Вы тут

У Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры выяўлены ўнікальны будаўнічы чарцёж


У Полацку зроблена знаходка, якую навукоўцы называюць сенсацыйнай. Пры археолага-рэстаўрацыйных работах на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра выяўлены фрагмент будаўнічага чарцяжа, меркавана мяжы ХІ—ХІІ стагоддзяў.


— Раней лічылася, што чарцяжы з'явіліся на тэрыторыі Беларусі толькі ў ХVІ стагоддзі, дык вось гэтая знаходка такі падыход абвяргае! — захоплена адзначае вядучы навуковы супрацоўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандр Салаўёў.

Знаходка была зроблена на месцы раскопак старажытнага храма-ўсыпальніцы. На плінфе канца ХІ — пачатку ХІІ стагоддзя, якая была часткай колішняй пабудовы, намаляваны фрагмент чарцяжа, як мяркуецца, самога храма-ўсыпальніцы. Навукоўцаў захапляе, што малюнак мае правільныя прапорцыі памераў будынка, адлюстроўвае таўшчыню сцен і іншыя выразна прамаляваныя дэталі. План выкананы так, быццам гэта чарцёж сучаснага архітэктара. На думку навукоўцаў, малюнак зроблены высокакваліфікаваным майстрам, які, магчыма, і кіраваў будаўніцтвам храма-ўсыпальніцы. Мяркуюць, што плінфа з поўным малюнкам плана была не менш за 30 см. Верагодна, чарцёж быў зроблены пісалам (тоненькай палачкай) на сырой гліне, пасля чаго яна была абпалена.

Гэта знаходка адкрывае зусім не вядомы раней бок дзейнасці і творчасці будаўнікоў канца ХІ — пачатку ХІІ стагоддзя. Бо да гэтага часу не захавалася ні аднаго чарцяжа ХІІ стагоддзя. Археолагі сумняваліся, ці карысталіся наогул чарцяжамі будаўнікі? Таму знаходку можна лічыць сенсацыйнай: упершыню за ўсю гісторыю вывучэння архітэктуры Старажытнай Русі ў руках навукоўцаў, па ўсім відаць, апынуўся сапраўдны прафесійны архітэктурны чарцёж. Ранейшыя знойдзеныя малюнкі мелі схематычны характар.

Артэфакт выявіла студэнтка 3-га курса гісторыка-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алена Шарыпа падчас археалагічнай практыкі пад кіраўніцтвам Аляксея Коца, магістра гістарычных навук, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адметна, што ўчастак манастыра, на якім быў знойдзены ўнікальны артэфакт, раней шматразова даследавалі археалагічныя экспедыцыі ў 50-я — 60-я гады
ХХ стагоддзя. «Цэлыя брыгады капалі на гэтым месцы, але выявілі чарцёж толькі зараз!» — здзіўляюцца спецыялісты.

Раскопкі старажытнага помніка архітэктуры праводзіліся ўжо шмат разоў. Раней тут былі выяўленыя рэшткі вялікага трохнефавага сабора, да якога з захаду, поўдня і поўначы ішлі галерэі. На месцы раскопу храма-ўсыпальніцы былі знойдзеныя ў вялікай колькасці смальта і маёлікавыя пліткі розных колераў. На думку навукоўцаў, храм-усыпальніца ў Сяльцы па багацці дэкору інтэр'ера не саступаў ўсім вядомым цэрквам Полацка і нават Сафійскаму сабору.

На невялікім участку заходняй галерэі захавалася першапачатковая падлога, дэкараваная маёлікавымі пліткамі і мазаікай з дарагой рознакаляровай смальты. У шурфах былі знойдзены пакінутыя часткі сцен паўночнай і паўднёвай галерэй. Аднак археолагам пакуль так і не ўдалося выявіць алтарную частку храма.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Архітэктар ХІІ стагоддзя?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».