Вы тут

Смаўжоў пераможам!


Сапраўдным бедствам для саду і агарода з'яўляюцца смаўжы і слімакі. Яны ўсюды, дзе падвышаная вільготнасць, цяпло і маюцца крыніцы харчавання. Селяцца гэтыя шкоднікі нават у скляпах, дзе нахабна псуюць складзеныя на захоўванне агародніну і караняплоды.

Вельмі важна своечасова пачаць барацьбу з няпрошанымі гасцямі, інакш яны могуць так распладзіцца на ўчастку, што пазбавіцца ад іх нашэсця будзе даволі складана.


Ручны збор

Гэты спосаб досыць працаёмкі. Тым больш што на «паляванне» малюскі выходзяць начамі, а збіраць іх у гэты час сутак нязручна па многіх прычынах.

Каб палегчыць працу, загадзя ўвечары побач з градкамі паліваюць участак зямлі і накрываюць яго кавалкам шыферу або дошкай. Смаўжы збяруцца туды ў вялікай колькасці. Трэба будзе толькі падняць «пастку» і перакласці шкоднікаў у вядро.

Дапамогуць спецыі

Старажылы сцвярджаюць, што дапамагае. Спецыі адпужваюць пражэрлівых малюскаў. Выкарыстоўваць можна: кінзу, размарын, духмяны перац, пятрушку.

Пасткі з прынадай

Трэба ўкапаць у зямлю зрэзаныя пластыкавыя ёмістасці, напоўненыя півам. Толькі варта прасачыць, каб край бутлі быў нараўне з паверхняй зямлі, інакш слімакі і смаўжы проста не змогуць пераадолець бар'ер.

Яшчэ майструюць пасткі з пластыкавых ёмістасцяў, устаўляючы дзве дэталі адну ў адну такім чынам, каб уваход быў у выглядзе варонкі. На дно бутлі кладуць прынаду, напрыклад, расціснутую ягаду або надзёртую моркву. Шкоднікі паўзуць на смачны водар, лёгка пранікаюць унутр, а выбрацца ніяк не могуць.

Любяць смаўжы кукурузную муку. Але, відаць, спыніцца не могуць і аб'ядаюцца ёю, тут жа гінучы. Калі ў ёмістасць насыпаць гэтую прынаду, паклаўшы пасудзіну на бок, раніцай можна сабраць побач мноства дохлых малюскаў.

Апырскванне раслін

Не варта вельмі актыўна выкарыстоўваць для барацьбы са смаўжамі яды. Гэта можа прынесці шкоду таму, хто будзе ўжываць плады апырсканых раслін у ежу. Таксама хімікаты пранікаюць у глебу, мяняюць яе склад, забіваюць мікраарганізмы і карысных насякомых.

Таму лепш выкарыстоўваць натуральныя адпужвальнікі смаўжоў і слімакоў. Такімі з'яўляюцца настоі лаўровага ліста, часнаку, шалфею, чабору, лаванды. Гатуюць іх проста: траву заліваюць вадой на ноч, а раніцай апырскваюць расліны. Выдатным сродкам з'яўляецца распушчальная кава. Яе разводзяць вадой і таксама праводзяць апрацоўку. Не любяць шкоднікі і паху аміяку. Дабаўленне ў ваду для апырсквання нашатырнага спірту ў суадносінах 1 да 6 адпудзіць абжораў ад агарода. Акрамя таго, гэты раствор заб'е лічынкі смаўжоў, якія яны ўжо паспелі адкласці побач са сцёбламі раслін.

Сухая мульча

Спосаб просты, але патрабуе акуратнасці і цярпення. Для таго каб шкоднікі не змаглі падабрацца да раслін, пасля паліву трэба старанна прысыпаць вільготную зямлю сухім пілавіннем, дробным жвірам, пяском, драўняным попелам, тытунёвым пылам, саломай. Добры эфект дасягаецца, калі падыходы да крыніц харчавання перакрыць здробненай яечнай шкарлупінай.

Бар'еры паміж градкамі

Прыродная асаблівасць малюска ў тым, што перасоўваецца ён перапаўзаючы па паверхні на пузе. А яно ў гэтай істоты даволі далікатнае. Можна засцерагчы градкі невысокім, але вострым бар'ерам з металічных або пластыкавых пласцін, кавалкі толі, дошак. Дастаткова, каб ён узвышаўся над паверхняй зямлі ўсяго на 2—5 см.

Некаторыя разразаюць пластыкавыя бутэлькі ўздоўж і выкладваюць іх на сцежку. Можна нават для пэўнасці наліць у іх вады. Смаўжу пераадолець такую перашкоду будзе немагчыма.

Жабы-памочнікі

Яны знішчаюць на ўчастку не толькі смаўжоў, але і шматлікіх шкодных насякомых, іх лічынкі, вусеніц і нават камароў. Для таго каб пасяліліся такія бясплатныя абаронцы, трэба не толькі прынесці іх на новае месца жыхарства, але і абсталяваць для іх невялікі ставок з прэснай вадой. Дастаткова проста паставіць у зацішным халаднаватым месцы тазік з вадой або ўкапаныя ў зямлю іншы ёмістасці.

Вожык з'есць смаўжоў

Той, хто завядзе на сваім участку парачку гэтых лясных жыхароў, можа спаць начамі спакойна — замест іх са смаўжамі ваяваць будуць маленькія абаронцы ўраджаю. Яны не маюць схільнасці да вегетарыянскай ежы, паколькі з'яўляюцца драпежнікамі. У іх рацыён яблыкі і капуста могуць увайсці толькі ў выпадку самага моцнага голаду.

Ёсць і мінусы ў такога спосабу. Паколькі вожыкі — драпежнікі, яны могуць нанесці ўрон у тым выпадку, калі хтосьці разводзіць свойскую птушку. Кураняты, качаняты, гусяняты могуць стаць іх ахвярай, асабліва ўначы, калі дарослыя птушкі спяць і нічога не бачаць у цемры.

Нашкодзіць вожыкі могуць і пчалярам. Любяць яны насякомых! Таму часам вожыкі залазяць пад вуллі, падскокваюць, удараючыся спінай аб яго дно, чым палохаюць пчол. А калі насякомыя выпаўзаюць з вулля, драпежнікі спрытна распраўляюцца з імі.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.