Вы тут

Паказаць не сябе — а аўтара


Выстаўка, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, адкрыецца 20 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Галоўным экспанатам стане «Евангелле напрастольнае» 1600 года — самае старое выданне кніжнай калекцыі музея. Яно выдадзена ў друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Час неміласэрны да кніг. Таму для ўдзелу ў выстаўцы яе рыхтуюць музейныя майстры-рэстаўратары. Пра дэталі гэтай працы і падрыхтоўку экспазіцыі «Звяздзе» расказаў намеснік дырэктара па рэстаўрацыі і фондавай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Сяргей ВЕЧАР.


— Гэта каштоўная кніга набыта музеем у 1982 годзе ў прыватнай асобы. Нельга сказаць, што Евангелле трапіла да нас у вельмі кепскім стане, але гэта быў не экспазіцыйны экспанат. Хоць кніга захавалася поўнасцю, ні адзін аркуш не быў страчаны, але пераплёт выдання меў пашкоджанні, а вокладка была ў два разы большая за саму кнігу. Кніга выйшла ў ХVІ стагоддзі, а яго вокладку зрабілі пазней — у ХІХ стагоддзі. Да «Евангелля напрастольнага», якое ілюстравана гравюрамі, далучылі асобныя аркушы, і мы даведаліся, што абклалі яго ў час Вялікай Айчыннай вайны, у 1942 годзе, на Браслаўшчыне ў абшчыне старавераў.

Звычайна старонкі старадрукаваных кніг забруджаныя, маюць біялагічныя наслаенні, грыбок, а ад вады, якая на іх трапляе, з'яўляюцца разводы. Калі фаліянт выкарыстоўваўся ў літургіі, то часта на яго старонкі капаў воск са свечак. Гэта ўсё неабходна ачышчаць.

— Як ідзе працэс рэстаўрацыі Евангелля?

— У нашым музеі раней не было рэстаўратара, які змог бы даць кнізе другое жыццё, але сёлета ў студзені ён з'явіўся. Андрэй Крапіўка займаецца рэстаўрацыяй ужо больш як сорак гадоў, большую частку гэтага часу ён прысвяціў адраджэнню графікі і старадрукаваных выданняў. Гэта вельмі вопытны майстар. Ён працаваў з кнігамі Францыска Скарыны для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Раней выконваў заказы і для Нацыянальнага мастацкага музея. І першай яго работай як нашага супрацоўніка стала рэстаўрацыя «Евангелля напрастольнага» 1600 года.

За восем месяцаў рэстаўрацыі Андрэй Крапіўка ачысціў усе аркушы ад забруджванняў, нанова сшыў іх, зрабіў пераплёт, таксама вырабіў вокладку. Наш майстар па метале ўжо зрабіў металічныя зашпількі, якія можна ўбачыць на вокладках шматвекавых фаліянтаў. Магу заверыць, што адраджэнне «Евангелля напрастольнага» ідзе выдатна, і да завяршэння рэстаўрацыі засталося літаральна некалькі дзён. Я ўпэўнены, што выданне будзе выглядаць вельмі добра.

— З чым яшчэ, акрамя старадрукаваных кніг, працуюць рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі?

— 22 майстры аднаўляюць прадметы ў рэстаўрацыйных майстэрнях музея. Таксама ў нас ёсць сектар фізіка-хімічных даследаванняў, які складаецца з трох чалавек. Яны займаюцца вывучэннем прадметаў перад рэстаўрацыяй. У кожнага мастака-рэстаўратара свая спецыялізацыя: хтосьці працуе з дрэвам, хтосьці — з металам, паперай, тканінай, абразамі, жывапісам на палатне, графікай і старадрукаванымі кнігамі.

Галоўная задача рэстаўратара — паказаць не сябе, а аўтара той работы, якую ён рэстаўрыруе. І гэтаму мастацтву безумоўна трэба вучыцца. Быў час, калі ў нашай краіне такіх спецыялістаў не рыхтавалі, і ў музеях працавалі людзі, якіх можна назваць сапраўднымі самародкамі. Цяпер справе можна навучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Напрыклад, сёлета ў наш навукова-рэстаўрацыйны аддзел прыйшлі працаваць два маладыя спецыялісты, якія скончылі ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

— Але ж, відаць, добрых спецыялістаў пакуль не стае?

— Вострай застаецца праблема недахопу рэстаўратараў у краіне. У кожнай вобласці, дзе знаходзіцца ад 15 да 20 музеяў, працуюць толькі адзін—два майстры. У такой сітуацыі можна выкарыстоўваць вопыт суседзяў. Напрыклад, калі мы былі на выстаўцы ў літоўскім горадзе Біржай, то даведаліся, што ў іх у музеях вельмі мала рэстаўратараў, але ёсць рэстаўрацыйны цэнтр у Вільнюсе, які і прымае заказы з музеяў. Нам таксама патрэбен такі рэстаўрацыйны цэнтр у Мінску і невялікія — у абласных гарадах, дзе можна было б і рэстаўрыраваць рэчы, і вучыць справе, перадаючы вопыт найлепшых беларускіх спецыялістаў маладым майстрам. І канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца: у бліжэйшай будучыні плануем адкрыць адзін з такіх цэнтраў пры нашым музеі. Ён будзе абсталяваны высакаякаснай тэхнікай. Музеі павінны не толькі экспанаваць свае здабыткі, але і захоўваць іх. Мы працуем на вечнасць, як бы патэтычна гэта ні гучала.

— Падзяліцеся планамі на будучыню. Якія яшчэ выставачныя праекты рыхтуе музей?

— Хутка адкрыецца выстаўка «Скарбы Старажытнага Егіпта». Крыху пазней, з 16 верасня, тут будуць экспанавацца гравюры Напалеона Орды, якія прыбудуць да нас з Нацыянальнага музея Кракава. Праз два гады Нацыянальны мастацкі музей Беларусі будзе адзначаць 80-гадовы юбілей, да якога мы ўжо пачынаем рыхтавацца. І адной з фішак выставачнай дзейнасці стане паказ работ нашых рэстаўратараў. На ёй будуць экспанавацца рэчы, адноўленыя на працягу апошняга пяцігоддзя. Таму кожны з рэстаўратараў атрымаў заданне, над чым ён будзе працаваць. Напрыклад, Андрэй Крапіўка адновіць некалькі кніг.

Анастасія ПЕЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».