Бульба ўрадзіла


Ураджай нашага другога хлеба і аб'ёмы агародніны дазваляюць забяспечыць унутрырэспубліканскія патрэбы, у першую чаргу ажыццявіць закладку ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд 2017—2018 гадоў, паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Карбановіч.


Чаканыя аб'ёмы гэтага года якраз цалкам забяспечаць закладку ў стабфонды. «Акрамя таго, ураджай дазваляе выканаць дагаворныя абавязацельствы па пастаўках прадукцыі на экспарт», — сказала Таццяна Карбановіч.

Ураджайнасць каля 310 цэнтнераў

У сельгасарганізацыях і сялянскіх фермерскіх гаспадарках ужо сабрана каля 95 тысяч тон агародніны, каля дзвюх тысяч тон пладоў і ягад. Ідзе копка бульбы — пакуль на 3% плошчаў сабрана ўжо 28 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць складае 307 ц/га.

Таццяна Карбановіч адзначыла, што ў краіне ў апошнія гады істотна пашыраны асартымент пладова-ягадных культур, а ў цяперашні час ён дасягае больш як 40 найменняў. Сёлета ў сельгасарганізацыях краіны і сялянскіх фермерскіх гаспадарках плануецца атрымаць больш за 1,1 млн тон бульбы, 528 тысяч тон агародніны, пладоў і ягад — 102—105 тысяч тон. У гаспадарках усіх катэгорый чаканая вытворчасць бульбы — 5,7 млн тон, агародніны — 1,7 млн тон, пладоў і ягад — 480 тысяч тон.

З пачатку года мы прадалі за мяжу 189 тысяч тон бульбы. З іх каля 10 тысяч тон — новага ўраджаю. «Цяпер ідзе адгрузка ранняй прадукцыі на экспарт. Каб яна захоўвалася практычна да наступнага ўраджаю, у краіне створаны спецыялізаваныя сховішчы: бульбасховішча ёмістасцю 829 тысяч тон, агароднінасховішча ёмістасцю 148 тысяч тон, пладасховішчы — 102 тысячы тон. Так мы можам прадаваць прадукцыю тады, калі складваюцца найбольш выгадныя цэны», — заявіла Таццяна Карбановіч.

Акрамя таго, сёння ў Беларусі створана больш за 200 спецыялізаваных буйнатаварных арганізацый па развіцці бульбаводства, больш за 70 арганізацый — па агародніцтве, 150 арганізацый — па пладах і ягадах. Яны маюць гарантаваныя ўраджаі і экспартны патэнцыял, у іх ёсць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, сховішчы. «Пералік гэтых арганізацый мы рэгулярна друкуем у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, даём у Белкаапсаюз, Белдзяржхарчпрам, каб можна было заключаць з імі дагаворы па вытворчасці прадукцыі», — сказала прадстаўнік упраўлення раслінаводства.

Рэха веснавых замаразкаў

Калі казаць увогуле па краіне, то ўраджай яблыкаў сёлета дасць магчымасць забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку, паведаміла загадчыца аддзела інфармацыі, маркетынгу і ўкаранення Інстытута пладаводства Наталля Картавіцкая.

Паводле слоў спецыяліста, надвор'е ўнесла свае карэктывы. «Па сітуацыі ў садах нашага інстытута можна зрабіць выснову, што ўраджай яблыкаў зараз меншы за леташні, але ён не крытычны. Яго цалкам дастаткова для забеспячэння ўнутранага рынку. І думаю, як і ў мінулым годзе, мы працягнем пастаўляць яблыкі на экспарт», — адзначыла Наталля Картавіцкая.

Пры гэтым начальнік упраўлення харчовых тавараў галоўнага ўпраўлення рэгулявання спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Таццяна Краснюк звярнула ўвагу, што ў краіне неабходна наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне вытворцаў яблыкаў (сельгасарганізацый, фермерскіх гаспадарак) і гандлю. «Мы прадалі за першае паўгоддзе праз арганізацыі гандлю 53 тысячы тон яблыкаў, з іх айчынных — толькі 16%, — кажа яна. У стабфонды плануем закласці каля 14—16 тысяч тон. Таму на працягу міжсезоннага перыяду беларускімі яблыкамі мы забяспечаныя, яны ў абавязковым парадку павінны ляжаць на паліцах».

З 15 верасня — на кірмаш

У сезон масавай уборкі ўраджаю арганізуюцца сельскагаспадарчыя кірмашы. Сялянскім фермерскім гаспадаркам, сельгасвытворцам для рэалізацыі прадукцыі вылучаюцца пляцоўкі ў жылых мікрараёнах гарадоў. Акрамя таго, выдзяляюцца пляцоўкі для выязнога гандлю спажыўкааперацыі. «Кірмашы пачынаюцца з 15 верасня і будуць працягвацца да кастрычніка — лістапада ў залежнасці ад умоў надвор'я», — растлумачыла Таццяна Краснюк. У сталіцы нашай краіны першы кірмаш пройдзе 16 верасня на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны». Аналагічныя мерапрыемствы будуць арганізаваныя на пляцоўцы каля Палаца спорту 30 верасня, 1, 7 і 8 кастрычніка.

Запас бяды не чыніць

Для забеспячэння насельніцтва агароднінай у міжсезонне да 15 лістапада ў абласцях і Мінску будуць створаны стабілізацыйныя фонды прадуктаў раслінаводства. Традыцыйна на захоўванне закладваецца бульба, капуста, буракі, морква, цыбуля, яблыкі айчыннай вытворчасці. «Умовы для закладкі ёсць. Аб'ёмы прадукцыі будуць закладзены не ніжэй за ўзровень мінулага года, зацвердзіць іх плануецца да 1 верасня», — паведаміла начальнік упраўлення МАРГ. Паводле яе слоў, іх міністэрства рэкамендуе перагледзець гэтыя аб'ёмы ў бок павелічэння.

На ўнутраны рынак краіны штогод пастаўляецца каля 320—330 тысяч тон свежай агародніны, 160 тысяч тон бульбы, 370 тысяч тон садавіны, пладоў і ягад. «Патрэба ў свежай агародніне задавальняецца часцей за ўсё за кошт беларускай прадукцыі. У гандлёвых сетках удзельная вага продажу свежай беларускай бульбы складае 93%, капусты — 72%, буракоў — 96%, морквы — 89%, агуркоў — 89%. Па садавіне і ягадах удзельная вага айчыннай прадукцыі складае толькі 8,4% з прычыны кліматычных умоў, але мы гэтую сітуацыю стараемся выправіць — штогод высаджваюцца сады, вырошчваюцца ягаднікі», — сказала Таццяна Краснюк.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?