Вы тут

«Алмазная сутра» – у Полацку


Рэдка хто ў Кітаі не ведае “Алмазную сутру”. Менавіта яна стала першай ксілаграфічнай кнігай у Паднябеснай. І адбылося гэта ў 868 годзе нашай эры. Праўда, упершыню яе выявілі ў 1900 годзе ў Заходнім Кітаі. Папера ж нарадзілася таксама ў Кітаі – яшчэ ў 105 годзе. Магчыма, нават і раней выраблялася папера, а ў 105 годзе Цай Лунь удасканаліў яе вытворчасць. Выкарыстаў пры гэтым драўляную кару, анучы, рыбалоўныя сеткі. Кара была асноўнай сыравінай. З часам пачалі вырабляць і асабліва дарагую паперу – з сандалавай кары. Ад яе быў асабліва прыемны пах. Так папера выцясніла з розных службовых канцылярый бамбук і шоўк, якія дагэтуль выкарыстоўваліся для запісаў чарніламі…


Гэтыя і іншыя таямніцы, што паспрыялі нараджэнню кнігадрукавання ў Кітаі, можна будзе пачуць на Дні беларускага пісьменства ў Полацку 3 верасня а 11-й гадзіне на “Друкарскім двары XVI стагоддзя”. Якраз у гэты час вядомы калекцыянер старых паштовак, гісторык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Ліхадзедаў ладзіць прэзентацыю ўзноўленай па старых тэхналогіях кітайскай “Алмазнай сутры”.

– Другая з вядомых друкаваных у свеце кніг – “Алмазная сутра” не можа не прывабліваць, - дзеліцца сваімі развагамі лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзімір Ліхадзедаў. – А ўвогуле самім зваротам да ўзнаўлення гэтага помніка кніжнай культуры я хачу падкрэсліць важкасць стасункаў паміж народамі і культурамі. Ва ўсе часіны такія зносіны былі асновай міралюбства і гуманізма. Дык чаму зараз нам не шукаць еднасць у памкненнях да асэнсавання розных культур, да развіццяі ўмацавання паважлівага стаўлення да чужых здабыткаў?!.Якраз да станоўчага адказу на гэтае пытанне і скіраваны мой шматгадовы праект “У пошуках страчанага”. Францыск Скарына запачаткаваў сваю ўнікальную ініцыятыву па друкаванню кніг, пэўна ж, маючы ўжо нейкі досвед. Не выключана, што наш суайчыннік ведаў і пра кітайцаў і іх здабыткі ў галіне кнігавыдання.

Поруч з узноўленай “Алмазнай сутрай”на “Друкарскім двары…” можна будзе пазнаёміцца са скарынаўскай спадчынай. Дарэчы, “скарынаўскіх адрасоў” на свяце пісьменства ў Полацку звышдастаткова. На пляцоўцы ля помніка Р. Кандраценку будзе працаваць тэатр жывых фігур эпохі Ф. Скарыны. Будзе ладзіцца і “Скарынаўскі квэст”. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі арганізоўвае гашэнне маркі і паштовага канверта, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. А яшчэ – і міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў “Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы і прэзентацыя кнігі Ф. Скарыны “Малая падарожная кніжка” з кнігазбору ААТ “Белгазпрамбанк”…

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».