Вы тут

Да род(з)най кнігі: з вядучымі беларускімі выдавецтвамі


Знакамітыя творцы, лепшыя кнігі і чытачы ў адзін дзень збяруцца ў адным месцы і ў рэальным часе, каб сцвердзіць: папяровыя кнігі не губляюць актуальнасці ў час лічбавых тэхналогій. Якія кнігі адзначаюць сёлета самі друкары?


Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Фота Анатоля Клешчука.

Класіка — дзецям, лірыка — дарослым

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак лічыць: тое, што свята мяняе гарады, спрыяе і прапагандзе літаратуры, і яе развіццю, бо, з аднаго боку, жыхары гэтых месцаў маюць магчымасць пачуць беларускае слова, пазнаёміцца з сучаснай айчыннай літаратурай, а з другога — гэта пашырэнне аўдыторыі для пісьменнікаў. Алесь Бадак адзначае:

— Не думаю, што папяровая кніга губляе папулярнасць з-за інтэрнэту. Напрыклад, у мяне каля 100 тысяч электронных кніг. Збіраць такія кнігі — не праблема, бо іх лёгка знайсці ў сеціве. Але менавіта дзякуючы электроннай кнізе, мая асабістая папяровая бібліятэка пачала расці: раней, каб набыць кнігу незнаёмага мне аўтара, трэба было яе пашукаць і пазнаёміцца. Сёння мне гэтае папярэдняе знаёмства непатрэбнае. Калі мне нешта падабаецца ў электронным варыянце з першых старонак, я абавязкова набуду твор у папяровай версіі, бо буду яго не толькі чытаць, але і перачытваць. Іншая справа, што мне як выдаўцу, а не як чытачу, трэба думаць аб тым, што папяровая кніга павінна быць арыгінальнай, цікавай, з прывабным знешнім афармленнем, каб яна адпавядала часу. І не толькі таму, што сёння іншая эпоха, чытацкія патрабаванні, але і іншыя магчымасці.

Сёлета «Мастацкая літаратура» прадставіць шмат навінак: у выдавецтве штогод выходзіць больш за 70 выданняў. Некаторыя серыі ўжо маюць свайго чытача. У серыі «Сто вершаў» выйшлі кнігі Пімена Панчанкі і Міхася Стральцова, якія адзначаюць сёлета юбілеі (100 і 80 гадоў). Гэтыя выданні ўнікальныя нават не самімі вершамі, а тым, што для ілюстрацыі выкарыстаны карціны выдатных беларускіх мастакоў, якія знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. «Мне падаецца, што гэтыя віды мастацтва вельмі блізкія, родныя, бо дапаўняюць адно аднаго, — гаворыць Алесь Бадак. — У эпоху, калі цікавасць да паэзіі не такая вялікая, паяднанне розных відаў мастацтва дапамагае чытачу звярнуцца да вершаў. Беларуская паэзія вельмі прыгожая, музычная, гэта малюнак слова. Мяркую, што карціны дапамагаюць лепш зразумець вершы».

Серыя «Класіка дзецям»: да Дня беларускага пісьменства выйдзе першая кніга з лепшымі дзіцячымі творамі Якуба Коласа, далей будзе Купала. Трэба зацікавіць дзетак класікай, вершамі, на якіх выхоўвалася не адно пакаленне беларусаў і якія не страцілі сваёй прыгажосці, надзённасці і выхаваўчай ролі. Вялікую ўвагу надавалі і мастацкаму афармленню: кніга атрымалася яркая.

Выданне «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» для выдавецтва асаблівае. Пад вокладкай сабрана ўся гісторыя кнігадрукавання пачынаючы ад рукапісных кніг і па сённяшні дзень. У выданні вельмі шмат здымкаў: вокладкі кніг розных эпох, партрэты нашых класікаў, здымкі выдавецтваў і друкарань. Асабліва гэтае выданне будзе запатрабавана сёлета, бо ў беларусаў абудзілася цікавасць да айчыннай кнігі і яе гісторыі.

 Да Дня беларускага пісьменства выйшлі кнігі, звязаныя непасрэдна з Полацкам. Напрыклад, «Сафійка. Полацк. Родны край» з творамі пісьменнікаў розных пакаленняў, якія не абавязкова звязаны з гэтым горадам сваёй біяграфіяй, але яны адчувалі Полацк і прысвячалі яму свае творы: Гарэцкі, Караткевіч, Багдановіч… Немагчыма не ўзгадаць перастварэнні Алеся Разанава прадмоў Францыска Скарыны. Тыя, хто цікавіцца беларускай літаратурай і гісторыяй, як правіла, згадваюць адну прадмову Скарыны пра звяроў, птушак і рыб, а Алесь Разанаў даказаў і паказаў, што ў першадрукара шмат такіх твораў, з якіх можна скласці цэлую кнігу. Таксама выдавецтва падрыхтавала вялікае выданне «Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка» з гісторыяй, артыкуламі, напісанымі спецыяльна для кнігі, і тэкстамі вядомых беларусаў.

 Рарытэты і тэхналогіі

Сучасныя выдаўцы як нашчадкі справы Скарыны ідуць шляхам асветніцтва. Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» ставіць мэту садзейнічаць імкненню людзей да ведаў, да пазнання сваёй краіны і свету. Дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч адзначае:

— Энцыклапедысты, як ніхто іншы, разглядаючы сённяшні дзень праз прызму мінулага і будучыні, павінны ў сваіх выданнях дэманстраваць своеасаблівую ўнікальнасць Беларусі, што будзе садзейнічаць паляпшэнню іміджу краіны на міжнароднай арэне, развіццю нацыянальнай ідэі, умацаванню дзяржаўнасці. Адна з галоўных нашых задач — канкурэнтаздольнасць беларускай энцыклапедычнай прадукцыі з улікам новых камунікацыйных тэхналогій і захаванне інфармацыі пры пераходзе на новыя базавыя тэхналогіі і методыкі вытворчасці энцыклапедычнай і даведачнай літаратуры з улікам актуалізацыі анлайн. Беларусь захавала багатыя энцыклапедычныя традыцыі і займае добрыя пазіцыі ў выданні агульнадзяржаўных энцыклапедый на постсавецкай прасторы.

У прыватнасці, пра гэта сведчыць гран-пры сёлетняга Міжнароднага конкурсу краін — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі» за кнігу «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў», а таксама вышэйшая ўзнагарода Еўразійскай кніжнай выстаўкі «Eurasian Book Fair». Але гэта толькі адно выданне з шэрага кніг, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання: тры кнігі выйшлі ў серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя»; асобнае выданне на рускай мове «Франциск Скорина — человек мира». На падыходзе персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына».

Выдавецтва прадстаўляе Беларусь як краіну друкароў. Навукова-папулярнае выданне «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку» — першае ў краіне, прысвечанае гісторыі кнігадрукавання асобнага рэгіёна. Прадаўжальнік справы Скарыны Спірыдон Собаль пачаў кнігадрукаванне ў Куцейне, Буйнічах пад Магілёвам і ў самім Магілёве. Ён выдаў першы на землях сучаснай Беларусі «Буквар».

У нейкім сэнсе працягвае тэму кніга серыі «Ганаруся табою, Беларусь» — «Асветнікі Беларусі. Ефрасіння Полацкая. Кірыла Тураўскі. Францыск Скарына». У кожную эпоху наша зямля нараджала асоб, якія пісалі, перакладалі і выдавалі кнігі, стваралі вершы, малітвы і пропаведзі, засноўвалі храмы, манастыры, школы і г.д. Тым самым яны спрыялі больш дынамічнаму і паспяховаму развіццю ўсяго грамадства.

Для таго каб гэта было зразумела нават дзіцяці, выдавецтва прадставіла кнігу «Я. Купала» (у серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя») пра вялікага нацыянальнага паэта Янку Купалу. Можна даведацца пра гісторыю сям’і Луцэвічаў, дзяцінства і юнацтва будучага паэта, яго захапленні. Пра гарады і вёскі, дзе Янка Купала жыў, вучыўся, працаваў, а таксама пра вершы паэта для дзяцей. Гэтая серыя заснавана год таму, але ўжо набыла папулярнасць дзякуючы расповедам пра крэпасці Беларусі, першых людзей на нашай зямлі, пра дзікіх жывёл і птушак, ёсць нават «Энцыклапедыя юнага турыста».

Своеасаблівыя этнавандроўкі ўяўляюць выданні серыі «Энцыклапедыя народнага майстра», якая знаёміць з традыцыйнымі рамёствамі кшталту саломапляцення, кавальства, ганчарства і г.д. Нацыянальная культура — багатая глеба для персанальных адкрыццяў чытачоў, пра што сведчыць цікавасць да кніг па традыцыйнай беларускай вышыўцы, арнаменце. Нездарма заснавалі асобную серыю «Азбука сімвалаў Беларусі» — усё дзеля таго, каб лепш разумець сваю краіну.

Новыя жыцці Караткевіча

 Падчас Дня беларускага пісьменства выдаўцы атрымліваюць неабходную зваротную сувязь з рэгіёнамі і знаёмяцца з патэнцыяльнымі чытачамі. Выдавецтва «Беларусь» будзе рабіць гэта праз цікавыя выданні, гаворыць загадчыца літаратурнай рэдакцыі выдавецтва Юлія Аверчанка:

— Да Дня беларускага пісьменства мы выпусцілі выданне «Кніжныя скарбы Беларусі» на беларускай, рускай і англійскай мовах, у якім сабралі гісторыю беларускага кнігадрукавання на прыкладзе Музея беларускага кнігадрукавання ад старажытных Біблій (Друцкай, Полацкай, Ваўкавыскай) да кніг, якія займаюць важнае месца на кніжных выстаўках сучаснасці. Вершэпіграф для гэтай кнігі напісаў Віктар Шніп. Гэта не толькі ілюстраванае выданне, якое можна падарыць, але і кніга для чытача, які хоча пазнаёміцца з айчыннай спадчынай. Выдавецтва «Беларусь» адметнае тым, што мы штогод выдаём адрыўны каляндар. Сёлета праз каляндар «Родны край» мы спрабавалі распавесці пра беларускі каларыт і не надта вядомыя абрады. Мы не абмінулі тэму юбілею сталіцы: выданне беларускага журналіста Віктара Корбута «Мінск» распавядае пра XIX — XX стагоддзі ў гісторыі горада. Кніга атрымалася ў двух тамах, хутка выйдзе другая частка пра сучаснасць.

Але сёлета ў выдавецтва ёсць кнігі, якімі можна ганарыцца. Па-першае, гэта 2 тамы кнігі «100 гадоў міліцыі Беларусі». Вельмі шмат узнагарод атрымала гэтае выданне за змест і мастацкае афармленне: сабраны ўнікальны матэрыял, над якім шмат працавалі складальнікі, аўтары… Можна прасачыць гісторыю не толькі праз тэксты, але і праз архіўныя фотаздымкі, цікавыя факты, дакументы.

Да знакавых выданняў трэба аднесці кнігі Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Кнігі праілюстраваў выдатны мастак Міхаіл Басалыга, яго малюнкі — эксклюзіўныя, гэта можна заўважыць і на форзацы, на якім намалявана Нябесная бітва. Караткевіч наогул пісьменнік па-за часам. Але калі «Дзікае паляванне…» — вядомы твор, то «Хрыстос…» выдаецца не так часта і ў зборы твораў, а не асобнай кнігай. Зараз выдавецтва разглядае магчымасць выдання твораў пісьменніка на рускай мове: адчулі, што шмат замежнікаў цікавяцца гэтым аўтарам. Незвычайна для гэтага выдавецтва і тое, што яно пачало выпускаць прыгожыя дзіцячыя кнігі. Цяпер вырашылі звярнуцца да гэтай тэмы. Адметныя кнігі Святланы Фадзеевай «Казкі дзядулі Рака» і маладой беларускай паэтэсы Эльгі Паповай «Мае казкі». Яны выкананы неверагодна прыгожа, з 3D-ілюстрацыямі і цікавымі казачнымі гісторыямі. Эльга Папова сама праілюстравала выданне, бо яна яшчэ і мастачка.

— Канкурэнцыя выдавецтваў з інтэрнэтам непазбежная, але тыя, хто ездзіць на выстаўкі ў замежныя краіны, распавядаюць, што ў краінах Захаду, у Скандынавіі папяровая кніга «бессмяротная», нягледзячы на тое, што там тэхналогіі даўно зрабілі крок наперад, — лічыць Юлія Аверчанка. — Электронная кніга ў гэтых краінах займае 20% аўдыторыі. Падаецца, што камп’ютарызацыя яшчэ больш адраджае культуру чытання і цікавасць да папяровай кнігі.

Час ноу-хау: праграмаванне і нечаканая рамантыка

Выдавецтва «Народная асвета» працуе з патэнцыяльнымі чытачамі яшчэ да пачатку Дня беларускага пісьменства: супрацоўнікі дасылаюць школьнікам заданні на аснове выдадзеных кніг, выканаўшы якія, дзеці змогуць атрымаць свой падарунак. Атрымліваецца ахапіць шырокае кола мэтавай аўдыторыі, адзначае дырэктар выдавецтва Вікторыя Калістратава:

— Наша спецыфіка — падручнікі, таму менавіта іх мне спачатку і хацелася б адзначыць. Мы выдалі некалькі новых дапаможнікаў для 7 класа па фізіцы, алгебры, геаметрыі, хіміі, а таксама першы ў Беларусі электронны падручнік па інфарматыцы. Што тычыцца фізікі, пра яе трэба распавесці асобна: упершыню ў Беларусі кніга выйшла ў інтэгральным пераплёце фарматам А4, у лепшых традыцыях еўрапейскіх і амерыканскіх школ. Гэта эксперыментальны дапаможнік, ён будзе адпрацоўвацца ў школах не толькі па змесце, але і па зручнасці выкарыстання. Што тычыцца геаметрыі, то мы вырашылі «разбавіць» сухую навуку яркім афармленнем — на вокладцы выкарысталі фрэску Рафаэля «Афінская школа». Сумесна з адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій мы выдалі дапаможнік для школьнікаў па стварэнні камп’ютарных гульняў. Гэтая кніга па праграмаванні — першы вопыт выдавецтва ў гэтым кірунку.

У выдавецтва з’явілася адметная серыя дзіцячай літаратуры «Казкі для вундэркіндаў»: галоўны герой хлопчык Цім распавядае пра ўсё, што бачыць. Праз яго падарожжы ідзе аповед пра брэнды, асаблівасці і «фішкі» нашай краіны. Напрыклад, Цім едзе з сябрамі ў Дудуткі ці ў сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу… Гэта яркае выданне, якім і павінна быць дзіцячая кніга, асабліва калі аўтар спрабуе размаўляць з дзецьмі пра нешта сур’ёзнае кшталту асобнага збору смецця. Першая кніжка з гэтай серыі была пра дэнамінацыю: дзеці даведаліся пра банкаматы, манеты і карыстанне карткамі.

Сталіцу Беларусі ўшанавалі кнігай «Прагулкі па Мінску: горад, які выбіраюць дзеці». Аповед вядуць маленькія героі: 10-гадовы хлопчык і 5-гадовая дзяўчынка, якія шукаюць у сталіцы месцы, якія спадабаліся б дзецям. У такім узросце дзецям нецікава чытаць сухія факты з гісторыі, таму кнігу разбілі на раздзелы кшталту «Калі я буду палітыкам», дзе распавядаецца пра Дом урада і тлумачацца назвы, даюцца парады, што трэба ўбачыць. Мінск у кнізе падзяляецца на «парадны» і «ўтульны», у другой частцы горада можна пагуляць з сям’ёй, правесці час у прыемнай атмасферы.

Знакавая для выдавецтва кніга «Шляхамі Францыска Скарыны». Выданне выклікала цікавасць у Міністэрства замежных спраў, бо выйшла на трох мовах, таму яе выкарыстоўваюць у якасці падарунка замежным гасцям. Асаблівасць гэтай кнігі найперш у ілюстрацыях, маршрутных картах. Такое выданне зручна ўзяць з сабой.

Для дарослых падрыхтаваны збор вершаў Міхася Башлакова, дзе сабраны творы, напісаныя на працягу ўсёй паэтычнай дзейнасці. Таксама выйшла кніга п’ес Фёдара Палачаніна «Ці так жывём?».

— Дзякуючы вопыту працы ў Беларусі і за мяжой, я заўважыла, што папяровая кніга карыстаецца ўсё большым попытам — і не толькі дзіцячая, але і дарослая, — адзначае Вікторыя Калістратава. — Новае пакаленне ўспрымае свет па-іншаму, але добрую кнігу таксама любіць. Чытанне папяровай кнігі назаўсёды застанецца з чалавекам, бо ў такое выданне закладзена шмат працы добрых людзей — злыя кнігу стварыць не могуць!

Навука зямлі праз стагоддзі гісторыі

Дырэктар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух лічыць, што Дзень беларускага пісьменства для выдаўца — знакавая падзея, бо, па-першае, дазваляе зразумець усю моц беларускай кнігі. Да таго ж кожнае выдавецтва можа прааналізаваць сваю працу, адсвяткаваць поспехі разам з калегамі, звярнуцца да сваёй гісторыі праз прызму кнігі, падкрэслівае Ліліяна Фёдараўна:

— Для выдаўца кожная кніга дарагая, як дзіця. Сёлета мы паказваем выданне, якое патрабавала маштабнай працы, — альбом-кнігу «Сімфонія стагоддзяў». Тэма выбрана невыпадкова: яна тычыцца Прыдзвіння, дзе пачыналася наша гісторыя. Мы прыцягнулі да супрацоўніцтва шмат беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, творчасць якіх садзейнічала з’яўленню ў кнізе той ніці, на якую нанізваўся аповед. Размова пра беларускую гісторыю, культуру пачынаецца з часоў, калі па тэрыторыі нашай краіны праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Мы таксама ішлі па дарозе ўздоўж ракі Дзвіны ад старажытнасці ажно да ХХІ стагоддзя. Аповед суправаджаюць гістарычныя і археалагічныя звесткі, паэтычныя творы, фотаздымкі. Падаецца, атрымалася лірычнае выданне, аздобленае непаўторнымі беларускімі пейзажамі.

Асобная кніга прысвечана 950-годдзю сталіцы — «Мінск праз стагоддзі». Гэта хутчэй фотаальбом, але ёсць магчымасць пачытаць цікавыя гісторыі, «наведаць» знакавыя мясціны і ўзгадаць падзеі з амаль тысячагадовай гісторыі горада. Няпроста было працаваць над ёй, прытым, што ў выдавецтва наладжана супрацоўніцтва са сталічнымі раёнамі, багаты архіў. Але дапамагае імкненне прыцягнуць увагу чытачоў — кніга была лепшым падарункам ва ўсе часы.

У кнізе «Земляробы» разам з журналістам Леанідам Екелем расказалі пра лепшых земляробаў Беларусі, але гэта не зусім тыя, пра каго адразу ўзгадваем: камбайнеры, трактарысты. Тут распавялі пра тых вучоных, чыё важкае слова ў сельскагаспадарчай навуцы забяспечвае высокія ўраджаі, чый вопыт сёння вывучаюць за мяжой. Вельмі цікавы досвед — мастацкі аповед пра дасягненні беларускай навукі і земляробства.

Выдавецтва выпускае не толькі папяровыя кнігі, але і электронныя: трэба разумець патрэбы грамадства і рухацца ў нагу з часам. Тут лічаць, што гэты працэс не менш важны за друкаванне папяровай кнігі.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».