20 Верасень, чацвер

Вы тут

Гісторыя сясцёр-блізнят, якія служаць у дэсанце


Цяжка ўявіць, што гэтыя дзве доўгавалосыя прыгажуні, калі адзяваюць ваенную форму, становяцца сапраўднымі байцамі. Яны без хвалявання скачуць з парашутам, дасканала валодаюць стралковай зброяй і, калі спатрэбіцца, дадуць урок баявога майстэрства. Аня і Таня — дэсантніцы. Яны — сёстры-блізняты.


Як прызнаюцца дзяўчаты, нягледзячы на агульную прафесію, яны вельмі розныя.

Пагоны як сэнс жыцця

Служыць у 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе па сілах не кожнаму мужчыну. Толькі Аня і Таня Кавалеўскія ніколі не шукалі лёгкіх шляхоў. У старэйшай школе вучыліся ў ваенна-патрыятычным класе, а калі не атрымалася паступіць у Ваенную акадэмію (у той год якраз адмянілі набор для дзяўчат), пайшлі ў каледж сувязі — ведалі, што з такой адукацыяй шанцы трапіць у армію павышаюцца.

У іх сям'і ніколі не было вайскоўцаў. Тым не менш прыклад браць з каго ёсць дагэтуль. Бабуля дзяўчат, Вера Барысаўна, у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з іншымі мірнымі жыхарамі дапамагала чырвонаармейцам... размініраваць боепрыпасы! Сёння яна ганарыцца сваімі ўнучкамі і, як ніхто, падтрымлівае іх.

— У ніякай іншай сферы, акрамя як у сілавых структурах, я сябе не ўяўляла, — прызнаецца Ганна Кавалеўская. — Паколькі мы нарадзіліся і выраслі ў Віцебску, які славіцца сваімі дэсантнікамі, вядома, у прыярытэце былі Узброеныя Сілы. Мая мара збылася. Аб гэтым ніколі не пашкадавала.

Тое, што служба ў войску для яе — ідэальны варыянт, пацвярджае і Таццяна. «Перакладваць паперкі — не маё, — пераканана яфрэйтар кантрактнай службы. — Мне патрэбна больш актыўная сфера дзейнасці. Тая, дзе спорт, зносіны з людзьмі. Усё гэта ёсць у арміі, якая стала не проста работай, а любімай справай».

«З аўтаматам спакайней»

Сёстры Кавалеўскія прызнаюцца, што яны вельмі розныя. Акрамя прафесіі іх мала што аб'ядноўвае. Нават тут, у брыгадзе, па-за сваімі службовымі абавязкамі (дзяўчаты — сувязісткі) Таня большасць свайго часу прысвячае парашутнаму спорту. Аню ж у беларускай арміі, а таксама ўжо і па-за яе межамі, ведаюць як аднаго з найлепшых стралкоў. Сваімі снайперскімі здольнасцямі яна яшчэ раз здзівіла падчас ІX Міжнароднага конкурсу ваенна-прафесійнага майстэрства «Воін Садружнасці», абышоўшы прадстаўніц трох армій свету.

— З аўтаматам «пасябравала», калі рыхтавалася на свой першы конкурс, — расказвае яфрэйтар кантрактнай службы. — Дагэтуль страляла ў ціры, але гэта іншае. Паступова асвойваю розную агнястрэльную зброю, нават гранатамёт. Але ўсё ж з аўтаматам спакайней: мы ўжо як родныя.

Яго, дарэчы, дзяўчына разбірае і збірае вельмі хутка. Ганнін рэкорд — 24 секунды. Ваенную форму дома замяняе спартыўная. Вячэрнія прабежкі ўжо як рытуал. «Моцна не шчырую: хвілін 30 у дзень, — кажа яна. — Проста, каб падтрымліваць сябе ў форме. Але калі трэба, то адолею і 20 кіламетраў».

Неба — на дваіх

Таня старэйшая за сваю сястру-снайпера ўсяго на 10 хвілін. Але гэта не значыць, што яна бясспрэчны лідар. Дзяўчаты прыслухоўваюцца адна да адной, разам спраўляюцца з усімі цяжкасцямі. Удзвюх ім было значна лягчэй адаптавацца і да вайсковай службы.

— У мужчынскім калектыве не зусім проста, — прызнаецца Ганна Кавалеўская. — Некаторыя лічаць, што дзяўчатам у арміі не месца. Маўляў, раз сюды прыйшла, то і спраўляйся з усім самастойна. Іншыя, наадварот, падтрымліваюць.

— На першым часе не было дыскамфорту? — цікаўлюся ў дзяўчат.

— Нічога падобнага! Мы даказалі, на што здольныя, — кажа, усміхаючыся, Таццяна.

З аўтаматам Калашнікава Ганна Кавалеўская на «ты».

Сапраўды, сёння няма такіх задач, з якімі не справіліся б сёстры Кавалеўскія. Адзінае паслабленне — пры здачы нарматываў. У астатнім жа — нароўні з мужчынамі. За чацвёрты год службы Ганна ўжо 24 разы скакала з парашутам. На Таццяніным рахунку — больш як 30 скачкоў. Дзяўчаты прызнаюцца, што, калі пакідаюць у небе борт самалёта, ніколькі не хвалююцца.

— На зямлі не зусім лёгка змагацца з эмоцыямі, — пераканана Ганна. — Але калі ты заходзіш у самалёт, разумееш, што ад таго, як павядзеш сябе ў небе, залежыць тваё жыццё. Таму збіраешся з думкамі і дзейнічаеш так, як цябе вучылі.

— Ці адчуваецца ў паветры вага парашута? — пытаюся.

— Адрэналін адчуваецца, — у адзін голас адказваюць сёстры.

Нельга быць слабай

Як прызнаюцца дзяўчаты, яны ніколі не карысталіся тым, што падобныя адна на адну. Калі нешта не атрымлівалася ў вучобе або ў спорце, ніхто ні за кога іспыты не здаваў. Усяго дабівацца самастойна — такі характар. Не карыстаюцца сёстры сваёй перавагай, хоць і ў якасці жарту, і ў асабістым жыцці. «У нас густы розныя», — аргументуюць яны.

Дзень дэсантнікаў для дзяўчат, як і для ўсёй крылатай пяхоты, — вельмі важнае свята. Як і многіх, у гэты дзень іх можна сустрэць на адной з цэнтральных плошчаў горада. Толькі не ўсе пазнаюць дэсантніц без цяльняшак і блакітных берэтаў.

— Мы заўважылі такую тэндэнцыю, што ў форму адзяваюцца тыя, хто ўжо адслужыў, выканаў свой воінскі абавязак, — кажа Таццяна Кавалеўская. — Дзеючыя дэсантнікі не заўсёды лічаць патрэбным вылучацца з натоўпу.

 Таццяна Кавалеўская адчувае сябе ў небе як у роднай стыхіі.

Дарэчы, не ўсім прыхільнікам дзяўчаты адкрываюць сваю прафесію. Аказваецца, некаторыя маладыя людзі, мякка кажучы, пазбягаюць моцных духам дам. А часам увогуле... уцякаюць. Але нават самай моцнай жанчыне часам хочацца быць крыху слабай. Аднак, здаецца, гэта не пра іх. Нават у сукенцы, з прыгожай прычоскай і пры макіяжы яны застаюцца адважнымі і стойкімі — нездарма ж дэсантніцы!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

г. Віцебск

Загаловак у газеце: Пад блакітным берэтам

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.