Вы тут

Да брэсцкай «Вежы»


Фестываль, дзе сыходзяцца розныя кірункі 

Праграма складзена, тэатралы рыхтуюцца: на пачатку верасня Брэст прымае ХХII Міжнародны фестываль «Белая вежа», дзе збяруцца калектывы з розных куткоў свету. Сёлета ў фестывалі возьмуць удзел драматычныя, лялечныя, музычныя, пластычныя і нават вулічныя тэатры з 14 краін свету.


Усяго 29 спектакляў ад 29 тэатральных калектываў будуць паказаны з 8 па 17 верасня. Пастаноўкі на 11 мовах свету — можна адчуць каларыт краін, нават калі тэатры прывозяць правераную класіку кшталту Бертольда Брэхта ці Антона Чэхава. Зрэшты, асаблівасць тэатральнага мастацтва ў тым, што калі зроблена ўдумліва і з душой, то прабівае на эмоцыі незалежна ад мовы і нават непатрэбны субцітры з перакладам (але яны ўсё ж будуць).

Тое, што Брэст — тэатральны горад, зразумела і па тым, што фактычна ўсе пляцоўкі ў гэтыя дні будуць аддадзены пад фестывальныя паказы: вялікая і малая залы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Брэсцкі тэатр лялек, спектаклі пройдуць у Абласным грамадска-культурным цэнтры і нават на плошчы Леніна.

На адкрыццё выбралі «Пінскую шляхту» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Наогул фестывальная афіша 2017 года багатая на эксперыментальныя драматычныя пастаноўкі і спектаклі па сучаснай драматургіі. Уключаны нават тры монаспектаклі, прычым адзін з іх прадставяць гаспадары з Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы: аўтарскі твор «Дарожка мая» ў выкананні лідара этнатрыа «Тройца» Івана Кірчука. Ёсць у праграме спектаклі, якія інтрыгуюць высокімі адзнакамі і ўдзелам вядомых артыстаў. Напрыклад, Маскоўскі тэатр юнага гледача пакажа спектакль «Скрыпка Ротшыльда» па апавяданні А. Чэхава, які атрымаў расійскую тэатральную прэмію «Залатая маска» ў намінацыях «Лепшы спектакль вялікай формы» і «Лепшы мастак». У пастаноўцы заняты народны артыст Расійскай Федэрацыі Валерый Барынаў. Таксама ў брэстаўчан і гасцей ёсць магчымасць паглядзець на працу Аляксандра Балуева ў спектаклі «ВДВ. Усім добры вечар!». У Брэсце сёлета нядрэннае прадстаўніцтва і беларускіх тэатраў, у тым ліку з эксперыментальнымі пастаноўкамі, сярод якіх, напрыклад, «Опіум» Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт-Карпарэйшн» пра выбар чалавека, які жыве ў невялікім горадзе, і небяспеку, якая можа чакаць кожнага ў любы момант жыцця. Сучасны тэатр гаворыць з людзьмі пра тое, што ім баліць. І пра ўсё астатняе таксама...

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».