Вы тут

Дзівосы музейнага горада


Гістарычная спадчына для Полацка мае такую ж значнасць, як для іншых рэгіёнаў прыродныя рэсурсы, радовішча нафты ці алмазаў. Скарбы горада — рухомыя і нерухомыя — сталі асновай для стварэння музеяў.

Яшчэ ў ХІ — ХІІ стст. у Сафійскім саборы і Спасаўскім манастыры пачалі збіраць кнігі і абразы. Умоўна манастырскія скарбы можна назваць калекцыямі музейнага характару. Іх існаванне ў ХІ — XVIII стст. стала падмуркам, на якім са стварэннем музея ў Полацкім езуіцкім калегіуме пачалося музейнае будаўніцтва ў горадзе.

Сёння ў складзе Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка працуе 11 музеяў. На якія з іх трэба звярнуць увагу ў святочныя дні? Зарыентавацца дапамагла Тамара ДЖУМАНТАЕВА, дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


У Музеі беларускага кнігадрукавання. Фота Анатоля Клешчука.

1.Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора

Сведкам таго, як Полацк станавіўся калыскай беларускай дзяржаўнасці, быў Сафійскі сабор. Пабудаваны легендарным полацкім князем Усяславам Чарадзеем у сярэдзіне ХІ ст., храм стаў месцам, дзе знаходзілася кафедра архіепіскапа, заключаліся палітычныя і гандлёвыя дамовы, захоўваўся княжацкі скарб, ствараліся полацкія летапісы і перапісваліся кнігі, зберагалася бібліятэка, а падчас вайны маглі схавацца ад ворагаў жыхары Полацка. Першая мураваная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі — Сафійскі сабор паклаў пачатак не толькі каменнаму будаўніцтву, але і своеасаблівай полацкай школе архітэктуры.

Да сённяшніх дзён захаваліся сведкі падзей часоў Полацкага княства: падмурак, алтарная апсіда, фрагменты старажытнай муроўкі і фрэскавага роспісу, сінтон (каменная лава для святароў) і крыжападобныя слупы, якія некалі падзялялі прастору храма на пяць нефаў. Усё гэта, а таксама прадметы, знойдзеныя падчас архітэктурна-археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў саборы ў 1969 — 1980 гг., можна ўбачыць у экспазіцыі музея.

Адной з самых цікавых знаходак з’яўляецца каменьвапняк з надрапанымі на ім у сярэдзіне ХІ ст. імёнамі: «Давыд, Тума, Микула, Копесь, Пётр, Воришко». Магчыма, свае аўтографы пакінулі ўдзельнікі будаўніцтва храма ці назіральнікі?..

У вітрынах дэманструюцца: плінфа ХІ ст. з насечкамі, літарамі, лічбамі, рознымі знакамі і сімваламі, уключаючы трызубец Рурыкавічаў; фрагмент шаўковага пакрывала з вышыўкай залатымі ніткамі з жаночага пахавання ХVІ ст. Сярод экспанатаў ёсць прадметы, знойдзеныя падчас раскопак Верхняга замка: залаты віты пярсцёнак ХІ ст., прывезены ў Полацк з далёкага скандынаўскага Готланда, і віслая пячатка кіеўскага князя Усевалада Яраславіча (1078 — 1093).

На мяжы ХV — ХVІ стагоддзяў Сафійскі сабор быў перабудаваны ў храм абарончага тыпу. З 1596 г. праваслаўная Сафія перайшла да ўніятаў і заставалася ўніяцкай да 1839 года. На гэты перыяд прыпадае апошняя перабудова сабора, што адбылася ў 1728 — 1750 гг. Разбураны ў 1710 г. выбухам парахавога склада, сабор захаваў падмурак і сцены на вышыню 8 і 12 метраў, якія былі ўключаны ў склад новага будынка, узведзенага Янам Крыштафам Глаўбіцам.

Аўтарам праекта рэстаўрацыі Сафійскага сабора, пачатай у 1969 г., стаў беларускі архітэктар Валерый Рыгоравіч Слюнчанка. Музейная экспазіцыя пачала працаваць у 1987 г. Дзякуючы ўнікальнай акустыцы, у 1983 г. у Сафійскім саборы была адкрыта зала камернай музыкі. У 1985 г. у зале сабора загучала велічная арганная музыка.

2.Краязнаўчы музей

Размяшчаецца ў былой Лютэранскай кірсе, помніку архітэктуры неаготыкі, пабудаванай у 1888 г. Музей заснаваны і адкрыты ў 1926 г.

У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы археалагічнага даследавання адной з мезалітычных стаянак (Сямёнаў хутар). Гэта разнастайныя крамянёвыя прылады працы невялікіх памераў: нажы, скрабкі, наканечнікі стрэл. Экспануюцца тут і выпадкова знойдзеныя прадметы, напрыклад, бівень маманта.

Полацк узнік на востраве ракі Палаты, на месцы паселішча балтаў ранняга жалезнага веку. Упершыню ён узгадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г. З цягам часу вакол гарадзішча вырасталі пасады, а ў другой палове Х ст., пасля бітвы з дружынай наўгародскага князя Уладзіміра і спальвання горада, умацаваны дзядзінец быў перанесены на высокі правы бераг ракі Заходняй Дзвіны. У экспазіцыі прадстаўлены вырабы ганчароў, кастарэзаў і іншых рамеснікаў, што сведчыць пра высокі ўзровень майстэрства нашых продкаў. Сведкамі актыўных гандлёвых сувязей сталі такія экспанаты, як ракавіны кауры з Мальдыўскіх астравоў Індыйскага акіяна, шкляныя пацеркі і бранзалеты з Кіева, бурштын з Прыбалтыкі, арабскія куфічныя дырхемы.

 У пачатку XIV ст. Полацк увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а ў 1579 годзе — Рэчы Паспалітай. Матэрыялы экспазіцыі распавядаюць і пра ўдзел палачан у Кулікоўскай і Грунвальскай бітвах, наданне гораду магдэбургскага права, захоп Полацка войскам Івана Грознага падчас Лівонскай вайны, штурм горада войскам Стэфана Баторыя, з’яўленне ў Полацку езуітаў і прадстаўнікоў іншых ордэнаў каталіцкай царквы.

У 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Полацк увайшоў у склад Расійскай імперыі на правах правінцыяльнага горада Пскоўскай губерні, а праз чатыры гады стаў цэнтрам асобнай Полацкай губерні, якая праз два гады ператварылася ў намесніцтва. У ХІХ — пачатку ХХ ст. стаў павятовым горадам, тут з’яўляецца шэраг невялікіх заводаў і фабрык (прадстаўлены ўзоры іх прадукцыі). Да гэтага перыяду адносіцца тэматычная частка экспазіцыі «Сялянскі побыт».

 Рэвалюцыйныя падзеі 1905 г., Першая сусветная вайна і акупацыя Полацка ў 1918 г. прадстаўлены ў музеі праз дыярамы, карты-схемы, ваенны рыштунак, зброю, калекцыю баністыкі і ўзнагароды рускіх і нямецкіх афіцэраў і салдат. Працягам аповеду пра гісторыю горада часоў Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца экспазіцыя Музея баявой славы.

У падмурку Сафійскага сабора. Фота Анатоля Клешчука.

3.Музей беларускага кнігадрукавання

Экспазіцыя музея была адкрыта ў былой Брацкай школе, што існавала пры мужчынскім Богаяўленскім манастыры. Сёння гэта адзіны ў краіне музей, які збірае і захоўвае для нашчадкаў помнікі пісьменства (не толькі рукапісы і старадрукі, але і сучасныя выданні).

Музей працуе 25 гадоў, і за гэты невялікі тэрмін супрацоўнікамі сабраны цікавыя калекцыі беларускіх выданняў розных часоў, якія друкаваліся на тэрыторыі Беларусі. Тут ёсць «Евангелле вучыцельнае» 1595 г. віленскай друкарні братоў Мамонічаў, венецыянскае выданне «12 прамоў» Іераніма Фалецкага 1558 г., выданні канца XVIII — пачатку ХІХ ст. Полацкай езуіцкай друкарні...

Праходзячы праз 15 залаў музея, якія размясціліся на двух паверхах, адчуваеш гонар за нашу кнігу. Тым больш што гісторыя беларускай друкаванай кнігі пачалася ад сына «слаўнага града Полацка» Францыска Скарыны, якому прысвечана адна з самых прыгожых і прасторных залаў музея. А каб адчуць атмасферу, уявіць працэс стварэння старадрукаванай кнігі, вас запрашаюць зайсці ў рэканструяваную друкарню XVII — XVIII стагоддзяў.

Тым, хто хоча даведацца пра стварэнне рукапісных кніг часоў Еўфрасінні Полацкай, будзе цікава зазірнуць у майстэрню перапісчыка — скрыпторый, дзе сур’ёзны манах-перапісчык з пяром у руцэ ўважліва схіліўся над сваім сталом, старанна выводзячы літару за літарай...

У апошняй з залаў узвышаецца велічная скульптура ў вобразе жанчыны з фрэскавым тварам — вобраз роднай мовы — сімвалічная скульптура Паўла Вайніцкага «Прысвячэнне роднаму слову».

4.Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага

 У будынку былой Брацкай школы паміж залаў Музея беларускага кнігадрукавання размясціўся музей незвычайны па форме: аб’ядноўвае экспазіцыю з навуковай бібліятэкай і чытальнай залай. Агульнае мастацкае афармленне прасторы адпавядае інтэр’еру заходнееўрапейскай бібліятэкі канца XVII — пачатку XVIII ст.: з драўлянымі кніжнымі шафамі ў два ярусы, гіпсавымі бюстамі філосафаў, вялікім глобусам у цэнтры залы і шматлікімі копіямі рукапісаў і фігурных вершаў Сімяона Полацкага на сценах.

Некалі, яшчэ да пабудовы ў канцы XVIII ст. жылога корпуса былога мужчынскага Богаяўленскага манастыра (дарэчы, па праекце вядомага італьянскага архітэктара Джакома Кварэнгі), тут знаходзілася драўляная школа, у якой выкладаў знакаміты палачанін Сімяон. Экспанаты музея распавядаюць не толькі пра полацкі перыяд яго жыцця, але і пра вучобу ў Кіеве і Вільні, пра ад’езд у Маскву і пра маскоўскі перыяд дзейнасці.

Вялікая ўвага ў экспазіцыі надаецца педагагічнай, літаратурнай і выдавецкай дзейнасці Сімяона Полацкага, тым больш што ў музейных вітрынах знайшлі сабе месца арыгіналы кніг Сімяона, надрукаваныя ў Маскве: «Вечеря душевная» (1683), «Тестамент» (1680), «Жезл правления» (1753). Акрамя гэтага, у экспазіцыі можна пазнаёміцца з рукапісным «Лексіконам» Сімяона, пагартаўшы яго на сэнсарным маніторы інфакіёска.

5.Мастацкая галерэя

Пастаянная экспазіцыя галерэі была адкрыта 7 верасня 2002 г. у адным з трохпавярховых карпусоў былога езуіцкага калегіума — помніка архітэктуры XVIII ст. З 1788 да 1820 г. тут знаходзіўся музей і карцінная галерэя. Калекцыямі, сабранымі полацкімі езуітамі, сёння могуць ганарыцца музеі, бібліятэкі і ўніверсітэты Масквы, СанктПецярбурга, Вільнюса, Мінска, Польшчы і Ватыкана. Полацк жа, страціўшы каштоўныя калекцыі, захаваў веліч архітэктурнага комплексу і асаблівую аўру, якая натхняла на творчыя здзяйсненні Фёдара Талстога, Рафаэля Слізеня, Валенція Ваньковіча, Каспара Бароўскага і іншых мастакоў — выхаванцаў полацкіх езуітаў.

З рарытэтаў уразяць стэатытавы абразок ХІ ст. з выявай святых Канстанціна і Алены, крыж-энкалпіён ХІ ст. са срэбнай інкрустацыяй, унікальныя ўніяцкія абразы XVIII ст., свецкі партрэт Эльжбеты Агінскай, намаляваны адным з мастакоў Полацкага езуіцкага калегіума ў 1760 г.

А вось тое, што немагчыма пабачыць больш нідзе: фрагменты фрэскавага жывапісу полацкіх храмаў ХІ — ХІІ стст., адслоены і перанесены на пастаянную аснову алейны жывапіс XVIII — ХІХ стст. Спаса-Праабражэнскага храма, помніка архітэктуры сярэдзіны ХІІ стагоддзя.

Сабраная калекцыя дазваляе ўявіць усе асноўныя перыяды развіцця беларускага мастацтва, а таксама паказаць творы такіх аўтараў, як В. Бялыніцкі-Біруля, Я. Драздовіч і сучасных мастакоў.

Толькі ў Полацку:

Гісторыя адной вуліцы ў стацыянарнай выстаўцы «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», унікальны Дзіцячы музей, прыродна-экалагічны музей у былой воданапорнай вежы, Музей ткацтва беларускага Паазер’я.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.