Вы тут

За пяць гадоў у Беларусі выраблена біятэхналогій на 3 мільярды долараў


«Гэта сур'ёзная сума. Нават у Мінэканомікі здзіўляюцца: як так? У нас ёсць усё для развіцця біятэхналогій: рэсурсы, людзі, якія могуць гэта рабіць», — дзеліцца генеральны дырэктар дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», дырэктар Інстытута мікрабіялогіі Эмілія КАЛАМІЕЦ.


За пяць гадоў па дзяржаўных праграмах у краіне створана больш за 170 сучасных біятэхналогій, мадэрнізавана 12 вытворчасцяў, арганізавана восем цэнтраў і лабараторый, дзевяць новых прадпрыемстваў і 39 біятэхналагічных вытворчасцяў.

Пераважнае развіццё атрымалі распрацоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Напрыклад, розныя віды біяпаліва: біядызель, біягаз.

— Мы прапануем на рынак розныя прэпараты, якія дазваляюць замяніць хімічныя, мінеральныя ўгнаенні. Наша навінка — комплексныя мікробныя прэпараты. Пры ўнясенні іх у глебу абагачаюцца цэнозы, і гэта дазваляе атрымаць экалагічна чыстую прадукцыю і павысіць ураджайнасць, — адзначыла Эмілія Каламіец. — На мікробныя прэпараты за мяжой попыт большы, чым у краіне. Актыўна імі цікавяцца ў Расіі, краінах Балтыі. Чаму ў Беларусі не? Для нас гэта таксама незразумела. Мы пастаянна расказваем аб перавагах такіх угнаенняў, але, напэўна, прасцей «хімію» засыпаць і забыць.

Сярод беларусаў расце попыт на генетычныя аналізы — іх праведзена ўжо больш за 100 тысяч. Запатрабавана генетычнае тэсціраванне спартсменаў: яго прайшло каля 500 элітных атлетаў з 30 нацыянальных зборных камандаў. Такое тэсціраванне дазваляе вызначыць здольнасці чалавека, даведацца, калі ён выходзіць на пік сваёй формы і калі настае спад. Гэта дапамагае выпрацаваць індывідуальны падыход да кожнага.

А з наступнага года пры прыёме на работу, магчыма, будуць праводзіць генетычнае тэсціраванне на... стрэсаўстойлівасць.

— У лістападзе мы прадставім гэтую методыку на адабрэнне. Калі яна будзе ўхвалена, то пачнём праводзіць тэсціраванне са студзеня 2018 года, — тлумачыць дэталі дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Валянціна ЛЕМЕШ. — Яно будзе карысна пры прыёме, напрыклад, у МНС. Бо чалавек можа выдатна падыходзіць для работы па фізічных параметрах, але пры выглядзе абгарэлага чалавека ўпадаць у паніку.

Беларускія навукоўцы развіваюць таксама клетачныя тэхналогіі. Іх прымяняюць для лячэння захворванняў, якія з цяжкасцю паддаюцца іншым метадам.

— Клетачныя тэхналогіі ў свеце набываюць папулярнасць. Калі першыя такія метады лячэння ў ЗША з'явіліся ў канцы мінулага стагоддзя, то цяпер кожны дзясяты амерыканскі хірург выкарыстоўвае іх у сваёй практыцы, — расказвае намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі Наталля ПШЫБЫТКА. — У нашай краіне актыўна распрацоўваюцца метады, якія будуць прымяняцца ва ўралогіі, стаматалогіі, афтальмалогіі. Сёння мы з дапамогай клетачных тэхналогій лечым трафічныя язвы. Гэта, магчыма, не вельмі распаўсюджанае захворванне, але яно прычыняе вялікую шкоду пацыентам і істотна пагаршае якасць іх жыцця. Гэтым метадам у Беларусі пралечана ўжо некалькі дзясяткаў людзей. Ва ўсіх выпадках назіраўся станоўчы эфект.

Нашы навукоўцы могуць пахваліцца і першымі распрацоўкамі па аднаўленні нервовых клетак. Акрамя гэтага, яны будуць удзельнічаць у стварэнні фотадатчыка для дэтэкцыі раку, у прыватнасці раку малочнай залозы. Праект рэалізуецца сумесна з навукоўцамі Латвіі, Літвы, Францыі, Іспаніі. Датчык будзе пераўтвараць сігнал біямалекул у аптычны сігнал і хутка і якасна тэсціраваць наяўнасць анкалагічнага захворвання ў арганізме.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мікробныя ўгнаенні і лячэнне клеткамі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.