Вы тут

Ксенія Пагарэлая: “Запускаю ў нябёсы з труб чароўных галасы”


Полацкі Сафійскі сабор – не толькі ўнікальны храм, але і найстарэйшы культурны цэнтр Беларусі. З 1985 года тут ізноў гучыць арган. Ён ажывае ад дотыкаў Ксеніі Пагарэлай.


– Ксенія, арган – інструмент рэдкі і даволі спецыфічны. Як адбылося ваша з ім знаёмства?

– У дзяцінстве, як і многія, я наведвала музычную школу, развучвала гаммы, эцюды, п’есы на фартэпіяна. Прызнацца, мне вельмі падабалася музыка Баха – такая натхняльная, узнёслая. Пасля школы гадзінамі слухала грампласцінкі з творамі класіка, якія ў асноўным выконваліся на аргане. Упершыню ўбачыла і пачула “ўжывую” інструмент у Рыжскім Домскім саборы. Мне было 18 гадоў. Жывая арганная музыка захапіла з першых жа хвілін – дзіўнае, касмічнае гучанне! У ёй спалучаліся велічнасць, урачыстасць і ў той жа час камернасць. Паабяцала сабе быць бліжэй з “каралём музычных інструментаў”. Пасля школы паступіла ў Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага на спецыяльнасць “фартэпіяна”, і адразу ж запісалася на дадатковыя заняткі па класу аргана.

Працоўная біяграфія пачалася з выкладання фартэпіяна ў Далёкаўсходнім педагагічным інстытуце мастацтваў, што ва Уладзівастоку. Вяліся размовы пра ўсталяванне ў горадзе аргана, і гэта было мне як бальзам на душу. Аднак словы доўгі час разыходзіліся са справай (дарэчы, цяпер ва Уладзівастоку ў лютэранскай царкве Святога Паўла ладзяцца арганныя канцэрты).

Неспадзявана ў 1987 годзе мне тэлефануе каляжанка і прапануе стаць тытулярнай арганісткай канцэртнай залы ў старажытным Полацкім Сафійскім саборы. Згадзілася, ні хвіліны не вагаючыся!

– Мне здаецца, асвоіць такі мудрагелісты інструмент са шматлікімі кнопачкамі, педалямі, клавішамі даволі складана…

– Раней ігру на аргане адносілі да факультатыўнай дысцыпліны. Сёння абітурыент можа паступіць на спецыяльнасць "арган" ужо як на асноўную. На жаль, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі такой практыкі пакуль няма, у адрозненне ад кансерваторый Масквы, Кіева, Санкт-Пецярбурга.

Асноўныя прычыны звязаныя з недахопам інструментаў. Калі фартэпіяна ёсць у кожнай музычнай школе, то арган сустрэнеш у рэдкай музычнай установе, часцей – у касцёлах. Для дома яго наўрад ці хто стане купляць. Можна, канешне, набыць электронны арган, але ён даволі дарагі і грувасткі. А вучням жа трэба сістэмна займацца, набірацца майстэрства…

Калі гаварыць пра арган у Сафійскім саборы, то гэта інструмент канцэртны, на ім нельга даваць урокі. Таксама тут працуе музей, турысты з экскурсіямі ходзяць амаль без перапынку. Як навучэнцам займацца – хіба што па начах? Для добрых вынікаў патрэбныя добрыя ўмовы. Але найперш павінна быць жаданне. Памятаю, я прыходзіла дадому, малявала на лісточках клавіятуру і займалася гадзінамі такім, на першы погляд, недарэчным спосабам.

– Затое сёння вы самая вядомая арганістка Беларусі!

– Дзякуй за добрыя словы. Для мяне насамрэч важна, каб на канцэрце слухачы адпачывалі душой, падымаліся над будзёнасцю, віталі ў марах і натхняліся. Хай нават крышку “пакімараць” – на здароўечка! Неяк да мяне пасля выступлення падышла жанчына і кажа: “Вялікі дзякуй за канцэрт! Ведаеце, пад музыку аргана неспадзявана заплюшчыліся вочы, і ўбачыла я родную вёску, сваіх блізкіх – нібы перанеслася ў мінулае. Вы мне падарылі дзіўныя хвіліны шчасця!” Яна была сапраўды шчаслівая, і тут я зразумела – гэта галоўнае. Прызнаюся, раней перажывала, калі бачыла, што ў людзей вочы заплюшчаныя, думала – спяць, бо нецікава ці я неэмацыянальна іграю. Але ўсё не так проста…

– Наколькі ў Беларусі цікавяцца арганнай  музыкай?

– Цікавасць да інструмента ёсць. Але сёння мы ўсе назіраем, як нематэрыяльнае, духоўнае адыходзіць на другі план, саступаючы месца іншым каштоўнасцям. Моладзь выбірае прыбытковыя, грашовыя спецыяльнасці. Таленавітыя хлопчыкі і дзяўчаткі з вялікімі здольнасцямі не хочуць звязваць сваё жыццё з класічнай музыкай, яны спыняюцца на прыступцы музычнай школы і збочваюць.

Асабіста я ніколі не ставіла на першае месца грошы. Галоўнае, каб праца прыносіла мне задавальненне і душэўны спакой.

Арганіст пастаянна імправізуе, але не ў нотным тэксце, а ў рэгістрах, гучанні музыкі. Гэта вельмі цікава. Арган можа гучаць і магутна, і пяшчотна, і стрымана, або наадварот, вельмі ўпэўнена, тэмпава – гледзячы як арганіст вырашыць пераключыць кнопачкі. Музыкант тут – не проста выканаўца, а творца!

– У Сафійскім саборы ўжо некалькі гадоў праводзяцца музычныя заняткі для дзяцей. Шмат жадаючых?

– Так. Прыходзяць цэлымі сем’ямі. У нашай утульнай канцэртнай зале мы з Алёнай Мартынавай (загадчыца канцэртнага аддзела Сафійскага сабора) знаёмім малечу з гучаннем бубна, клавесіна, аргана, праводзім для іх музычныя гульні і віктарыны. Мы імкнёмся выклікаць у дзетак станоўчыя эмоцыі і жаданне прыйсці да нас яшчэ раз. Пакуль гэта атрымліваецца. Я бачу, як шырока расплюшчаныя ў іх вочы, як шчыра яны пляскаюць у далоні, з якой цікавасцю і ўсмешкай за ўсім назіраюць. Далучэнне дзяцей да мастацтва праходзіць без прымусу, лёгка і ахвотна – таму яны і атрымліваюць задавальненне. Прыемна, што ў нашы заняткі ахвотна ўключаюцца і дарослыя.

– Ксенія, вы – першая беларуская арганістка, якая выступала ў славутым саборы Нотр-Дам-дэ-Пары. Як вам гэта ўдалося?

– Інфармацыя не сакрэтная (усміхаецца). Ёсць пэўны адрас, на які трэба адпраўляць запыты. Даслала туды біяграфію, запісы выступленняў, дзве канцэртныя праграмы (яны не павінны былі займаць больш за 38 хвілін). Праз пэўны час мне адказалі: “Будзем рады Вас бачыць!”. Да арганізатараў прыходзяць тысячы запытаў ад арганістаў з усяго свету – не магла паверыць, што мне так пашчасціла.

Чакаць выступлення ў Парыжы давялося больш за чатыры гады. Перад канцэртам у Нотр-Дам было дзве рэпетыцыі. Нібы дакранулася да гісторыі: уявіце, на гэтым аргане ігралі Сезар Франк і Сен-Санс. Як вядома, першы арган быў устаноўлены ў саборы ў 1402 годзе. За стагоддзі інструмент неаднойчы рэканструяваўся і пераробліваўся. Апошняя значная рэканструкцыя адбылася ў сярэдзіне XIX стагоддзя, а ў 1992 годзе інструмент камп’ютэрызавалі. Сёння ў аргана Нотр-Дам-дэ-Пары 5 мануалаў (мануал – клавіятура), 121 рэгістр і больш за 10 тысяч труб! Гэта самы вялікі арган Еўропы.

Паслухаць маё выступленне прыйшлі каля паўтары тысячы чалавек. Я выконвала “Малітву” Ганны Кароткінай і твор Луі В’ерна “На Рэйне”. Дарэчы, нямецкі кампазітар канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя доўгі час быў арганістам у Нотр-Даме і сваю п’есу напісаў менавіта для гэтага аргана. Апладысменты не сціхалі вельмі доўга.

– Аргану Сафійскага сабора крышачку за 30. Але і за ім патрэбны дасканалы догляд. Якім чынам яго ажыццяўляеце?

– Наш арган зроблены майстрамі чэхаславацкай фірмы “Rieger Kloss”, першы канцэрт на ім быў дадзены ў 1985 годзе народным артыстам РФ, арганістам Алегам Янчанкам. Полацкі арган адразу заявіў пра сябе як інструмент з незвычайна прыгожым выразным голасам, паліфанічнасць гучання якога падкрэслівае ўнікальная акустыка залы старажытнага храма. Па памерах арган сярэдні, у ім 48 рэгістраў і каля 4 тысяч труб. Самыя вялікія маюць вышыню 6 метраў і дыяметр 1,5 метра, а самыя маленькія – як алоўкі. У гучанні аргана чуюцца галасы флейты, трубы, габоя, трамбона, дуды і інш. Для догляду за інструментам запрашаем майстра-інтаніроўшчыка з Кіева Дзмітрыя Ціценку – гэта спецыяліст з вялікай літары! Ён дапамагае нам падтрымліваць арган у выдатным стане. Некалькі гадоў таму ўстанавілі на інструменце сучасную камп’ютэрную сістэму рэгістравых камбінацый. Замест 4 магчымых іх цяпер амаль 10 тысяч (!), што значна ўзбагачае тэмбравую афарбоўку і аблягчае працу арганіста і асістэнта.

Музыканты, што прыязджаюць да нас, вельмі задаволеныя станам і гучаннем полацкага аргана. Штогод у канцэртнай зале Сафіі адбываецца каля 300 канцэртаў. Тут выступілі ўжо больш за 60 арганістаў з розных краін свету.

Дарэчы

У Беларусі арганы можна ўбачыць і пачуць у многіх касцёлах. Адзін з самых старэйшых інструментаў (канец XVIII ст.) знаходзіцца ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна. Ён багата аздоблены разьбой і скульптурамі, захаваліся старажытныя скураныя мяхі, рэгістры.

Вы названыя сярод ініцыятараў міжнароднага фестывалю арганнай музыкі “Званы Сафіі”. Чым сёлета будзеце здзіўляць гасцей?

– Фестываль пройдзе на полацкай зямлі ўжо 22-гі раз, прыедуць як славутыя і вядомыя музыканты, так і таленавітыя маладыя выканаўцы. У Сафійскім саборы прагучыць музыка эпохі барока, французскага і нямецкага рамантызму, а таксама сучасных кампазітараў. Адкрые грандыёзны музычны форум кантата “Stabat Mater” італьянскага кампазітара Джавані Пергалезі. Упершыню да нас прыедзе Мікалай Гершык з Фрыдрыхсхафена, горада-пабраціма Полацка. Чакаем арганістаў з Расіі, Абхазіі, Беларусі.

Запрашаю ўсіх аматараў класічнай музыкі на нашы канцэрты. Гарантую прыемныя ўражанні, новыя адкрыцці і знаёмствы. Дарэчы, канцэрты арганнай музыкі для Беларусі ўжо не рэдкасць, яны праходзяць у касцёлах Мінска, Гродна, на канцэртнай пляцоўцы “Верхні горад”. І гэта не можа мяне не радаваць.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?