Вы тут

Зрабіць рамонт, наведаць маму...


Лета — любімы сезон адпачынкаў для многіх. Можна выехаць у вёску, на свой дачны участак, а можна паляцець у цёплыя краіны і расслабіцца на пляжы. Не з'яўляюцца выключэннем і нашы парламентарыі.


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Юрый ДЗЯРКАЧ:

— Я толькі выйшаў у адпачынак, але ён будзе зусім нядоўгі — два ці тры дні. З чым гэта звязана? Справа ў тым, што 31 жніўня і 1 верасня адбываюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да пачатку навучальнага года. Трэба ўдзельнічаць у сустрэчы ў медыцынскім універсітэце і ў вучылішчах, у адкрыцці інтэрната. Як начальніку ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, мне неабходна прысутнічаць, адказаць на разнастайныя пытанні. Што я буду рабіць падчас свайго адпачынку? Паеду да маці, якая жыве ў Брэсце. Я рэдка яе бачу, будзем размаўляць пра ўсё, пакажу фатаграфіі ўнучкі, якая нядаўна нарадзілася. Стэлефаноўваемся мы часта, а вось убачыцца атрымліваецца не заўсёды.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах Валерый БАРАДЗЕНЯ:

— Я зараз у адпачынку, узяў на тры тыдні. Займаюся рамонтам у сваёй кватэры, усё раблю сваімі рукамі. І мне здаецца, што я, на жаль, не спраўлюся за гэты час. Мой самы лепшы адпачынак? Гэта калі апошнія два гады мы з сябрамі ездзілі на Браслаўскія азёры. Жылі ў палатках. Няхай надвор'е было не самае лепшае — у асноўным, дождж, холад, але ўсё гэта вельмі запомнілася. Немалаважны фактар — кампанія.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ірына АКУЛОВІЧ:

— Мне падабаецца падарожнічаць, і гэта неабавязкова павінны быць нейкія далёкія краіны. Некалькі дзён таму я была ў Нясвіжы на здымках — і атрымала велізарнае задавальненне. Любыя перамяшчэнні, новыя людзі — гэта маё, а вось проста ляжаць не магу. Свой сёлетні адпачынак упершыню ў жыцці я прысвяціла дачцэ Варвары. У гэтым годзе яна пойдзе ў першы клас. І ўпершыню за апошнія 15 гадоў я ўзяла тры тыдні водпуску. Разумела, што трэба правесці час з ёй, таму галоўнае, што 21 дзень я магла трымаць Варвару за руку. Дзе мы адпачывалі? У беларускім санаторыі. Мы і адпачылі, і аздаравіліся. Я падзарадзілася энергіяй і гатова да самаадданай працы.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ:

— Не хацелася б скардзіцца, але я падчас свайго адпачынку не адпачываю, а працую. І сёлета выкарыстаў свае адпускныя дні, каб прысвяціць іх працы. У мяне засталося яшчэ 6 ці 7 дзён, якія я планую выкарыстаць у найбліжэйшы час: хачу адвезці свайго сына на мора. На жаль, так атрымліваецца, што калі ў Беларусі цёпла і можна купацца, у мяне самая гарачая рабочая пара. Куды паедзем? Яшчэ не вырашыў, таму што не ведаю, калі дакладна змагу з'ехаць. Буду выбіраць месца, максімальна камфортнае для дзіцяці, дзе сапраўды можна сумясціць аздараўленне, а таксама культурны адпачынак. Асабіста для мяне найлепшы адпачынак — гэта нашы азёры, рыбалка або паход у лес па грыбы. Лічу, што няма адпачынку лепш, чым у Беларусі: у нас цудоўная прырода. Але я ў пэўным сэнсе закладнік сваіх хвароб: ёсць праблемы са спінай, таму мне вельмі дапамагае салёная вада.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».