Вы тут

Знакавы горад


У гонар калыскі беларускай дзяржаўнасці

Самы старажытны горад Беларусі Полацк (сёлета яму споўніцца 1155 гадоў) трэці раз стане сталіцай Дня беларускага пісьменства. Менавіта тут адсвяткуюць і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання: Францыск Скарына — знакаміты сын полацкай зямлі.


Чыгуначны вакзал.

Падрыхтоўку да святкавання пачалі яшчэ ў маі. Адказныя асобы падкрэслівалі, што для ўсёй вобласці вялікія гонар і адказнасць годна падрыхтавацца да святкавання. Адказваючы на пытанні журналістаў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў выказаў упэўненасць: у выніку таго, што будзе зроблена, Полацк «заззяе новымі фарбамі».

Задоўга да свята былі вызначаны прыярытэтныя аб’екты для рамонту, абнаўлення будынкаў. Сярод іх, у прыватнасці, адзін з сімвалаў Беларусі — Сафійскі сабор, дзе плануюць завяршыць работы па рэстаўрацыі. Сёлета павінны былі замяніць усе аконныя блокі, завяршыць усталяванне вентыляцыі, абнавіць падлогу. І ў выніку падчас свята гэты ўнікальны помнік архітэктуры можна будзе ўбачыць ва ўсёй непаўторнай велічы і прыгажосці.

Падчас святкавання ля храма плануецца адкрыць памятны бронзавы знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». Менавіта там — на пляцоўцы каля заходняй сцяны старажытнай Сафіі (дзе быў раней галоўны ўваход у храм) — палачане праводзілі вечавыя сходы. Вышыня арт-аб’екта каля 5,5 метра, ён уяўляе сабой шчыты з выявамі суайчыннікаў мінулага, вядомых сваёй дзейнасцю далёка за межамі краіны. Гэта твор мінскага скульптара Уладзіміра Піпіна. Цырымонія ганаровага адкрыцця памятнага знака запланавана на 2 верасня.

На вуліцах Полацка.

Нягледзячы на вялікі фронт работ, у горадзе ўсе службы працуюць спакойна, рыхтуючыся да прыёму гасцей. Старанна працуюць і дарожнікі. Яны, напрыклад, пашыраюць уязныя шляхі з боку Расіі... Дарэчы, цікава, што ў Полацку раней пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ажыццявілі праект для веласіпедыстаў: на некалькіх кіламетрах ездзіць дазваляюць і не па тратуарах, а спецыяльныя паўсферы абараняюць вадзіцеляў самага экалагічнага віду транспарту ад верагоднасці сутыкнуцца з аўто.

На «пасажырскіх варотах» горада — вакзалах — таксама наводзяць прыгажосць. На чыгуначным вакзале цяпер ёсць бясплатны Wi-Fi. Аўтавакзал, што знаходзіцца па суседстве, таксама атрымлівае другое жыццё. Раней у ім багата было, як кажуць, «ад савецкай спадчыны». Цяпер будынак звонку і ўнутры адпавядае патрабаванням часу. У аблвыканкаме падкрэслілі, што вядзецца вялікая работа па падрыхтоўцы да святкавання як самога горада, так і раёна. У Полацку будаўнікі і рамонтнікі працавалі амаль на 350 аб’ектах. Вялікі аб’ём работ здолелі ажыццявіць дзякуючы падтрымцы рэспубліканскіх ведамстваў.

Сярод асабліва важных аб’ектаў сёлета — Музей беларускага кнігадрукавання. Ён набывае выгляд, адпаведны святу: глянец на фасадзе, прыводзяць у належны стан дах... Адначасова вядуцца работы па абнаўленні экспазіцыі, асабліва той часткі, якая прысвечана першадрукару. Прадугледжана замена светлавога абсталявання (на святлодыёды), запланавана ўсталяванне інфакіёска, у якім наведвальнікі змогуць віртуальна пагартаць выданні Скарыны.

Новае светлавое і гукавое абсталяванне ўсталявалі ў гарадскім Палацы культуры. Там таксама адрамантавалі дах, «асвяжылі» фасад. У гарвыканкаме заінтрыгавалі тым, што знакавыя аб’екты можна будзе ўбачыць і ў паменшаным памеры. Паводле слоў намесніка старшыні Полацкага райвыканкама Аляксандра Міхалевіча, пад адкрытым небам адбудзецца прэзентацыя макетаў храмаў і іншых аб’ектаў у маштабе 1 да 30. Іх зрабілі мясцовыя школьнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў...

Свята завершыцца, а ўпрыгожаныя, адрамантаваныя вуліцы і будынкі яшчэ доўгі час будуць радаваць вока. Полацк — музей пад адкрытым небам — стане яшчэ больш прывабным для турыстаў і больш утульным для пражывання.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».