Вы тут

Дыялог праз кнігу


...З Сусветам

Ён паказвае нашу злучанасць з рознымі народамі На мове паэзіі: дзеля ўдасканалення

Сёння чытач мае магчымасць спрычыніцца да мастацкіх адкрыццяў першадрукара праз пераклады іх на сучасную беларускую мову, ды яшчэ ў паэтычнай форме. Гэта зрабіў паэт Алесь Разанаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. «Мастацкая літаратура» пры фінансавай падтрымцы дзяржавы ажыццявіла выданне і прадставіла кнігу, якая выклікала цікавасць і нават абмеркаванне таго, што зроблена: паэтычнае перастварэнне прадмоў Скарына на сучасную беларускую мову стала дыялогам паміж эпохамі і пакаленнямі. Але работа нагадала пра галоўны дыялог, што вядзе чалавецтва на працягу свайго існавання: з Богам ці наогул з Сусветам.

У свой час Францыск Скарына быў наватарам у мастацкім прачытанні Бібліі, імкнуўся найлепш і найярчэй данесці яе сэнс да людзей, сваіх землякоў. Так і ў гэтай кнізе мы разважаем пра тое, што: «Пісанне, натхнёнае Богам, / карыснае ўсякаму чалавеку: / для навучання / і разважання, / для ачышчэння / і высвядчэння, / для выпраўлення / і для здзяйснення праўды, / каб дасканалы быў чалавек / і здатны / да ўсякае добрае справы…».

 Такога Скарыну таксама хочуць ведаць. Кніга выклікала цікавасць на пачатку года: як яна створана і дзеля чаго? Пра гэта разважалі ўдзельнікі круглага стала ў рэдакцыі «ЛіМа» (матэрыял «Скарына. Пункт адліку і вяршыня» надрукаваны ў №13 за 31 сакавіка 2017 г. ) Але тая дыскусія атрымала працяг, да яе далучыліся еўрапейскія даследчыкі і перакладчыкі на беларускую мову.

Томас Вайлер, перакладчык (Германія):

 — Да паэтычных перастварэнняў Алеся Разанава я паставіўся з цікавасцю. Я перакладаю літаратуру з беларускай, рускай і польскай на нямецкую мову. Дагэтуль я звяртаўся амаль выключна да жывых аўтараў, да маіх сучаснікаў, пераважна да пісьменнікаў майго пакалення, з якімі ў нас сумесны кантэкст. Мне лягчэй увайсці ў іх манеру пісання.

Аднак мой паважаны калега Норберт Рандаў, славіст і перакладчык, які ў 2003 годзе ў фондах Верхнелужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы знайшоў раней не вядомы асобнік пражскага выдання Бібліі Францыска Скарыны, займаў пазіцыю, што перакладаць трэба спачатку класіку, каб закласці фундамент. Асабіста мне да фундаментаў яшчэ далёка. Дарога да крыніц, да старажытнай літаратуры здаецца асабліва далёкай тым, хто не з’яўляецца носьбітам гэтай мовы. Я проста не адважыўся б дакрануцца да тэкстаў такой даўнасці, бо ведаю, што бракуе якраз кантэксту, што мне не абысціся без каментарыяў. Таму той дыялог Алеся Разанава з Францыскам Скарынам можа быць адкрыццём: ён дае мне (і, вядома, не толькі мне) доступ да гістарычных тэкстаў, да якіх мы звычайна не дакранаемся.

Прафесар Ілма Ракуза, пісьменніца, літаратуразнаўца (Швейцарыя):

— Скарына як асоба, без сумнення, цікавы сёння, але трэба зрабіць, каб яго больш ведалі. Таму, мне здаецца, карысна звяртацца да яго ў розных відах творчасці. Што да кнігі «Маем найбольшае самі» (якую я атрымала ад Алеся Разанава), то гэта смелы эксперымент, не кожны сучасны паэт здольны на такі «пераклад». Спроба Алеся Разанава ўдалася: гэта цудоўная паэтычная работа, як уся яго творчасць. Я высока цаню паэзію і пераклады Разанава, шмат пра яго пісала. На Захадзе яго лічаць галоўным беларускім сучасным паэтам.

Калі кнігу абмяркоўваюць — значыць, яна жыве, а словы яе знаходзяць водгук у людзях. Галоўнае, што праз гэтую кнігу працягвае жыць тое слова, у якім Францыск Скарына бачыў шлях да ўдасканалення чалавека. Шлях на ўсе часы. І, магчыма, яшчэ не ўсе гэта ведаюць…

 Ларыса ЦІМОШЫК

 

...Са светам

Беларусь — Кітай: погляд у будучыню

Гісторыя культурных узаемаадносін і развіццё дыпламатычных сувязей паміж краінамі — не заўсёды маюць адзін пункт адліку. Сувязі паміж мастакамі, пісьменнікамі, музыкантамі могуць развівацца стыхійна і трымацца на асабістых кантактах, знаёмствах, прыхільнасцях. Дыпламатычныя адносіны патрабуюць адпаведнага дзяржаўнага ўзроўню: стварэнне дыпламатычных місій, адкрыццё пасольстваў, падпісанне дамоўных дакументаў. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва мы адшукаем шмат дакументальных слядоў развіцця культурных адносін паміж Беларуссю і Кітаем пачынаючы з канца 1950-х гадоў: пераклады твораў Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова на кітайскую мову, ліставанне паміж беларускімі і кітайскімі пісьменнікамі, шматлікія мастацкія работы славутага скульптара, народнага мастака БССР Сяргея Селіханава — партрэты, бюсты, фігуры кітайскіх літаратараў, мастакоў, рабочых і сялян, замалёўкі кітайскіх пейзажаў…

Аднак развіццё гэтых стасункаў адбывалася ў межах савецкай дзяржаўнай сістэмы, а вось пачатак дыпламатычных адносін паміж незалежнай Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай вядзе адлік са студзеня 1992 года. Да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі ў пачатку 2017 года ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Беларуска-кітайскія адносіны ва ўспамінах беларускіх паслоў» пад агульнай рэдакцыяй намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, які ў 2006 — 2010 гг. з’яўляўся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у КНР. Аўтарамі выступілі Надзвычайныя і Паўнамоцныя Паслы, якія на працягу названага перыяду таксама прадстаўлялі інтарэсы Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы: Міхаіл Шаліма, Вячаслаў Кузняцоў, Уладзімір Русакевіч, Анатоль Харлап, Анатоль Тозік, Віктар Бура, Кірыл Руды. Выданне, багата аздобленае фотаздымкамі не толькі з фондаў Міністэрства замежных спраў, БелТА, але і з асабістых архіваў аўтараў, з’яўляецца своеасаблівай хронікай паступовага наладжвання дыпламатычных кантактаў паміж дзвюма краінамі. Матэрыялы кнігі, прадстаўленыя ў выглядзе ўспамінаў, а не сухіх дакументальна-статыстычных выкладак, выклікаюць сапраўдную цікавасць, таму, безумоўна, будуць актуальнымі для шырокага кола чытачоў — не толькі маладых дыпламатаў і даследчыкаў беларуска-кітайскіх сувязей, але і студэнтаў і выкладчыкаў факультэтаў міжнародных адносін, гістарычных і філалагічных факультэтаў.

Успаміны паслоў сягаюць далей за апісанне дыпламатычных місій і ўзнаўленне адпаведнага эканамічна-гістарычнага перыяду: гэта яшчэ і згадкі прыватнага характару пра асабістае ўспрыманне новага культурнага кантэксту: побыту, нораваў, звычаяў, менталітэту, прыродных умоў — усё гэта цалкам адрозніваецца ад беларускага ладу жыцця. Аднак дарога даўжынёй у 25 гадоў паспрыяла значнаму збліжэнню на розных узроўнях: фінансавым, навукова-тэхнічным, адукацыйным, гуманітарным. Міхаіл Шаліма, які з сакавіка 1993 па чэрвень 1995 года ўзначальваў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў якасці часовага паверанага, адзначаў, што на момант прыняцця рашэння аб адкрыцці Пасольства Беларусі ў Кітаі ён выправіўся ў Пекін з мінімальным забеспячэннем, як у «нікуды». І вось адзіны аўтар, артыкул якога «Беларусь — Кітай: погляд у будучыню» мае адмысловую пазнаку «не ўспаміны», Кірыл Руды, які з ліпеня 2016 года з’яўляецца Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у КНР, адзначыў, што за 25 гадоў нашы дзяржавы прайшлі шлях, «для пераадолення якога іншым краінам спатрэбіліся дзесяцігоддзі і нават стагоддзі». Робячы асноўны акцэнт на развіццё супрацоўніцтва ў фінансава-эканамічнай і навуковай сферах, пасол адзначае станоўчую дынаміку і ў галінах адукацыі, культуры, турызму.

Генадзь РЫЦІКАЎ

 

...З суседзямі

Другі зборнік «Неделимое русло»: беларуска-расійскі літаратурны праект

Зборнік, створаны сумесна Санкт-Пецярбургскім аддзяленнем арганізацыі «Саюз пісьменнікаў Расіі» і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выйшаў у 2016 годзе. Аб’ём зборніка падзелены парытэтна паміж расійскім і беларускім бокам. Гэтым разам прадстаўлены празаічныя творы на рускай і беларускай мове.

У гістарычным нарысе Андрэя Антонава з Санкт-Пецярбурга «Убит поэт, слуга Отчизны...» падрабязна разглядаецца версія аб наўмысным характары забойства А. С. Пушкіна, уключаючы матывы злачынства i парушэнне правіл падрыхтоўкі дуэлi бокам Дантэса. Сяргей Прохараў таксама захапляўся гісторыяй Пушкіна. І ў гэтым зборніку змешчаны яго твор на гістарычную тэматыку. Назва твора стылізавана пад найменні старажытных дакументальных трактатаў: «Студент военной разведки, или Хождение в Индостан негласного агента русского Генерального штаба в 1905 — 1906 годах». Прызнаюся, тэкст крыху расчараваў: нагадвае дарожныя замалёўкі з вялікай колькасцю ўласных імёнаў, таму складаны для ўспрымання.

Творы некалькіх расійскіх пісьменнікаў прысвечаны ўзаемаадносінам чалавека з прыродай, у прыватнасці Аляксандра Аляксандрава, Ігара Дзядчанкi і Міхаіла Засечына. Жыве ў Расіі традыцыя Паўстоўскага, Прышвiна, Тургенева! А вось пра іншыя традыцыi хацелася б забыць — аб вытворчым натуралізме часоў СССР з паказушным, няшчырым ухваленнем чалавека працы. Поўная супрацьлегласць — кароткая аповесць Анатоля Казлова «Кровеля», напоўненая прозай жыцця, рэалізмам цяжкай прафесіі, траўматызмам, «залётамi па п’янцы». Адзначу жорсткі псіхалагічны аповед Мікалая Каняева «Пётр»: групу турыстаў у гарах захопліваюць абхазскія джыгіты. Гэта не тэрарызм, а неразумны і грубы жарт, але для турыстаў прыгода становіцца сур’ёзным выпрабаваннем маральных асноў… Магчыма, у апавяданнях Віктара Кудраўцава няма такой псіхалагічнай глыбіні. Яго творы — каларытныя жыццёвыя гісторыі, напісаныя настолькі сакавіта, што персанажаў быццам бачыш на свае вочы. У цэлым падборка ад расійскага боку сведчыць аб добрым літаратурным узроўні: не ўзнікла жадання адкласці кнігу ўбок з-за непрымання напісанага.

Беларускую старонку адкрываюць апавяданні аб навязлівых паслугах «практычнага псіхолага, сертыфікаванага НЛП-практыка, гештальт-тэрапеўта...» аўтара Ніколь Валье (Надзеі НiжневайКсенафонтавай). У наступным нарысе «Буг в огне» Уладзіміра Вялічкi шмат гаворыцца пра гераізм берасцейцаў. Але падмяшалася лыжка дзёгцю — гiстарычныя недакладнасці. Напрыклад, «3 марта 1918 года кайзеровская Германия и Советская Россия подписали Брестский мирный договор. Однако он оказался недолговечным. На рассвете 22 июня 1941 года гитлеровцы вероломно обрушили...». З тэксту вынікае, быццам Брэсцкі дагавор дзейнічаў аж да нацысцкай інтэрвенцыі! Апавяданні Аляксандра Камароўскага, Казіміра Камейшы, Людмілы Кебіч, Алены Папко, Генадзя Пашкова, Мікалая Маляўкі, апублікаваныя на беларускай мове, спадабаліся, і шкада, што ў зборніку, які прызначаны для беларускай і расійскай аўдыторыі, гэтыя творы не на 100 працэнтаў зразумелы рускамоўнаму чытачу. Аповед Міхаіла Пазнякова аб сустрэчы з добрым прывідам — адзіны з адступленнем ад рэалізму, з адчуваннем ціхага смутку... Ніякага хорару ў тэксце няма: і містыка бывае цёплай. Завяршаюць зборнік урыўкі з рамана Мікалая Чаргінца «Аперацыя “Кроў”». Яны выглядаюць, як навелы, але, рызыкну сцвярджаць, не даюць поўнага ўяўлення пра раман.

У кнізе значна больш аўтараў, іх творы ўяўляюць сабой даволі цікавы зрэз сучаснай прозы.

Анатоль МАТВІЕНКА

 

...З сутворцамі

Творы геніяў сусветнай паэзіі — у выданнях кішэннага фармату

Неяк падчас адной з экскурсій па выстаўцы да юбілею паэта пачула меркаванне супрацоўніцы музея, якая шкадавала, што паэтычныя кнігі такога геніяльнага творцы пабачылі свет у такім сціплым фармаце. Маўляў, выданні маглі б быць і больш дыхтоўнымі, манументальнымі. Але навошта? Паэзія — гэта ж не раман-эпапея, які задуменна чытаеш і якому надаеш шмат увагі і часу. Верш — гэта эмоцыя, памкненне як аўтара, так і чытача, штуршок для роздуму, філасофскага асэнсавання. Таму мне падаецца, што і серыя «Паэты планеты» цалкам адпавядае думцы пра блізкасць і няўлоўнасць вершаванага радка.

У гэтых маленькіх выданнях — толькі самыя лепшыя паэтычныя творы сапраўдных геніяў сусветнай паэзіі. Зручны кішэнны фармат. Зусім невялікая цана. Менавіта такую канцэпцыю серыі «Паэты планеты» распрацаваў выдавец і перакладчык Зміцер Колас сумесна з рэдкалегіяй праекта. Вершы старажытнагрэчаскай паэтэсы Сапфо і чатырохрадкоўі Амара Хаяма, перакладзеныя з персідскай, неўміручыя санеты Шэкспіра і творы знакамітага Гётэ, паэзія Петраркі, творчыя эксперыменты лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры з Чылі Габрыэлы Містраль і вершы пачынальніка новай паэзіі Рыльке, сапраўдная залатая тройка французскай паэзіі — зборнікі вершаў Шарля Бадлера, П’ера дэ Рансара і Гіёма Апалінэра. Усе гэтыя кнігі ўжо пабачылі свет у межах праекта «Паэты планеты».

— Гэтая серыя нам патрэбна, бо пераклад набліжае кожную нацыянальную літаратуру да ўяўнага вобраза сусветнай літаратуры, — кажа выдавец і перакладчык Зміцер Колас. — Натуральна, сусветная літаратура мусіць рэалізавацца ў пэўнай мове, інакш яна проста застанецца зборам розных нацыянальных літаратур. Але калі найлепшыя творы перакладаюцца на пэўную мову — у нашым выпадку беларускую, то набліжаюць і нашу нацыянальную літаратуру да гэтага высокага ідэалу. І вобразы, якія падаюцца ў перакладах, пачынаюць жыць сваім жыццём, укараняцца ў творах беларускіх пісьменнікаў.

І сапраўды, пераклады твораў асобных аўтараў на беларускую мову, раскіданыя па старонках часопісаў, інтэрнэт-сайтах і выдавецкіх зборных праектах, не могуць самі па сабе скласціся ў агульную карціну, выстраіцца ў рад і паказаць: так, мы гэта маем і можам ганарыцца. А вось задумка менавіта серыйнага перакладнога выдання надае маленькім сціплым кніжачкам манументальнасці, а зручны кішэнны фармат робіць іх блізкімі і даступнымі. Важна таксама, што маленькія томікі ўключаюць беларускамоўныя перастварэнні розных пакаленняў перакладчыкаў. Гэта Уладзімір Дубоўка, Юрка Гаўрук, Рыгор Барадулін, Зміцер Колас, Ганна Янкута, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч і іншыя.

Рэдакцыйная калегія серыі плануе, што ў межах праекта пабачыць свет каля сямі дзясяткаў кніг, а можа — і ўся сотня. Дарэчы, ужо рыхтуюцца і новыя выданні «Паэтаў планеты».

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.