інжынер-лесапатолаг Івацэвіцкага лясгаса Валерыя Зіновік уважліва ўзіраюцца ў верхавіны соснаў.

— Характэрныя прыкметы мадэльнага дрэва: больш светлая ігліца, адсутнічае сёлетні прырост. Такая расліна паступова страчвае сваю біялагічную ўстойлівасць і становіцца больш уразлівай для хвароб і шкоднікаў, — расказвае Валерыя Зіновік.

Сасна з падобнымі асаблівасцямі знаходзіцца даволі хутка. Яна і трапляе «пад нож». Пад карой бліжэй да вяршыні лесапатолаг заўважае смалістую пляму — тут вяршынны караед паспрабаваў пранікнуць у сасну, але атрымаў адпор. Дрэва выдзеліла дастатковую колькасць смалы і не дазволіла яму засяліцца.

— Але пры вялікай колькасці караедаў нават здаровае дрэва можа быць пашкоджана, — адзначае загадчык кафедры лесааховы і драўніназнаўства БДТУ Вячаслаў Звягінцаў. — Насякомыя паводзяць сябе як камікадзэ — гінучы пад смалой, яны адначасова аслабляюць сасну перад атакамі новых жукоў.

Вяршынны караед звычайна пасяляецца ў тонкай кары невялікіх галінак сасны, затым пераходзіць на крону і паступова спускаецца бліжэй да зямлі. Таму гэтага шкодніка складана знайсці, у адрозненне ад яго сабрата шасцізубатага караеда (стэнографа), што жыве ў ніжняй частцы дрэва. Размножыўшыся, вяршынны караед — невялікі жучок даўжынёй усяго каля 3 мм — стаў сапраўдным бедствам для краіны, якое нават называюць біялагічным пажарам.

Чаму ж «разгарэўся» гэты пажар? Навукоўцы і спецыялісты лясной гаспадаркі ўпэўнены — штуршком да масавага ўсыхання сасновых насаджэнняў і іх паражэння сталі экстрэмальныя пагодныя ўмовы надвор'я апошніх гадоў (памяншэнне колькасці ападкаў, паніжэнне грунтавых водаў, доўгія засухі і ўраганныя вятры). Недахоп вады аслабіў дрэвы і дазволіў шкоднікам больш паспяхова атакаваць іх. Акрамя таго, на думку вучоных, на павелічэнне колькасці звычайнага для беларускіх лясоў жука паўплывала і адмова ад спальвання рэшткаў высякання, якая стала прымяняцца згодна з нарматывамі лясной сертыфікацыі FSС.

Ачагі караеднага ўсыхання сасны ўпершыню былі выяўлены ў 2010 годзе ў Гомельскім лясгасе. У 2015-м Інстытут лесу НАН Беларусі сумесна з БДУ распрацавалі ферамонныя пасткі для кантролю колькасці шкоднікаў. Дзякуючы гэтаму ўдалося вызначыць, што праблема характэрна для большасці абласцей рэспублікі. З 2016 года ў краіне пачалася работа па прадухіленні распаўсюджвання шкодных насякомых — летась у беларускіх лясах было высечана 3,7 тыс. га расстроеных насаджэнняў.

Сёння пра аналагічныя праблемы гавораць і ў прыгранічных раёнах Украіны і Польшчы, а таксама Фінляндыі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах. У суседняй Польшчы з-за жука-караеда нават адбыўся буйны экалагічны скандал: мясцовыя ўлады пачалі высякаць заражаныя дрэвы ў Белавежскай пушчы, што выклікала хвалю абурэння часткі грамадскасці і вучоных.

У Беларусі з жуком змагаюцца ў тых лясах, дзе вядзецца гаспадарчая дзейнасць. Для аператыўнай распрацоўкі ўсыхаючых насаджэнняў і прадухілення масавага распаўсюджвання шкоднікаў Мінлясгас забараніў правядзенне планавых высечак, а на дапамогу лясгасам, што пацярпелі ад атакі жукоў-караедаў, былі накіраваны спецыялісты з паўночных рэгіёнаў краіны.

Выратаваць дрэва, пакуль не позна

Яшчэ адна сасна, якая адпавядае крытэрыям нашага пошуку, аказваецца «ўраджайнай» на розных насякомых. Бліжэй да кроны спецыялісты заўважаюць тыповы малюнак, што пакідае пасля сваёй дзейнасці вяршынны караед: шлюбную камеру ў выглядзе зоркі, ад якой адыходзяць мацярынскія хады. Але самога шкодніка тут мала — ён амаль скончыў сваю справу і адправіўся шукаць новую ахвяру-сасну.

А вось ніжэй на ствале шчыруюць іншыя жукі, у тым ліку і караед-стэнограф. Па словах Вячаслава Звягінцава, успышка колькасці вяршыннага караеда падцягнула экалагічны каскад — дазволіла іншым шкодным насякомым таксама актыўна размнажацца. Пры гэтым драпежныя насякомыя, птушкі і лясныя хваробы не былі гатовыя да такога росту. Таму пакуль толькі чалавек можа некаторым чынам кантраляваць колькасць караеда.

— Вельмі важна не спазніцца з высечкай — дрэвы неабходна сячы менавіта на этапе засялення шкоднікаў, калі маладое пакаленне жука знаходзіцца пад карой. Толькі такая высечка будзе эфектыўнай, і з яе дапамогай можна паўплываць на колькасць насякомых, — упэўнены Вячаслаў Звягінцаў. — Высякаць руды лес ужо позна — гэтыя мерапрыемствы маюць толькі лесагаспадарчае значэнне, каб выратаваць пашкоджаную драўніну.

Праз некалькі сотняў метраў ад выпрацаванай лесасекі бачныя роўныя шэрагі нядаўна высечаных дрэў і побач — рэшткі высякання. Сосны, якія яшчэ не страцілі свае тэхнічныя якасці, чакаюць тэхніку, каб у хуткім часе быць вывезенымі з лесу на перапрацоўку. Звычайна дрэвы перад адпраўкай апрацоўваюць прэпаратамі, каб жук не паспеў выбрацца з-пад кары. Рэшткі высякання праз некаторы час будуць спалены.

Па словах Валерыя Сухната, за бягучы год сіламі Любанскага і іншых лясгасаў санітарныя высечкі праведзены на 845 га сасновых насаджэнняў, пашкоджаных караедам. А каб своечасова выяўляць ачагі пашкоджання, спецыялісты ацэньваюць стан дрэў не толькі з зямлі, але і з паветра — для гэтага лясгас закупіў квадракоптар.

Паколькі жук-караед за год можа даць некалькі патомстваў, і з надыходам халадоў у лясах работа не спыніцца. З 14,9 тыс. га лесу, пашкоджанага караедам, сёння санітарныя высечкі праведзены на 13,5 тыс. га. Завяршыць работу па ліквідацыі ачагоў караеднага ўсыхання работнікі лясной гаспадаркі плануюць да 1 студзеня 2018 года. А наступнай вясной на ўсіх выпрацаваных з гэтай нагоды лесасеках з'явіцца малады лес.

Цікавыя факты пра жука-караеда

  •  Вяршынны караед харчуецца жывой і багатай на карысныя рэчывы часткай кары — лубам. Па ім пажыўныя рэчывы і прадукты фотасінтэзу рухаюцца з кроны ўніз па дрэве.
  •  Колькасць караедаў, якія здольныя жыць на адным дрэве, можа дасягаць ад 3 да 40 тыс. асобін.
  •  Жукі-караеды здольныя знайсці аслабленыя сосны па паху.
  •  Ад шкодніка могуць пацярпець як спелыя насаджэнні, якім каля 80 гадоў, так і дрэвы, пасаджаныя 10 гадоў таму.
  •  Спецыялісты падлічылі: прыкладна праз месяц ад моманту засялення караедам дрэва становіцца рудым і фактычна гіне.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Патушыць «біялагічны пажар»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.