Вы тут

Дзеці з Сірыі 2 тыдні адпачывалі ў беларускіх аздараўляльных лагерах


Учора ў Палацы Незалежнасці адбылося не зусім звычайнае мерапрыемства. Разам з высокай госцяй — міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры — да Прэзідэнта Беларусі завіталі дзеці з гэтай краіны, якія на працягу апошніх двух тыдняў адпачывалі і папраўлялі здароўе ў адукацыйна-аздараўляльным цэнтры «Зубраня» і аздараўляльным лагеры «Крынічка».


Нядаўна айчынныя СМІ абляцела навіна пра тое, што беларускія хірургі выдалілі пухліну дзесяцігадовай сірыйскай дзяўчынцы. Рым Салем разам са сваімі таварышамі, якія ўчора пабывалі ў Палацы Незалежнасці, прыехала на аздараўленне ў Беларусь. Падчас медыцынскага абследавання ў яе выпадкова знайшлі анкалагічнае захворванне. Апекуны дзяўчынкі згадзіліся на лячэнне, і на мінулым тыдні яе паспяхова прааперыравалі.

У дзяцей, што прыйшлі ўчора на сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, цяжкі лёс і горкія ўспаміны. У кагосьці на вайне загінуў бацька, у кагосьці забілі маці, нехта страціў абаіх бацькоў, а нехта да таго ж братоў і сясцёр... Паездка ў Беларусь стала для іх магчымасцю аздаравіцца як фізічна, так і духоўна.

Дзеткі расказалі Прэзідэнту, што проста ў захапленні ад Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў адказ запрасіў іх прыехаць у нашу краіну разам з сябрамі і ў наступным годзе. А ў будучыні яны могуць атрымаць адукацыю ў беларускіх ВНУ.

— Перадайце сірыйцам, што беларусы для іх — самыя лепшыя сябры, — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да юных гасцей.

Рыма аль-Кадэры падзякавала за тую дапамогу, якую Беларусь аказала і аказвае яе краіне. Яна прызналася, што гэта яе пяты візіт у Беларусь. Але, па яе словах, ён адрозніваецца ад папярэдніх. Яе радуе, што дзецям з Сірыі спадабалася ў Беларусі. Міністр адзначыла, што вопыт Беларусі ў сацыяльнай сферы з'яўляецца «вельмі прыярытэтным і вельмі карысным». Так, многія з нашых напрацовак можна ўкараніць і ў Сірыі.

— Тут не патрэбны ніякія падзякі, мы ведаем, што такое вайна, — адзначыў беларускі лідар. — У нас яшчэ жывыя пакаленні, якія перажылі страшную Другую сусветную, Вялікую Айчынную вайну, памятаюць, як гінулі дзеці, старыя... Беларусь больш за любую іншую рэспубліку Савецкага Саюза пакутавала ў апошняй вайне. Я зыходжу са звычайнай чалавечай ісціны: калі ты адгукаешся на нечае гора, то, не дай бог з табой гэта здарыцца, гэтаксама і табе дапамогуць. Ну а дзеці — гэта святое.

Прэзідэнт прапанаваў і на наступны год падумаць пра падобную праграму падтрымкі дзетак з Сірыі ў Беларусі. Міністр запэўніла, што асабіста зоймецца складаннем гэтай праграмы. Яна таксама звярнула ўвагу, што ў Сірыі і Беларусі ёсць магчымасці развіваць двухбаковае супрацоўніцтва — у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы.

На развітанне дзеці гучна праскандавалі: «Дзякуй». А адна з дзяўчатак як сведчанне таго, што Беларусь ёй вельмі-вельмі спадабалася, прачытала радкі з Якуба Коласа «Мой родны кут, як ты мне мілы...» Прэзідэнт узяў з яе абяцанне вярнуцца на наступны год у Беларусь і расказаць гэты ўрывак цалкам.

Пасля, размаўляючы з журналістамі, дзеці расказалі пра свае лёсы. Сціскаецца сэрца ад таго, што яны перажылі гэта сёння — у ХХІ стагоддзі...

«...Мяне завуць Рахаф Салем Салема, я нарадзілася ў горадзе Латакія ў 2004 годзе. Я сірата. Мае маці і бацька загінулі, таксама загінулі мой брат і мая сястра. На працягу дзесяці месяцаў я была ў палоне ў ІДІЛ. Калі мяне вызвалілі, я стала жыць з цёткай... Вельмі хацела б прыехаць сюды яшчэ і ўвогуле я люблю падарожнічаць».

«...Мяне завуць Багджад Ал Хурэ, я родам з Дамаска, таксама нарадзіўся ў 2004 годзе. Мая маці памерла ад хваробы».

Усе дзеці прызналіся, што вельмі ўдзячныя беларускаму Прэзідэнту за той час, які яны правялі ў Беларусі. Трэба сказаць, што наведалі яны нашу краіну і змаглі паправіць здароўе дзякуючы распараджэнню кіраўніка нашай дзяржавы. Дзеткі расказалі, што ў лагеры беларускія равеснікі ставіліся да іх вельмі прыязна. Будзем спадзявацца, што і ў наступным годзе юныя госці з Сірыі зноў змогуць да нас прыехаць.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вайну перамагае дабрыня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.