Вы тут

Алімпіяда ў вёсцы? А чаму б і не!


У вёсцы Грабёнка, што на Чэрвеньшчыне, на летніх канікулах дзецям і падлеткам не бывае сумна. Яны з непадробным энтузіязмам удзельнічаюць у сапраўднай спартыўнай алімпіядзе. Яе, прыязджаючы ў адпачынак на радзіму жонкі, вось ужо на працягу шаснаццаці гадоў ладзіць маскоўскі тэлежурналіст Дзмітрый Жураўлёў.


...Назва «Алімпіяда» абрана невыпадкова. У вясковых спаборніцтвах, на думку арганізатара, як і ў вялікіх гульнях, закладзены сакральны філасофскі сэнс яднання розных людзей. Там дзеці сапраўды гуртуюцца, маюць стасункі, заводзяць сяброўства.

Першыя спаборніцтвы адбыліся ў далёкім 2002 годзе.

— Спачатку мясцовыя хлопцы проста гулялі ў футбол, а я прыходзіў судзіць матчы, — успамінае Дзмітрый. — Адзін з іх прапанаваў арганізаваць спаборніцтвы не толькі па футболе. Шчыра кажучы, спачатку я яго ідэю не ацаніў. Але на наступны год пачалі падыходзіць малодшыя дзеці, якія пераконвалі мяне, што гэта вельмі цікава. Вырашылі паспрабаваць наладзіць спаборніцтвы. Ніхто нават не думаў, што ўсё будзе працягвацца так доўга. Ужо цэлых шаснаццаць гадоў! Напачатку ў Алімпіядзе ўдзельнічала недзе 25 дзяцей і падлеткаў, і нам здавалася, што гэта вельмі шмат. Сёлета толькі на бег прыйшло 56! Прыемна...

— Калі б вы ўсё ж не падтрымалі ініцыятыву дзяцей, ці змаглі б яны арганізавацца самі?

— Ёсць два вельмі важныя моманты, калі ўдзел дарослага абавязковы. Па-першае, гэта атрыманне дазволу на правядзенне спаборніцтваў. Без яго — ніяк. Напрыклад, велагонкі ў нас праходзяць вакол школы, больш няма дзе. Паводле правілаў бяспекі, туды проста так не прайсці: стаіць высокая агароджа, вароты — на замку. Нават калі б дваццаць дзяцей прыйшлі з веласіпедамі, іх усё роўна не пусцілі б. Я пайшоў у райвыканкам да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларысы Асановіч, і дзякуючы ёй мы паразумеліся з кіраўніцтвам школы. Па-другое, не сакрэт, што падчас спаборніцтваў здараюцца спрэчныя моманты. Таму і павінен быць дарослы суддзя, слова якога — закон.

— За шаснаццаць гадоў шмат змянілася?

— Безумоўна. Ранейшым застаецца толькі тое, што кожны год улетку тут збіраюцца хлопчыкі і дзяўчынкі — новыя і сталыя ўдзельнікі. Для іх Алімпіяда — вельмі чаканая падзея. Многія пачынаюць пытацца пра расклад і час наступных спаборніцтваў ужо ўзімку... За шаснаццаць гадоў пашырыўся ўзроставы дыяпазон удзельнікаў. Верхняя мяжа допуску засталася нязменнай — дзяўчаты да пятнаццаці гадоў, хлопцы — да чатырнаццаці, але прыходзяць зусім малыя, якія вельмі хочуць далучыцца да Алімпіяды. Былі выпадкі, калі кідалі тапак на дальнасць дзеці, якім няма яшчэ двух гадоў, а ў бегу на старт выходзілі двухгадовыя... Таксама прыкметна павялічылася агульная колькасць удзельнікаў. Змянілася стаўленне дзяцей да Алімпіяды. На першыя спаборніцтвы яны прыходзілі больш для таго, каб пабыць разам: для іх гэта было найважней, чым атрымаць грамату, заняць першае месца. цяпер прыходзяць перамагаць. Калі дзесяць—дванаццаць гадоў таму ўдзельнік мог з'явіцца ў джынсах, пляжных шлёпанцах, нават у ботах ці паліто, і гэта было нармальна, то цяпер прыходзяць у спартыўнай форме і нацэлены толькі на перамогу. Такія драматычныя бываюць у нас спаборніцтвы, акурат як на гульнях сусветнага маштабу!

Сёння Алімпіяда ў Грабёнцы — жаданая падзея для мясцовых юных жыхароў, а таксама для мінчан, якія ўлетку бавяць тут час у сваякоў. Дзеці з суседніх вёсак таксама не лянуюцца пераадольваць некалькі кіламетраў на веласіпедах, каб паўдзельнічаць у спаборніцтвах. З кожным годам гульні развіваюцца, удасканальваюцца і становяцца ўсё больш папулярныя. Не палохаюць удзельнікаў нават умовы надвор'я: калі хмары захінулі неба — Алімпіядзе ўсё роўна быць. Часам увогуле здараюцца цуды — на зямлю не ўпадзе аніводная кропелька дажджу, пакуль не скончацца спаборніцтвы.

На Алімпіядзе — шырокі выбар спартыўных гульняў. Самыя папулярныя з іх — бег, стральба, боўлінг, дартс. Віды спаборніцтваў выбіраюцца, канешне ж, па даступнасці. У Грабёнцы няма вялікага стадыёна ці басейна... Дзмітрый Жураўлёў разам з неабыякавымі бацькамі і іх дзецьмі штогод абмяркоўвае летнюю праграму Алімпіяды. У сацыяльнай сетцы «УКантакце» створана суполка, у якой удзельнікі могуць выказаць сваё меркаванне і прапанаваць штосьці новае.

Дзмітрый штогод прывозіць з Масквы відэакамеры, на якія запісвае ўсе спартыўныя гульні. Пасля робіць відэафільм для тамтэйшага кабельнага тэлебачання. Відэа можна паглядзець і на Youtube. Вядучыя і аператары — самі ўдзельнікі ці тыя, хто ўжо пераадолеў узроставую мяжу. Такой справай дзеці захапляюцца не менш, чым самімі гульнямі, а можа нават развіваюць схаваны журналісцкі талент. Між іншым, відэафільмы атрымалі водгук у Маскве. Дзмітрый расказвае: «Многія людзі, асабліва пенсійнага ўзросту, ладзяць падобныя спаборніцтвы ў сваіх дварах. Канешне, меншага маштабу, з меншай колькасцю ўдзельнікаў... Гэта сведчыць аб тым, што наша Алімпіяда стала для іх стымулам праводзіць сваю».

Нават у век панавання лічбавага тэлебачання і інтэрнэту алімпійская ідэя жыве не толькі ў сусветным маштабе. І для таго, каб адчуць сябе чэмпіёнам, не абавязкова мець прафесійную падрыхтоўку. Галоўнае — жаданне і імкненне арганізоўваць, удзельнічаць, перамагаць.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Каментары

Цудоўныя каляровыя фоткі!!!! І чаму яшчэ "Звязда" не поўнаколерная?! Чорна-белыя не так глядзяцца... :((((

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».