Вы тут

Ізяслаў і Усевалад Васількавічы: сапраўдныя постаці ці выдумка?


Адзін Ізяслаў толькі, сын Васільковы,

Сам пазваніў мячамі сваімі

Аб шлемаў літоўскіх стальныя аковы,

Ускалыхнуўшы днямі былымі.

Свайму пераняў славу

дзеду Ўсяславу,

Сам пад чырвоным шчытам пабіты

Мячамі літоўскімі, лёг на крывавай

З Хоццем траве. А кажа тады той:

«Дружыну тваю апранулі, князь, крыллем

Птахі, а зверы кроў палізалі!»

Не быў тут брат Брачыслаў, над кавыллем,

А ні другі — Ўсяволад. У жалі

Адзін ён жамчужную з храбрага цела

Выпусціў душу праз ажарэлле,

Заныла гамонка, вясёласць знямела,

Трубы ў Гародні смутна запелі...

Многім з нас яшчэ са школьных часоў памятныя гэтыя пранікнёныя, поўныя смутку і жалю радкі з несмяротнага «Слова пра паход Ігара» ў перакладзе Янкі Купалы.

А між тым ні пра самога князя Ізяслава Васількавіча з дынастыі полацкіх Рагвалодавічаў, ні пра якую-небудзь бітву з літоўскімі плямёнамі каля часу, калі адбыліся галоўныя падзеі, апісаныя ў старажытнай паэме, не вядома нічога. Таксама няма сярод сыноў Васількі Святаславіча чалавека з імем Усевалад.


Абапіраючыся на вельмі сціслыя звесткі, пададзеныя ў «Слове...», гісторык Георгій Штыхаў мяркуе: Ізяслаў мог быць князем гродзенскім і даводзіўся Усяславу Чарадзею праўнукам. Мабыць, ён быў родным братам Марыі Васількаўны — жонкі аднаго з галоўных герояў «Слова...», Святаслава Вялікага Кіеўскага, які прамаўляе ў творы славутае «залатое слова».

Паколькі ні пра Усевалада, ні пра Ізяслава, ні пра невядомую бітву з літвой ніякіх пэўных паведамленняў у летапісах і іншых аўтэнтычных крыніцах не змяшчаецца, то адзінай асобай, адносна якой можна весці адлік, застаецца Брачыслаў Васількавіч.

10 дзён аблогі

Гэты князь згадваецца ў 1158—1159 гг., калі ў Полацкай зямлі адбывалася цяжкая міжусобная вайна. Пакрыўджаны менскімі князямі Глебавічамі, полацкі князь Рагвалод Барысавіч, сабраўшы вялікае войска, рушыў супраць свайго галоўнага ворага — стрыечнага брата Расціслава на Менск. Аднак спачатку Рагвалод абклаў Ізяслаўль, дзе княжыў Усевалад Глебавіч. Усевалад, які быў у някепскіх адносінах з Рагвалодам, здаўся яму. Тады Рагвалод аддаў горад Ізяслаўль Брачыславу Васількавічу (бо гэта была яго спадчына па дзедзе), а Усеваладу Глебавічу даў ва ўладанне горад Стрэжаў.

Далей Рагвалод з хаўруснікамі абклаў Менск. Пасля 10 дзён аблогі Рагвалод Барысавіч і Расціслаў Глебавіч памірыліся і цалавалі крыж, абяцаючы адзін аднаму мір. Трэці ж з братоў Глебавічаў, Валадар, крыжа не цалаваў, бо «ходяше подъ Литвою в лесех». У падобных сэнсавых кантэкстах слова «ходяше» абазначала, як правіла, мэтанакіраваную ўзброеную акцыю. Аднак ні пра вынікі паходу, ні пра яго сапраўдныя мэты летапіс нічога не паведамляе, і застаецца незразумелым, чаму ў самы напружаны час вайны пад Менскам Валадар пакінуў братоў сам-насам з Рагвалодам.

Навёўшы такім чынам парадак і справядлівасць на поўдні, Рагвалод Барысавіч вярнуўся ў Полацк. Але тады Валадар і Расціслаў напалі на Ізяслаўль і захапілі ў палон пакінутага Рагвалодам Брачыслава і Валодшу Васількавічаў. Першага закавалі ў кайданы, а другога кінулі ў вязніцу. Форма імя Валод(ь)-ша ўяўляецца вытворнай ад імя з асновай на -валод/волод- з дапамогай суфікса -ш-, па аналогіі з Маль(м)фрыд — Мал-у-ша; Святаслаў — Святоша, (Саша, Грыша, Маша і да т. п.). Падчас нараджэння Валодшы, не пазней за 1144 г., жылі старшыя, ужо згаданыя намі князі — Усевалад Глебавіч і Рагвалод Барысавіч, якія даводзіліся яму стрыечнымі дзядзькамі, і таму дапушчальна, што імя Валодша азначала ў вялікай сям'і нашчадкаў Усяслава або «малодшы Рагвалод», або «малодшы Усевалад». Аднак такая форма імя ў далейшым не прыжылася (зараз выкарыстоўваецца форма Валодзя/Володя). З ХІІ ст. яна перастала выкарыстоўвацца і таму ў ходзе перапісвання «Слова...» была асэнсавана як скажэнне імя Усевалад, найбольш распаўсюджанага ў паўднёвых землях усходнеславянскага рэгіёна, дзе стваралася «Слова...»

Зноў памірацца?

Пасля здарэння ў Ізяслаўлі полацкі князь зноў абклаў Менск, прыцягнуўшы з поўдня на дапамогу торкаў-паганцаў. Адпаведна, пошук саюзнікаў сярод бліжніх язычнікаў стаў і для Глебавічаў цалкам дарэчным. Абарону Менска ўзначальваў адзін Расціслаў. Дзе быў у гэты час Валадар Глебавіч, зноў невядома. Прастаяўшы пад Менскам на гэты раз шэсць тыдняў, Рагвалод зноў памірыўся з Расціславам. Зразумела, што Брачыслаў і Валодша былі выпушчаны з палону і вернуты ў Ізяслаўль.

Зацвердзіўшы з Расціславам канчатковы мір у 1160 г., Рагвалод на наступнае лета рушыў супраць Валадара, які нейкім чынам укараніўся ў Гарадку. Што гэта за населены пункт, летапіс не тлумачыць. На думку Вячаслава Чамярыцкага, маецца на ўвазе горад — папярэднік сучаснага Навагрудка (Новагародка, Навaградка), які вырас на цяперашняй гарадской плошчы — побач са «старым» Гарадком на Малым замку, спаленым у другой палове ХІІ ст. Уночы Валадар з саюзнікамі-літоўцамі, дапушчанымі ім унутр гарадскіх умацаванняў, раптоўна напаў на Рагвалода і разграміў яго. Рагвалод, спужаўшыся незадаволенасці полацкага веча, уцёк у Друцк, а палачане паклікалі да сябе князем Усяслава Васількавіча Віцебскага. Але ў 1166 г. Валадар здолеў выгнаць яго са сталіцы і сам стаў полацкім князем. Такім чынам, ні пляменнікі Васількавічы, ні іх стрыечны дзядзька і апякун Рагвалод Барысавіч ніколі не заключалі з Валадаром Глебавічам ніякага міру, і міжусобныя войны паміж нашчадкамі маладых князёў Васількавічаў і Рагвалода, з аднаго боку, і Валадара — з другога, працягваліся аж да самага 1186 г., развальваючы Полацкае княства на мноства ўдзельных земляў, якія варагавалі паміж сабой і траплялі ў залежнасць ад больш моцных суседзяў з усходу і поўдня. Але сярод многіх імёнаў нашчадкаў Рагнеды імя Ізяслава
Васількавіча няма...

Зусім маладзён

Няма і князёў Ізяславічаў сярод наступных пакаленняў полацкага княжацкага дома, якія жылі ў 80-х гадах ХІІ ст. І ўжо зусім немагчыма атаясамляць аднайменнага пляменніка Андрэя, сына Валодшы, згаданага ў 1180 (1181 г.), з Ізяславам Васількавічам, бо тады трэба не толькі дапусціць атаясамленне імёнаў Валодша і Валадар, што немагчыма, бо гэта этымалагічна розныя імёны (першае паходзіць ад Усевалад ці Рагвалод, а другое ад скандынаўскага Vаlаd або Vаlаdаrr, ням. Wаltеr), але і дапусціць, што ў Васількі было яшчэ некалькі сыноў, невядомых па летапісах. Значыць, Ізяслаў Васількавіч загінуў зусім маладым і не пакінуў спадчыннікаў.

Калі апісаныя ў «Слове пра паход Ігара» падзеі сапраўды адбыліся ў 1159 г., то значыць, што Ізяслаў быў яшчэ маладзён і толькі нядаўна атрымаў ва ўладанне аддалены ад галоўных цэнтраў Полацкага княства ўскраінны Гарадок. Магчыма, ён быў другім або нават трэцім сынам Васількі Святаславіча пасля старшых Брачыслава Ізяслаўльскага (які нарадзіўся пасля 1140 г. і апекаваў чацвёртага брата, зусім малога Валодшу) і Усяслава Віцебскага, а таксама даводзіўся родным пляменнікам Ефрасінні Полацкай. Калі браты Васількавічы трапілі ў палон да Расціслава, і Рагвалод абклаў Менск з мэтай іх вызвалення, Ізяслаў ад'ехаў ад горада з нейкай прычыны. Магчыма, ён ішоў на дапамогу Рагвалоду вызваляць братоў. На беразе нейкай рачулкі яго падпільнавалі літоўцы, не выключана, што па падказцы Валадара Глебавіча. Юнак мужна змагаўся з язычнікамі і загінуў у баі без дапамогі ў той час, калі сваякі-хрысціяне вырашалі збройным шляхам свае палітычныя і маёмасныя пытанні. Адпаведна, і папрок аўтара «Слова...» адрасаваны не Брачыславу і Валодшу-Усеваладу, а пачынальнікам усёй усобіцы — менскім Глебавічам.

Нашчадак Усяслава гіне

Нязначны эпізод са складаных міжкняжацкіх адносін ХІІ ст., які нават не трапіў у летапісы, аднак, не быў забыты. Па-першае, як мы ўжо адзначылі ў самым пачатку, Ізяслаў даводзіўся родным братам Марыі Васількаўне — вялікай княгіні Кіеўскай. Праз яе і яе мужа Святаслава Вялікага Кіеўскага Ізяслаў быў сваяком галоўнага героя «Слова...» — Ігара Святаславіча Ноўгарад-Северскага, прычым чарнігаўскія князі Ольгавічы ўступалі ў другой палове ХІІ ст. ва ўсё больш цесныя дынастычныя сувязі з полацкімі Рагвалодавічамі. Значыць, пра здарэнне з Ізяславам памяталі ў звязаных кроўнымі вузамі княжацкіх сем'ях.

Па-другое, у 1181 г., якраз напярэдадні падзей, апісаных у «Слове пра паход Ігара», у Полацкай зямлі выбухнуў новы міжусобны канфлікт, удзел у якім прынялі і Брачыслаў Васількавіч з сынам, і Усяслаў Васількавіч з палачанамі, і сын Валодшы Андрэй з пляменнікам, і галоўныя героі «Слова...» — князі Ігар і Святаслаў з роду Ольгавічаў, і яшчэ шэраг згаданых у «Слове...» вельмі знатных асоб: Давыд Смаленскі, Яраслаў Чарнігаўскі і інш. Усё гэта не магло не асвяжыць у памяці ўдзельнікаў міжусобіцы падзеі амаль трыццацігадовай даўніны, сведкамі якіх былі сталыя князі, іх баяры, заслужаныя дружыннікі, сярод якіх, напэўна, быў і аўтар самога «Слова...»

У творчай свядомасці старажытнага паэта ўсходнеславянскі арэал ХІІ ст. падзяляўся на дзве часткі: «Зямлю Рускую», што належала ўнукам Яраслава, і «Жизнь Всеславлю», гаспадарамі на якой лічыліся ўнукі Усяслава. Тое, што адбывалася ў адной частцы Русі, знаходзіла аналогію і ў другой яе частцы. Таму і бітва Ігара Святаславіча на Каяле апісваецца з дапамогай тых самых вобразаў, што і невядомая бітва Ізяслава Васількавіча з літвой: «кроваве траве — кровави брезе; гремлеши о шеломы мечи харалужными — позвони своими острыми мечи о шеломы литовьскыя; под чрълеными щиты — преградиша чрълеными щиты; выседе из седла злата — изрони... душу... чрес злато ожерелие; веселие пониче — пониче веселие» і інш.

«Слова пра паход Ігара» змяшчае яшчэ нямала загадак і цікавых фактаў з даўняй гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Сяргей ГАРАНІН

Загаловак у газеце: Загадкі старажытнага «Слова...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».