Вы тут

Наколькі «гарачай» аказалася ўборачная?


Стан харчовай бяспекі краіны непарыўна звязаны з тым, каб максімальна выключыць верагоднасць страты ўраджаю. Вырасціць збожжа цяжка, а вось пазбавіцца яго можна літаральна за некалькі хвілін. На жаль, узгаранні на аб'ектах, звязаных са жнівом, сёлета здараліся. Добра яшчэ, што абышлося без пацярпелых.


Першы пажар падчас сёлетняй уборачнай кампаніі адбыўся яшчэ 22 ліпеня. У 10.50 на пульт дзяжурнага Баранавіцкага РАНС паступіў званок пра тое, што ў вёсцы Перхавічы гарыць зернесушыльны комплекс. Полымя знішчыла 250 кілаграмаў сабранага рапсу, а два верхнія карпусы сушыльнай шахты былі істотна пашкоджаны.

Днём 1 жніўня загарэўся склад у вёсцы Малыя Якавічы Пружанскага раёна. Там захоўвалася сабранае збожжа. З-за агню былі пашкоджаны 200 кілаграмаў зерня і 18 квадратных метраў даху. Позна ўвечары 5 жніўня паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Зазер'е Пухавіцкага раёна гарыць збожжавая блочна-модульная сушылка. Папсаванымі аказаліся ажно тры тоны трыцікале. Яшчэ адна такая сушылка палала ў ноч на 18 жніўня ў вёсцы Чаланец Салігорскага раёна. 1 тона зерня страчана незваротна. Ратавальнікі і супрацоўнікі гаспадаркі паспелі ўратаваць 44 тоны насення жыта.

Гарэла і збожжаўборачная тэхніка. У Любанскім раёне 1 жніўня давялося тушыць камбайн, які працаваў у полі каля вёскі Забалаць. Агонь пашкодзіў маторны адсек. А вось 20 жніўня ратавальнікам давялося тушыць камбайн-ветэран. Машына маркі «Дон», зробленая яшчэ ў 1978 годзе, загарэлася падчас нарыхтоўкі насення льну ў полі каля вёскі Кіявічы Капыльскага раёна. Старой тэхніцы і дасталося болей — знішчаны два колы, маторны адсек, бункер і кабіна камбайна.

Буйны пажар адбыўся 16 жніўня ў зернесушыльным комплексе ў вёсцы Раготна, што на Дзятлаўшчыне. Агонь папсаваў будынак і знішчыў каля 700 кілаграмаў насення травы цімафееўкі. А напрыканцы ўборачнай ратавальнікам давялося тушыць грузавы аўтамабіль, які працаваў у полі каля вёскі Адынь Чэрвеньскага раёна і загарэўся. Усё абышлося толькі пашкоджанай кабінай вадзіцеля.

— Прыкладна такая ж колькасць пажараў падчас уборачнай кампаніі фіксуецца штогод, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Іншая справа, што не ўсе супрацоўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў на сто працэнтаў сочаць за станам тэхнікі і агрэгатаў, бо іншага спосабу папярэдзіць падобныя ўзгаранні не існуе.

Але яшчэ перад масавым жнівом ратавальнікі праверылі больш за 10 тысяч аб'ектаў уборкі. Якія ж найбольш распаўсюджаныя недахопы рэгістраваліся ў частцы пажарнай бяспекі? Часцей за ўсё — няспраўнасць прылад маланкааховы. На шчасце, гэты жнівень выдаўся з не вельмі вялікай колькасцю навальніц. У 43 зернесушыльных комплексах няспраўнымі аказаліся аўтаматычныя сістэмы бяспекі. Таксама ў 21 аўтамабіля, задзейнічанага на ўборцы, не працавалі іскрагасільнікі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жніво пад кантролем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».