Вы тут

У Полацку прайшоў фінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка»


У Полацку прайшоў фінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», які сёлета ўпершыню набыў статус рэспубліканскага. Сваім яскравым прачытаннем нашай літаратурнай спадчыны школьнікі з усёй краіны радавалі высокіх гасцей. І ўсім было відавочна: калі беларускае слова гучыць з вуснаў маладога пакалення, значыць, яно сапраўды жывое.


У журы конкурсу ўвайшлі міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі і іншыя. Усе яны сышліся ў меркаванні, што кожны ўдзельнік фіналу прадэманстраваў надзвычай высокі ўзровень чытання твораў. Міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ адзначыла:

— Калі мы прымалі рашэнне, што менавіта ў Полацку пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка», мы былі ўпэўнены, што ўсе беларускія дзеці вельмі любяць і шануюць выдатнае слова пісьменніка. І, безумоўна, класічная літаратура, якая выкладаецца ў школе, — гэта не толькі веды, але і падмурак асобы дзіцяці. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх удзельнікаў з Днём беларускага пісьменства і ў сваім прывітальным слове адзначыў, што гэта свята стала неад'емнай часткай, сімвалам незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта высокія словы — для нашых дарагіх дзяцей. Мы робім усё, каб маладое пакаленне ўзбагачалася крыніцай і мудрасцю, вытокамі нацыянальнай літаратуры і той духоўнасці, якая ёсць у кожнага з нас. Але самае галоўнае, што менавіта ў Полацку мы пабачылі нашы найлепшыя творчыя дзіцячыя сілы. А ўсе 13 тысяч дзетак, якія прынялі ўдзел у конкурсе, — гэта таксама пераможцы.

Нечаканым і прыемным сюрпрызам для фіналістаў рэспубліканскага конкурсу сталі бясплатныя пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» на змену таленавітай моладзі ў 2018 годзе і сертыфікаты на наведванне музеяў на працягу навучальнага года.

Міністр культуры Барыс Святлоў адзначыў, што ўсе члены журы адзінагалосна сышліся на тым, што кожны ўдзельнік гэтага конкурсу — надзвычай таленавіты. Было бачна, што юныя чытальнікі варты самых высокіх узнагарод, бо ўклалі часцінку сваёй душы ў творы нашых класікаў і сучаснікаў.

Міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА, між іншым, расказаў пра свае карані ў старажытным горадзе:

— Прыемна вяртацца ў свой родны Полацк, дзе прайшло дзяцінства, школьныя гады. Прыемна з гэтай сцэны прывітаць старажытны і малады горад. Прыемна вітаць і ўсіх удзельнікаў конкурсу — тое, што вы стаіце на гэтай сцэне — ужо перамога. Няхай у вашай творчасці атрымаецца ўсё так, як вы задумалі.

Будзем спадзявацца, што і сапраўды далейшы шлях у юных талентаў складзецца надзвычай шчасліва. А іначай і быць не можа, калі грунтуецца ён на моцных падмурках нацыянальнай спадчыны.

Падчас Дня беларускага пісьменства былі ўзнагароджаны і лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Падрабязней аб гэтым — у наступным нумары.

 

Загаловак у газеце: Пісьменства як сімвал незалежнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.