Вы тут

Як жыве Акцябрскі?


Як жыве пасёлак-спадчыннік сталіцы былой Рудабельскай рэспублікі? Пра гэта «Звяздзе» расказаў старшыня Акцябрскага райвыканкама Руслан ГЛУШКО.


— Пачынаецца новы навучальны год. Як Акцябрскі раён да яго падрыхтаваўся?

— Гэта, несумненна, адказная пара не толькі для педагагічных калектываў, вучняў і іх бацькоў, але і для ўсіх службаў, зацікаўленых у бяспечным знаходжанні дзяцей у школах. У Акцябрскім раёне паспяхова прайшла прыёмка гатоўнасці ўстаноў адукацыі і спорту да новага навучальнага года: пашпарты гатоўнасці атрымалі 23 установы. Рабочая група праверыла тэхнічны стан будынкаў і кабінетаў, спартыўных збудаванняў, наяўнасць і адпаведнасць патрабаванням нарматыўных дакументаў і матэрыяльна-тэхнічную базу.

Першага верасня ў яшчэ не зусім выветраныя ад фарбы класы ўвойдзе больш за 1500 вучняў раёна, якія пачнуць навучальны год з першага ўрока «Беларусь — мая Айчына!» У абноўленых школах сядуць за парты 147 першакласнікаў. Да пачатку навучальнага года ўсе школьнікі забяспечаны падручнікамі і навучальнымі дапаможнікамі ў поўным аб'ёме.

Сем школьных аўтобусаў будуць дастаўляць больш за 250 вучняў, у дзіцячыя садкі і дадому будуць падвозіцца 30 дашкольнікаў. Да новага навучальнага года атрыманы новы аўтобус для Краснаслабодскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Усе ўстановы адукацыі і спорту раёна забяспечаны кваліфікаванымі кадрамі. 35 маладых спецыялістаў пачнуць свой працоўны шлях у Акцябрскім раёне.

Шчыра віншую ўсіх з новым навучальным годам. Хацелася б пажадаць кожнаму вялікага поспеху, мэтанакіраванасці і добрага здароўя.

— Гарадскі пасёлак Акцябрскі ў жніўні адзначаў свой Дзень горада. Пасёлак быў утвораны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя з некалькіх населеных пунктаў. У тым ліку з Рудобелкі, якая магла б сёлета адзначыць сваё 510-годдзе. Як гістарычнае мінулае знаходзіць адлюстраванне ў сучасным Акцябрскім?

— Сёлета, 19 жніўня, на свяце горада тэматычная кампазіцыя ў выкананні мясцовых работнікаў культуры адлюстравала летапіс гістарычных этапаў г. п. Акцябрскі. Першая пісьмовая згадка сяла Рудыя Белкі (Рудобелка) знаходзіцца ў кнізе запісаў №8 Літоўскай Метрыкі за 1499—1541 гады. Там утрымліваецца грамата караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ад 12 лютага 1507 года, у адпаведнасці з якой троцкі ваявода Мікалай Радзівіл атрымаў на 10 гадоў прыбытак і даніну з Рудых Белак у Мазырскім павеце Бчыцкай (Пціцкай) воласці. У 1516 годзе Рудыя Белкі былі падораны Мікалаю Радзівілу «на вечнасць».

На карце нашай рэспублікі гарадскі пасёлак Акцябрскі з'явіўся як цэнтр раёна 31 жніўня 1954 года. Ён быў утвораны ў выніку аб'яднання трох населеных пунктаў: Рудобелкі, Карпілаўкі і Рудні — і атрымаў статус раённага цэнтра.

Аддаючы даніну мужнасці і подзвігу многіх пакаленняў рудобельцаў, вывучаючы і развіваючы гістарычную спадчыну, жыхары пасёлка берагуць памяць продкаў, захоўваюць самабытную культуру. Прыкладам гэтага можа служыць Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». У 2018 годзе ён будзе праводзіцца ўжо дзясяты раз у Акцябрскім, што дасць магчымасць моладзі далучыцца да духоўна-маральных каштоўнасцяў, фальклору і народнага мастацтва.

— У краіне пачаўся працэс вяртання грошай, налічаных за 2015 год па Дэкрэце №3, тым, хто спачатку трапіў у спіс непрацуючых грамадзян, але пасля быў з яго выдалены. Растлумачце, калі ласка, як працэс вяртання ідзе ў вашым раёне?

Паколькі ў падатковую інспекцыю працягваюць паступаць звароты, казаць пра канкрэтныя лічбы па нашым раёне яшчэ рана. Пошукам работы для непрацуючых удзяляецца вялікая ўвага. У цэнтры занятасці Акцябрскага раёна з 1 студзеня 2017 года было зарэгістравана 278 чалавек, з якіх працаўладкавана 215, 69 чалавек удзельнічалі ў грамадскіх работах, якія аплачваюцца, выдадзена тры субсідыі для адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці, прафесійнае навучанне прайшлі 4 беспрацоўныя. Па стане на 24 жніўня 2017 года знаходзяцца на ўліку 53 чалавекі. Вакансій у раёне — 114, у тым ліку у г. п. Акцябрскі — 54, у сельскай мясцовасці — 60. Узровень рэгіструемага беспрацоўя — 0,9%.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Акцябрскія будні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?