Вы тут

Як прыцягнуць турыста ў нашу краіну


З увядзеннем пяцідзённага бязвізавага рэжыму паток турыстаў да нас дакладна не хлынуў, аднак колькасць замежных наведвальнікаў значна павялічылася. Паводле апошніх звестак, з таго моманту праз аэрапорт Беларусь наведала каля 45 тысяч турыстаў. Часцей за ўсё да нас прыляталі жыхары такіх краін, як Германія, Польшча, Італія, ЗША і Вялікабрытанія. Вядома, развіццё ёсць, аднак заўсёды хочацца большага, таму наш карэспандэнт пагутарыў з трыма экспертамі, каб высветліць, якія праблемы перашкаджаюць належным чынам развіваць турызм, як змяніць сітуацыю ў лепшы бок, а таксама калі ў Беларусь нарэшце прыйдуць танныя авіякампаніі — так званыя лаўкосты — і ці патрэбныя яны.


Афіцыйная пазіцыя

На думку намесніка дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Віталя ГРЫЦЭВІЧА, турызм у Беларусі развіваецца паступова і ўпэўнена. Найбольш перспектыўнымі кірункамі, здольнымі цягнуць гэту галіну наверх, спецыяліст лічыць санаторна-курортны і аграэкатурызм, дзякуючы якім наша краіна не адзін дзясятак гадоў вядомая ва ўсім свеце.

Акрамя гэтага, сюды можна аднесці прамысловы турызм. «Перавага гэтага кірунку ў тым, што мы даём магчымасць не толькі паглядзець на вытворчасць, але дазваляем і паўдзельнічаць у стварэнні прадукту», — адзначыў Віталь Грыцэвіч.

«Напрыклад, людзі могуць пракаціцца на Белазе, а на Мінскім трактарным заводзе яшчэ і паўдзельнічаць у стварэнні трактара. Дарэчы, пасля дапамогі ў зборцы трактара турыст атрымлівае сертыфікат, у якім напісана, якую мадэль ён сабраў, які яе нумар... Гэта ж выдатна: чалавек, які наведаў Беларусь, напэўна, запомніць такі факт і будзе расказваць сябрам».

Акрамя вышэйназваных, перспектыўным кірункам таксама з'яўляецца лячэбны турызм: людзі прыязджаюць да нас на аперацыі, наведваюць урачоў — напрыклад, стаматолагаў, — візіт да якіх у Еўропе каштуе нямалых грошай. Ну і, зразумела, бізнес-турызм.

— Якія ў нас праблемы? Па-першае, гэта інфраструктура. Дзе ўказальнікі на англійскай мове? Так, у цэнтры Мінска іх дастаткова, але ў астатніх гарадах, вёсках па краіне? Па-другое, недастатковы ўзровень сэрвісу. Да ўвядзення бязвізавага рэжыму турыстаў з Расіі і краін СНД усё задавальняла, а вось калі прыйшоў еўрапейскі турыст, мы зразумелі, што чагосьці не хапае, — падкрэслівае Віталь Грыцэвіч. — У тых жа аб'ектах грамадскага харчавання, гандлёвых кропках не хапае ўзроўню англійскай мовы. У Мінску з гэтым яшчэ нядрэнна, але калі выехаць за межы сталіцы... Па-трэцяе, нам трэба прасоўваць краіну, яе брэнд. А для гэтага, на жаль, не выдзяляецца дастаткова грошай.

Каб да нас прыязджала больш людзей, ужо разглядаецца пытанне аб падаўжэнні пяцідзённага бязвізавага рэжыму. Па словах Віталя Грыцэвіча, названы аспект Міністэрства спорту і турызму абмяркоўвае сумесна з Міністэрствам замежных спраў і Міністэрствам унутраных спраў. «Зараз апошнія працуюць над тым, каб падоўжыць тэрмін знаходжання без рэгістрацыі да 10 дзён. Адпаведна, мы будзем прывязвацца да гэтай лічбы».

Большай колькасці турыстаў у Беларусі можа паспрыяць з'яўленне таннага транспарту — напрыклад, лаўкостаў. Танныя авіякампаніі значна палягчаюць перамяшчэнне людзей ва ўсім свеце. Аднак Віталь Грыцэвіч пакуль не гатовы аднесці лаўкосты да неабходных мер. «Не магу сказаць, што яны не трэба, бо тады я буду супярэчыць сусветнаму досведу. Калі разглядаць гэтае пытанне з эканамічнага пункту гледжання, то ясна, што лаўкостам патрэбна загрузка. А Беларусь пакуль не гатовая даць тыя лічбы, якія хочуць мець авіякампаніі. Таксама трэба дамовіцца з аэрапортам аб найбольш ільготных умовах. На жаль, пакуль гэта ўсё на стадыі распрацоўкі», — адзначыў намеснік дырэктара дэпартамента па турызме.

Погляд знутры

Ксенія КУРУСЬ — дырэктар мінскіх хостэлаў Trіnіtу & Rіvеrsіdе. Яна называе пяцідзённы бязвізавы рэжым не інакш як надзвычай крутым крокам, аднак вельмі спадзяецца, што гэта толькі пачатак. Кожны дзень размаўляючы з турыстамі, якія жывуць у яе хостэле, яна чуе просьбы аб тым, каб тэрмін знаходжання ў Беларусі павялічылі — пажадана, ад 10 да 14 дзён. «Гэта меркаванні людзей, якія прыязджаюць з ЗША, Канады, Аўстраліі і іншых дзяржаў», — адзначае Ксенія.

Акрамя таго, існуе яшчэ адна праблема. «Нядаўна я была ў Вільнюсе. Жыла ў хостэле, там жа сустрэла турыстаў з Брэмена. Я прапанавала ім наведаць Беларусь, яны не былі супраць. Толькі вось калі даведаліся, што на цягніку ўехаць па бязвізавым рэжыме нельга, то адмовіліся. Гэта занадта складана. Для бюджэтных турыстаў, якія едуць да нас, самалёт  — дарагаватае задавальненне. Таму калі б я магла нешта парэкамендаваць, то параіла б паспрабаваць адкрыць мяжу для аўтамабіляў і цягнікоў. І, вядома, патрэбныя лаўкосты».

Цэнтральнае пытанне для любога турыста: чым заняцца ў той ці іншай краіне? Ксенія Курусь пацвярджае словы папярэдняга эксперта: праблема інфраструктуры і сэрвісу сапраўды вострая. Персанал, які валодае англійскай мовай, сустракаецца ў сталіцы, аднак у «беларускіх турыстычных Меках» — Нясвіжы і Міры — англійскую разумеюць дрэнна. «Але гэта складана неяк імгненна вырашыць», — прызнаецца Ксенія.

Рэальнае развіццё турызму ў Беларусі ў многім трымаецца на энтузіястах, што пацвярджае і дзейнасць Ксеніі: цэлыя тры гады яна стварае карту Мінска, каб выклікаць «ваў-пачуцці» ў гасцей. «Мы стараемся падабацца, паколькі хостэл — гэта другое месца пасля вакзала, якое бачыць госць, — кажа яна. — Раней у нашым горадзе не было паўнавартаснага даведніка. Мы яго зрабілі, прычым гэта не проста карта: у яе ўбудаваная сістэма бонусаў. Прыходзячы ў нейкае месца, напрыклад, у кафэ, турыст можа паказаць карту і атрымаць дранікі ў падарунак».

Апошнім разам тыраж такой карты склаў 75 тысяч экзэмпляраў. Карта бясплатная, яна ёсць не толькі ў хостэлах, але і ў турыстычных арганізацыях, у аэрапорце. Ксенія і сама развозіць такую надзвычай карысную інфармацыйную прадукцыю па ўсіх магчымых кропках, прысвячаючы гэтаму цэлы працоўны дзень. «У Бельгіі, напрыклад, ёсць артыкул бюджэту, паводле якога выдзяляюцца сродкі на друкарскую прадукцыю для турыстаў. А я раблю гэта за свае грошы», — дадае Ксенія.

Аднак дзяўчына зусім не скардзіцца: яна і далей будзе працягваць развіваць турызм у Беларусі, няхай і сваімі сіламі. Таксама Ксенія лічыць, што неабходна зрабіць так, каб пра Беларусь даведаліся. Сапраўды, брэнд краіны — неабходная дэталь, здольная запусціць увесь механізм, які зменіць уяўленне пра Беларусь замежных грамадзян. «Гэта можа быць ролік пра Беларусь, які можна запусціць на замежныя каналы. І я гатовая фінансава падтрымаць такі крок» — падкрэслівае дырэктар хостэлаў.

Дарэчы, цікавы момант, які наглядна дэманструе даволі свабодную турыстычную нішу ў Беларусі. У Санкт-Пецярбургу існуе 352 хостэлы, а ў Мінску — усяго 17. Дадаць тут няма чаго.

Дорага і хітра

Лізавета ШАБОВІЧ тры гады стажыравалася ў буйным прыватным атэлі ў сталіцы. Многія беларусы апошнія гады задаюцца пытаннем: хто будзе жыць у дарагіх атэлях, якіх становіцца ў Мінску ўсё больш і больш? Лізавета гатова развеяць міф пра адсутнасць загружанасці. «Так, калі яшчэ было не так шмат атэляў, наш карыстаўся вялікім попытам. Для мінімальнага выжывання гасцініцы трэба 40% запаўняльнасці, а я кожны дзень праглядала статыстыку і магу сказаць, што лічбы былі даволі высокія, дзякуючы, перш за ўсё, бізнес-турызму і наяўнасці казіно, — адзначае дзяўчына. — Усе пытаюцца: навошта гэта будуецца, для каго? Паверце, загрузка ёсць. Дарэчы, і ў дзяржаўных атэлях сітуацыя даволі нядрэнная. Мой знаёмы працуе ў трохзоркавай дзяржаўнай гасцініцы — па яго словах, загрузка ў іх — 80—90%».

— Мінск «заточаны» пад падзеі. Калі ў нас нешта адбываецца, то атэлі не пустуюць, — падкрэслівае Лізавета Шабовіч. — Многія гасцініцы супрацоўнічаюць з рознымі арганізацыямі, таму калі праходзяць буйныя мерапрыемствы, атэль можа быць запоўнены практычна цалкам. Якая максімальная загрузка пры мне была ў атэлі, дзе я працавала? 98%. Вядома, чым больш будуецца гасцініц, тым больш вышэйшая канкурэнцыя. Але гэта дапамагае развіццю сэрвісу.

Дзяўчына працавала ў атэлі як да ўвядзення бязвізавага рэжыму, так і пасля, і лічыць: увядзенне 5 дзён для «аблегчанага» наведвання нашай краіны ніяк не змяніла сітуацыю ў буйных атэлях. «Як ездзілі, так і працягваюць ездзіць. Тым жа бізнес-турыстам без розніцы: ну адмянілі візы, добра, толькі мы і раней прыязджалі. Таму гэты сегмент не моцна змяніўся», — дадала яна.

«Нам трэба зразумець, чаму турыст можа захацець прыехаць у Беларусь. У нас ёсць мноства кірункаў, над якімі працаваць і працаваць, няма сэнсу гэта паўтараць. Дарэчы, пераважнай большасці замежнікаў усё падабаецца. Толькі рускія турысты на маёй памяці выказвалі незадаволенасць сэрвісам і тым, што ў «нас няма чым заняцца», — адзначае Лізавета.

Замест заключэння

Сёння людзі едуць у Беларусь. Пяцідзённы бязвізавы рэжым няхай і не ідэальны, але ён дазволіў хоць бы ненадоўга зазірнуць у краіну, якая пакуль не трапіла ў спіс абавязковых для наведвання кожным турыстам. І будзем шчырымі: у такі спіс яна трапіць не хутка. Але галоўнае, што ў нашай краіне ёсць людзі, гатовыя рабіць яе лепшай, — няхай і ў асобным хостэле. У рэшце рэшт, чым больш такіх энтузіястаў, тым больш цікавых месцаў для наведвання.

У цэлым, рэкамендацыі экспертаў маюць аднолькавы характар: нам патрэбен брэнд, вобраз. І калі ён будзе сапраўды варты, здолее адлюстраваць нашу культуру і традыцыі, то ніякія межы не спыняць сапраўднага турыста. І, вядома, паляпшэнне сэрвісу, інфраструктуры — неабходныя крокі, паколькі іх невыкананне значна ўскладняе знаходжанне ў Беларусі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Дарогі вядуць... у Беларусь?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.