Вы тут

Запрашае паб-квіз


Ці «Раскінем розумам па-беларуску!»

Калі вы будзеце шпацыраваць па Мінску і раптам пачуеце з якога-небудзь паба беларускую музыку, цалкам магчыма, што ў гэты самы час там збіраюцца ахвотныя на асаблівую імпрэзу, падчас якой яны правераць сябе ў веданні роднай культуры. Беларуская інтэлектуальная гульня (БІГ) аб'ядноўвае ўсіх, для каго наша слова з'яўляецца нечым большым за просты набор літар. Яе арганізатары Ірына ЧАСНОК і Алеся ГУРСКАЯ-ТАБОЛІЧ расказалі пра праект і яго адметнасці.


Ства­раль­ні­кі БІ­Гу (зле­ва на­пра­ва): тэх­нік На­стас­ся Гур­ская, вя­ду­чы Ва­дзім  Жы­до­віч, ар­га­ні­за­та­ры і аў­та­ры пы­тан­няў Іры­на Час­нок і Але­ся Гур­ская-Та­бо­ліч.

— Што такое паб-квіз? І калі і як узнікла ідэя стварыць падобны праект?

Ірына: — Камандная гульня, падчас якой удзельнікі ў бары ці пабе (адсюль і назва) адказваюць на звязаныя з самымі рознымі аспектамі жыцця пытанні. Яна чымсьці нагадвае «Што? Дзе? Калі?», аднак у плане заданняў гэта больш папулярны варыянт, разлічаны на шырокае кола ўдзельнікаў. Пасля кожнага тура здаюцца бланкі з адказамі і камандам налічваюцца адпаведныя балы.

Алеся: — Ідэя ўзнікла ўлетку 2015 года. Гэта думка прыйшла праз любоў да разнастайных квізаў, у якіх самі бралі ўдзел, і павагі да беларускага.

— А якія пытанні бываюць? Гэта толькі культурны напрамак або і іншыя таксама?

Ірына: — Вядома, сама Беларуская інтэлектуальная гульня створана найперш як асветніцкі праект, сродак папулярызацыі нацыянальнай культуры і каштоўнасцяў. Аднак любая асвета павінна адбывацца не з дапамогай гвалту ці прымусу, не сумна і па-ментарску, а весела, забаўляльна, каб было цікава. У нашых пытаннях ёсць месца слуцкім паясам і бонсцікам, этымалогіі мінскіх вуліц і барам на вуліцы Зыбіцкай, творчасці Янкі Купалы і сучасным аўтарам. Апроч такіх тураў, як «Гісторыя», «Мова», «Беларускі Арфей» (музыка), «Горад» (пытанні пра Мінск), ёсць і «Беларускі бізнес», «Спорт», «Прырода», «Сучаснае жыццё»...

— Як складаюцца пытанні? Ці ёсць нейкае замацаванне іх аўтараў за пэўнымі блокамі?

Алеся: — Такога няма, кожны піша пра ўсё, што хоча. Праўда, цікавыя пытанні пра спорт рыхтуе толькі наш вядучы, бо мы не з'яўляемся вялікімі экспертамі ў гэтай сферы. Астатняе, калі прыдумляем, змяшчаем у спецыяльным Google-файле і адказваем на пытанні адна адной, задаём вядучаму, каб «выпрабаваць» іх. Потым ужо размяркоўваем па тэматычных турах.

— Ваша аўдыторыя — гэта...

Ірына: — Людзі, якія цікавяцца сваім або проста хочуць адпачыць з карысцю. Узроставых абмежаванняў не ставім: прыходзяць і студэнты, і пенсіянеры. Аднак большасць усё ж — ад 18 да 40 гадоў.

— Такая рознаўзроставая аўдыторыя, напэўна, патрабуе асаблівага падыходу да зместу пытанняў...

Алеся: — Спрабуем знайсці баланс, каб было цікава гуляць і старэйшым, і маладзейшым, людзям, зацікаўленым беларускай тэмай і не вельмі зацікаўленым. Перамагаюць розныя каманды. Гэта залежыць хутчэй не ад узросту, а ад умення хутка разважаць і прымаць камандныя рашэнні, бо пытанні вельмі разнастайныя.

— З цягам часу нешта змяняецца ў правядзенні БІГу, дадаецца? Напрыклад, запрашаць дзеячаў культуры — гэтая ідэя з'явілася адразу?

Ірына: — Вядома, з часам узнікаюць нейкія новыя ідэі, эксперыменты з самімі турамі і пытаннямі. Калі бачым, што нешта ўспрымаецца гульцамі не так, як хацелася б, то працуем над гэтым. Але кардынальна фармат не мяняем. Традыцыя запрашаць дзеячаў культуры (музыкаў, паэтаў) пайшла з самай першай гульні. У нас ужо «засвяціліся» Юрый Жыгамонт, Аляксандр Гарцуеў, Алег Хаменка, Віктар Жыбуль, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч, Вера Бурлак, Андрусь Такінданг, Андрэй Хадановіч, Алесь Камоцкі, гурты «Зніч», «Re1іkt», «PAULІNE», «Лепшы квас».

— Як вы вызначаеце галоўную ідэю БІГу?

Алеся: — Асветніцка-забаўляльная, слоган гульні: «Раскінем розумам па-беларуску!». Мы хочам, каб наша культура пашыралася і людзі як мага больш ведалі пра сваё. І ўмелі адпачываць з карысцю, размаўляючы на сваёй роднай мове.

— Адчуваецца рост зацікаўленасці беларускай культурай і гісторыяй?

Ірына: — Апошнім часам усё больш суайчыннікаў разумее, што ім ёсць чым ганарыцца, ёсць што шанаваць, ёсць чым цікавіцца. Спадзяюся, што БІГ таксама хоць нейкім чынам спрыяе гэтаму. Часам новыя «маладыя» каманды прыходзяць да нас амаль выпадкова або толькі паспрабаваць, а пасля становяцца пастаяннымі ўдзельнікамі. У мяне ёсць прыклад каманды «Затое прыгожыя», у якой, здавалася б, першапачаткова ніхто з удзельнікаў асабліва не цікавіўся нічым беларускім. Аднак ім спадабалася гуляць, і цяпер яны нават пытаюцца, што варта пачытаць, якую музыку паслухаць. А апантаныя ўдзельнікі з каманды «Білінгва» ладзяць трэніроўкі перад паб-квізам, дзе спаборнічаюць паміж сабой у ведах, звязаных з Беларуссю.

— Асабіста для вас правядзенне такой імпрэзы — хобі ці нешта яшчэ?

Алеся: — Больш за хобі. Справа, ад якой сапраўды атрымліваеш асалоду, бо адчуваеш яе карысць.

Ірына: — А для мяне гэта яшчэ і магчымасць увасабляць назапашаныя веды ў форме квізавых пытанняў. Часам столькі ў галаве збіраецца ўсяго, што хочацца падзяліцца з іншымі.

— Каб неяк вылучацца, трэба мець пэўныя адметнасці. А ў чым асаблівасць БІГу?

Ірына: — У нашай краіне шмат паб-квізаў, але абсалютная большасць — рускамоўныя. На жаль, падобных якасных беларускамоўных і пра Беларусь праектаў амаль няма. Таму наша гульня тым і адметная. Калі самі ходзім гуляць на іншыя паб-квізы, сутыкаемся з тым, што большасць пытанняў прысвечана Расіі, Еўропе, ЗША, а Беларусь знаходзіцца дзесьці на ўзбочыне. У нас усё не так.

Таццяна АШУРКЕВІЧ, студэнтка І курса Інстытута журналістыкі БДУ

Каментары

Идея хорошая, сходили дважды и разочаровала организация.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.