Вы тут

Кантэйнеры, смеццявозы і машына для рэзкі паперы


Як міжнароднае супрацоўніцтва завода спрыяе экалагічнай сітуацыі ў горадзе.

Яшчэ нейкі дзясятак гадоў таму ўсе камунальна-бытавыя адходы Брэста вывозілі на палігон у Маларыцкі раён — гэта за 40 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Але ў 2010 годзе быў узведзены смеццеперапрацоўчы завод, і сітуацыя, найперш у экалагічным плане, стала кардынальна мяняцца.


Цяпер смецце прывозяць на прадпрыемства, арганічныя адходы тут перапрацоўваюць на біягаз, астатнія сартуюць і накіроўваюць на адпаведныя заводы па перапрацоўцы. Апошнім часам завод актыўна ўдзельнічае ў праграмах міжнароднага супрацоўніцтва.

Для прыватнага сектара

Так, па праекце «Пастаўка абсталявання для зялёнай энергетыкі і комплекснага кіравання адходамі для падтрымання рэгіянальнага развіцця ў Беларусі» брэсцкі завод атрымаў 1,2 мільёна еўра тэхнічнай дапамогі. Менавіта за гэтыя сродкі закупілі 15 тысяч смеццевых кантэйнераў для абслугоўвання гараджан, якія жывуць у прыватным сектары.

Начальнік аддзела экалогіі і знешніх сувязяў завода Наталля ТРЫФАНАВА расказала, што раней жыхары дамоў індывідуальнай забудовы, як правіла, пакідалі на вуліцы каля дома пакеты ў дзень забору смецця. Бадзяжныя жывёлы вельмі часта расцягвалі змесціва пакетаў па вуліцы. Не кажучы ўжо пра знешні выгляд, які не ўсяляў аптымізму, горад нёс дадатковыя фінансавыя затраты, бо патрабавалася часцей прыбіраць тэрыторыю. Таму адміністрацыя Брэста разам з кіраўніцтвам завода прынялі рашэнне выдаваць кантэйнеры для бытавых адходаў домаўладальнікам бясплатна.

Бак умяшчальнасцю 120 літраў можна было атрымаць, звярнуўшыся на завод з уласнай заявай. Глядзелі толькі на адсутнасць даўгоў у грамадзян па аплаце адпаведнай паслугі. Людзі з задавальненнем бралі такія ёмістасці. І цяпер вуліцы і завулкі прыватнага сектара выглядаюць куды больш цывілізавана.

Машыны і пляцоўкі

На сродкі гранта ЕС таксама закупілі чатыры новыя машыны — тры смеццявозы і адзін шматфункцыянальны смеццявоз. Новыя грузавікі MAN аснашчаныя бакамі, якія адкрываюцца ў задняй частцы аўтамабіля. Тэхнічная спецыфікацыя машыны дазваляе кантраляваць размеркаванне нагрузкі і ўстойлівасць на дарозе. Да таго ж пры загрузцы такой машыны смецце практычна зусім не раскідваецца.

У выніку міжнароднага супрацоўніцтва на вуліцах Брэста паявілася яшчэ адно ноу-хау, накіраванае на паляпшэнне як эстэтычнага выгляду, так і стану навакольнага асяроддзя. Гаворка ідзе пра падземныя пляцоўкі для збору бытавых адходаў. Яны зманціраваныя каля дамоў 9—11 па вуліцы Марозава і 27—29 па вуліцы Вароўскага. Кожная «падземка» абслугоўвае да тысячы чалавек. І жыхары шматкватэрных дамоў ацанілі такі еўрапейскі падыход да збору смецця.

Пляцоўкі на ўказаных вуліцах аднолькавыя. Кожная з іх складаецца з трох заглыбленых ёмістасцяў аб'ёмам да трох кубічных метраў. Дзве з іх вызначаныя для змешаных адходаў, адна — для шкла. (Для макулатуры і пластыку непадалёку ўстаноўлены еўракантэйнеры.) Паколькі над зямлёй выступае толькі верхняя частка кантэйнераў, куды апускаецца пакет, яны не выглядаюць грувасткімі, а эфектыўная сістэма бяспекі не патрабуе агароджы. Такім чынам, смецце не можа быць расцягнутае жывёламі альбо птушкамі, практычна не адчуваецца непрыемны пах нават у летнюю спёку. Цана пытання склала 490 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. З іх 400 мільёнаў было атрымана па гранце, астатнія сродкі выдзеліў завод, за іх была выраблена дакументацыя і праведзены мантаж абсталявання.

Чыстая макулатура

Як вядома, адна з каштоўных крыніц другасных рэсурсаў — макулатура. Практычна ўсе канторы і офісы выкарыстоўваюць у працэсе работы горы папер, якія з часам страчваюць актуальнасць. Большасць арганізацый і ўстаноў здаюць адпрацаваную паперу ў макулатуру. Але ёсць шэраг арганізацый, якія выкарыстоўваюць у рабоце дакументы розных ступеняў сакрэтнасці. Скажам, бальніцы, паліклінікі альбо аддзелы ўнутраных спраў не могуць выкідваць паперы на сметнік. Раней тоны карыснай сыравіны гарэлі ў печах. Зразумела, што папера — не самая лепшая крыніца цеплавой энергіі, але іншага спосабу ўтылізацыі проста не існавала. Ён паявіўся нядаўна, зноў жа ў парадку тэхнічнай дапамогі ЕС.

Цяпер брэсцкае прадпрыемства атрымала спецыяльную машыну. Яна здрабняе дакументы да тонкіх палосак, якія беспаваротна страчваюць функцыю носьбіта інфармацыі, але захоўваюць функцыю макулатуры. «Прычым якаснай макулатуры, — падкрэсліла Наталля Трыфанава. — Калі папяровыя адходы з кантэйнераў пабывалі ў суседстве з адходамі арганічнага характару, яны не могуць лічыцца каштоўнай сыравінай. А ў выпадку здрабнення на машыне мы маем на выхадзе чыстую сыравіну, якой нескладана знайсці спажыўца».

Дзякуючы дзейнасці завода на новы ўзровень паднялася сістэма збору бытавога смецця і павысілася яго каштоўнасць як сыравіннага рэсурсу, а таксама палепшылася экалагічная абстаноўка ў абласным цэнтры. А пачынаючы з мая гэтага года прадпрыемства забірае адходы з населеных пунктаў васьмі сельсаветаў Брэсцкага раёна, якія раней вывозіліся на палігоны. Гэта значыць, што экалагічная абстаноўка на тэрыторыі раёна таксама будзе паляпшацца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.