Вы тут

Распазнаць інфаркт


Першай прыкметай сасудзістай катастрофы можа быць моцны боль ва ўсёй верхняй частцы жывата. Наогул, для інфаркту міякарда характэрны моцны працяглы боль у грудзях — як быццам сэрца сціскае нейкая моцная рука. Паступова ён распаўсюджваецца на левае плячо і левую руку, можа аддаваць нават у спіну, зубы і сківіцу.


Без усякай фізічнай нагрузкі ўзнікае моцная задышка, хвораму не хапае паветра. Бываюць і млосць, і ваніты, і моцная патлівасць, пачашчанае сэрцабіцце. А можа быць і так, што нічога з пералічанага няма, а чалавек проста... страціў прытомнасць. Інфаркту міякарда часам папярэднічае прыступ стэнакардыі, а тое і не адзін. Дарэчы, у адрозненне ад болю пры стэнакардыі, гэты боль не спыняецца, але бывае як пастаянным, так і хвалямі. Вельмі важна памятаць, што інфаркт развіваецца і нечакана, без усякіх прадвеснікаў. У пажылых людзей з цукровым дыябетам інфаркт міякарда нярэдка надыходзіць без усякіх сімптомаў і скаргаў.

— Інфаркт міякарда пашкоджвае сардэчную мышцу ў выніку спынення кроватоку ў нейкім яе ўчастку, — тлумачыць загадчыца інфарктнага аддзялення №2 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Наталля ПАЛЯЎКОВА. — Прычына хаваецца ў закупорцы каранарнай артэрыі згусткам крыві — тромбам. Краваток спыніўся, а значыць, частка сэрца перастала сілкавацца крывёй, кіслародам, і клеткі ў выніку галадання загінулі. «Інфаркт» азначае змярцвенне, а «міякард» — гэта сардэчная мышца. Такім чынам, тое, што яшчэ называюць рубцом, ёсць не што іншае, як змярцвелая тканка сардэчнай мышцы.

Тромб у артэрыі ўзнікае часцей за ўсё ў месцы яе звужэння, а звужэнню паспрыяла назапашванне халестэрынавых бляшак. Гэтыя бляшкі могуць быць у сасудах вельмі доўгі час, і мы нічога не будзем ведаць пра іх існаванне. Аднак такі шчаслівы расклад аднойчы закончыцца. Бляшка можа расці, пакуль аднойчы не разарвецца пад уздзеяннем нейкіх знешніх фактараў (стрэсу, алкаголю, тытуню, нейкіх іншых захворванняў), і тады халестэрын з яе выльецца ў прасвет сасуда. А наш арганізм у такім выпадку спрабуе вырашыць праблему, дасылае клеткі крыві, якія павінны «залатаць» пашкоджаны сасуд — падчас гэтага працэсу ўтвараецца тромб. Ён перакрывае сасуд, той пачынае галадаць. У некаторых выпадках дастаткова і 20 хвілін, каб развіўся інфаркт міякарда. З кожнай хвілінай усё больш мышачных валокнаў міякарда пазбаўляюцца кіслароду, разбураюцца і гінуць.

Цяпер зразумела, што інфаркт можа і не развіцца, калі мы не будзем трываць боль і адразу прымем меры, звернемся да ўрача.

У больш рэдкіх выпадках інфаркт міякарда развіваецца, калі ад сценкі сэрца адрываецца тромб і з токам крыві заносіцца ў артэрыю, якую ў нейкім месцы блакіруе. Менш распаўсюджаная прычына — спазм каранарнай артэрыі, што таксама парушае нармальны ток крыві.

Што рабіць?

1. Тэрмінова выклікайце хуткую дапамогу або вязіце хворага ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі бліжэйшай бальніцы.

2. Дайце хвораму разжаваць (так прэпарат лягчэй усмоктваецца ў кроў) таблетку аспірыну, які папярэджвае стварэнне тромбаў. Можна прыняць да трох таблетак нітрагліцэрыну з інтэрваламі 5—10 хвілін (абавязкова ў гарызантальным становішчы, бо ён паніжае ціск) + валідол (нітрагліцэрын можа выклікаць галаўны боль).

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.