Вы тут

Вадзіць можна дзіця — за ручку, а машынай лепш кіраваць


«Мой брат працуе ў тралейбусным парку», — гэта я кажу смела, а вось далей — губляюся, бо не ведаю кім? Растлумачце, як па-беларуску правільна — вадзіцель ці ўсё ж кіроўца? І жанчына-прадавец гэта «прадавачка», «прадаўшчыца» ці «прадаўніца». Ад сваіх беларускамоўных сяброў я чула ўсе тры варыянты слова», — піша па электроннай пошце спадарыня Наталля.


Ягор Барысік з Асіповічаў цікавіцца, ці ёсць у нашай мове слова «бескаштоўны»?

На пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Выбар варыянта слова для спецыяліста, які кіруе транспартным сродкам, у нашай літаратурнай мове пакуль не завершаны. Магчыма таму, што на народныя гаворкі тут, на жаль, не абапрэшся: у іх самым распаўсюджаным варыянтам было слова шафёр (ці яго формы шофер, шахвір). Але ім, згадзіцеся, ужо не назавеш чалавека, які кіруе тралейбусам, трамваем, нават уласным аўто.

Доўгі час у літаратурнай мове ўжываўся назоўнік вадзіцель, той, хто (паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы) кіруе (звернем увагу на гэтае слова) самаходнай машынай, аўтамабілем, танкам, катарам і пад. Таму не дзіва, што ў апошнія гады (і, магчыма, не без уплыву польскай мовы) усё шырэйшае распаўсюджанне набывае назоўнік кіроўца. Ён добра ўпісваецца ў сістэму нашай мовы, бо тут ёсць шмат падобных: знаўца, выканаўца, збаўца. Да таго ж у дачыненні да аўтамабіляў, аўтобусаў, тралейбусаў сёння ўсё часцей ужываецца і дзеяслоў кіраваць. Таму варыянт кіроўца варта выкарыстоўваць як асноўны, што мы і робім у публікацыях «Звязды».


2. Што да работніц гандлю, то на сучасным этапе асноўным варыянтам з'яўляецца назоўнік прадаўшчыца. Менавіта яе пісьменнік, перакладчык і педагог Анатоль Клышка падае ў сваім «Самавучку беларускай мовы» як жаночы адпаведнік назоўніку прадавец. (Цікава таксама, што гэтым словам карыстаўся і польскі беларускі пісьменнік Сакрат Яновіч.) Аднак граматычнаму і фанетычнаму ладу беларускай мовы ніколі не супярэчаць і прадаўніца з прадавачкай.

З гэтага ж разраду і такія словы, як аўтарка, паэтка, акцёрка...

Часам можна пачуць, што яны выражаюць знявагу, аднак гэта — беспадстаўнае меркаванне, і ўзнікла яно, хутчэй за ўсё, па аналогіі з рускімі адпаведнікамі авторша, поэтша, актерша, якія і сапраўды маюць трохі зневажальнае адценне, могуць служыць паказчыкам панібрацкага стаўлення.

У беларускай мове гэтыя формы ў стылістычных адносінах нейтральныя. Напрыклад, слова аўтарка Якуб Колас ужываў у сваёй кнізе «Методыка роднае мовы» (1926). Гэтае ж слова як адпаведнік жаночага роду да назоўніка аўтар без аніякіх абмежавальных памет падае «Расійска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928).

Слова паэтка таксама ўжываюць аўтарытэтныя пісьменнікі, даўно ім карыстаюцца і журналісты «Звязды».

Зазначым, што ад слова мужчынскага роду ўтварыць назоўнік на -ка не заўсёды і можна, і трэба. Такія словы, як міністр, пасол — асабліва ў тэкстах афіцыйна-справавога і навуковага стыляў — трэба ўжываць у іх першапачатковых мужчынскіх формах.


3. Што датычыцца слоў бескаштоўны і бескаштоўна, то тут хутчэй за ўсё ўплыў украінскай мовы (безкоштовний, безкоштовно). Аднак гэта запазычанне зусім неабгрунтаванае. Беларусы, у тым ліку класікі нашай літаратуры, здаўна карыстаюцца словамі бясплатны, бясплатна: гэта значыць, атрымліваем нешта, не даючы за гэта платы... Калі ж вы перакладаеце рускае «бесценный», то тут, у залежнасці ад сэнсу, можа быць некалькі варыянтаў: вельмі каштоўны, бясцэнны, неацэнны.

Сінонімам да слова бясплатны выступае прыметнік дармавы (дармовы).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.