Вы тут

Здзейсненая мара Івана Буйко — майстра разьбы па дрэве


Шаркаўшчынская глыбінка, вёска Дзікева. Другі раз еду ў гэты ціхі лясны куточак, які месціцца недалёка ад знакамітага заказніка «Балота Ельня». У гэтай вёсцы працуе сацыяльны прытулак — аддзяленне кругласутачнага знаходжання людзей пажылога ўзросту і інвалідаў (кацісьці такія ўстановы называлі дамамі-інтэрнатамі). Сярод трыццаці пяці насельнікаў Дзікеўскага дома жыве і сямідзесяцігадовы Іван Буйко — майстар разьбы па дрэве.


Гэтым разам я вязу для майстра наборы разцоў, якія перадалі сябры з Фэйсбуку. Справа ў тым, што ў Івана Іосіфавіча няма належнага разьбярскага рыштунку, і пра гэта я ў свой час паведамляў у газеце «Звязда» і на старонках у сеціве. Без разцоў, як вядома, майстар як без рук. Але свет не без добрых людзей, і на заклік дапамагчы Івану адгукнуліся адразу некалькі чалавек — яны прапанавалі неабходны дрэваапрацоўчы інструмент, каб пенсіянер мог спакойна займацца сваёй любімай справай.

Калі я нарэшце дабраўся да вёскі, найперш трапіў на азнаямленчую экскурсію па тэрыторыі аддзялення. Іван паказаў сваю скульптурную інсталяцыю, якая падобна на своеасаблівы «лялечны тэатр». Мы пакрочылі па дарожках, завіталі на гаспадарчы падворак, любаваліся акуратнай зялёнай зонай, глядзелі на дзіўных чалавечкаў, жывёл і птушак, якія гарманічна дапаўняюць дызайн афармлення тэрыторыі. У мінулы раз — зімою — гэтых скульптур я не ўбачыў, бо ў халодны час усе работы знаходзіліся ў складскім памяшканні. Іван не хаваў задавальнення, што вынайшоў такую форму падачы сваіх персанажаў і што ягонае захапленне стала запатрабаванае — і персаналу, і жыхарам прытулку, і вяскоўцам, якія кожны дзень праходзяць каля інтэрната, падабаецца ўсё, што робіць гэты няўрымслівы майстар.

На лужку, паміж корпусам і лесам, выстаўлены некалькі чырванадзюбых буслоў, тут жа «пасуцца» і пярэстая кароўка з цяляткам. З правага боку будынка «гарманісты» акампануюць прыпевачніцы, а побач «вядуць бяседу« «тры парсючкі», героі вядомай казкі. З левага боку — «фурман», які паганяе коніка, «лесавік» з савою і ваўком. А ўвесь гэты нерухомы таэтр адкрывае вобраз «рыбака» — аматар пасядзець з вудаю прымасціўся на драўнянай калодзе амаль насупраць фасада будынка.

З «рыбака» і пачалося позняе захапленне Івана драўлянай скульптурай. Пенсіянер кажа: «Прыехаўшы ў дом-інтэрнат, а гэта было шэсць гадоў таму, убачыў цэлы двор бярвенняў для дроў, падумаў, што з гэтага матэрыялу можна рабіць усё што заўгодна». Іван адразу пацягнуўся да разьбярства і свае першыя крокі ў асваенні разьбярскай тэхналогіі пачаў пры дапамозе самаробных нажоў-разцоў. Жыццёвы вопыт падказаў навічку выразаць простыя рэчы, якія заўсёды выклікаюць станоўчыя эмоцыі ў людзей старэйшага ўзросту.

У майстра прачнулася дзіцячая прага да самавыяўлення. Дагэтуль Іван ніколі не займаўся разьбою па дрэве, але ў душы, як кажа ўмелец, жыло патаемнае жаданне ствараць рукамі нешта прыгожае, радаснае. Ён не ведае, што такое скульптурная пластыка, залатое сячэнне, ніколі не трымаў у руках сапраўдны разец. Таму разьбярскі рыштунак, прывезены яму са сталіцы, успрыняў не інакш, як асаблівы бонус, аванс, а не як узнарагоду. Новымі разцамі ён будзе асвойваць малыя скульптурныя формы. Яму падабаецца выразаць конікаў, мядзведзяў, птушак, якіх можна патрымаць у руках, памацаць — гэта своеасаблівыя лялькі з дрэва, якія любяць жыхары прытулку. Іван робіць і «анёлкаў» — для бабуль, якія і ў свае дзевяноста з гакам чытаюць малітвы.

На развітанне Іван перадаў невялікі аўтэнтычны сувенір — некалькі драўляных лыжак, зробленых самым старажытным метадам — з дапамогаю самаробнага нажа, папрасіў, каб я перадаў іх добразычліўцам, якія наблізілі яго да запаветнай мары.

У Дзікеве мне дазволілі паздымаць Івана Буйко ў яго звыклым асяроддзі, а галоўнае — у творчым працэсе. За гэта я вельмі ўдзячны адміністрацыі аддзялення.

Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Здзейсненая мара Івана Буйко

Каментары

Душэўны тэкст і душэўныя здымкі! Дзякуй!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.