Вы тут

Фермер: Багацеем на зямлі не станеш, але на годнае жыццё заробіш


Так лічыць кіраўнік фермерскай гаспадаркі са Смалявіч.

«На зямлі ніколі не станеш багатым, а станеш гарбатым», — так казалі нашы продкі, ды яшчэ і цяпер сярод людзей старэйшага пакалення бытуе гэтае меркаванне. Але кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Аграліга», што ў Смалявіцкім раёне, Аляксей Крапіўка сцвярджае, што гэтае паняцце састарэла.


— Два гады таму, як кажуць, прыпякла эканамічная сітуацыя. Мы сабраліся кіруючым саставам і прыйшлі да высновы: калі хочам не страціць у заробках, выхад у нас адзін — працаваць удвая эфектыўней, — кажа Аляксей Уладзіміравіч.

«Аграліга» заснавана ў 2009 годзе. Спачатку тут займаліся ачысткай гародніны і фасоўкай паўфабрыкатаў у вакуумную ўпакоўку. Зямлі на той час было нямнога — недзе 57 гектараў. Цягам часу прырасталі новымі плошчамі. Цяпер у гаспадарцы каля 550 гектараў пад бульбай, капустай, морквай, буракамі, цыбуляй, ды іншым. У 2012 тут пачалі вырошчваць і фасаваць у вакуумную ўпакоўку зеляніну: цыбулю, салату, кроп, пятрушку. Прадукцыя пастаўляецца ў рэгіёны Мінскай вобласці, вытворца практычна закрывае патрэбы гандлёвых сетак цэнтральнага рэгіёна.

Дарэчы, сельгаспрадпрыемства адным з першых у краіне пачало выпускаць вакуумную гародніну, па абаротах і продажы яму не было роўных. Сёння гэтая вытворчасць не такая прыбытковая, як раней. У Беларусі працуюць 28 ліній толькі па перапрацоўцы бульбы.

Як лічыць Аляксей Уладзіміравіч, каб цалкам задаволіць патрэбы беларусаў у гэтай прадукцыі, дастаткова і адной лініі. Канкурэнцыя на ўнутраным рынку, натуральна, вялікая. Таму ў «Агралізе» вытворчасць вакуумнай агародніны скарацілі са 150 тон да 50. Пакінулі тую колькасць, якая запатрабавана ў пастаянных кліентаў. Яны пры любым раскладзе будуць спажываць прадукт, якасць якога іх задавальняе.

Ваяваць са сваімі канкурэнтамі па бізнесу — апошняя справа, лічыць Аляксей Крапіўка. «Браць» кліентаў трэба якасцю. Не варта трымацца за тое, што састарэла, не карыстаецца ранейшым попытам, трэба рухацца наперад, развіваць іншыя перспектыўныя кірункі.

У прыватнасці, у верасні гаспадарка адкрывае цэх па квашанні капусты і засолцы гародніны, які ўжо цалкам абсталяваны. Капусты, агуркоў дастаткова, ёсць памяшканне для таго, каб іх захоўваць. Удалося нават знайсці чалавека, які ўжо дваццаць гадоў квасіць капусту па розных, вядомых толькі яму, рэцэптах. І прадукт атрымліваецца — пальчыкі абліжаш.

Акрамя таго, запускаецца цэх па перапрацоўцы мяса, які пакуль будзе працаваць на пакупной свініне, ялавічыне, кураціне. У перспектыве мяркуецца выкарыстоўваць уласную сыравіну: будуюцца дзве фермы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. У планах — адкрыць каўбасны цэх.

— Мяне палохаюць глабальныя маштабы вытворчасці, у мяне заўсёды было імкненне расці не ў шыр, а ў вышыню, — канстатуе Аляксей Уладзіміравіч.

Перш чым прыняць канчатковае рашэнне, ён працяглы час вывучаў тэму. Прыйшоў да высновы, што трэба вырошчваць жывёлу, каб мець мяса ўласнай вытворчасці, перапрацоўваць яго, затым заняцца глыбокай перапрацоўкай. І так да бясконцасці — імкнуцца ўверх.

— Аляксей Уладзіміравіч, ці дапамагае вам дзяржава? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— Без падтрымкі дзяржавы ў сельскай гаспадарцы цяжка. Летась мы прыраслі 300 гектарамі зямлі. І, натуральна, скарысталіся магчымасцю ўзяць у лізінг 5 адзінак тэхнікі, прычапное абсталяванне. Працэнты па крэдытах цяпер невысокія. Але на сённяшні дзень у нас няма неабходнасці ў крэдытаванні. Бо бярэш чужое, а аддаеш сваё. За ўласныя сродкі будуемся, развіваемся. Крок за крокам рухаемся наперад.

— А мінеральных угнаенняў дастаткова?

— Некаторыя спажыўцы ўпэўнены, што калгасная прадукцыя напханая «хіміяй». Гэта не так. Тона калію, фосфару, аміячнай салетры каштуе вялікіх грошай. І ніхто не будзе дабаўляць іх празмерна. Добра, каб атрымалася ўнесці тое, што прадугледжана нормамі, — адзначае Аляксей Крапіўка. — Нам пашанцавала, што знаходзімся непадалёку ад птушкафабрыкі «Смалявічы-Бройлер», ёсць магчымасць купляць там курыны памёт.

— А якая дзяржаўная падтрымка была б яшчэ дарэчы?

— З боку дзяржавы не хапае абароны айчыннага вытворцы. У сеткавых крамах бульба з Германіі, Галандыі каштуе, умоўна, долар за кілаграм, а беларуская, не горшая па якасці, — 30 капеек. Лічу, што гэта не зусім правільна.

...Падчас размовы ў кабінет адзін за адным заглядваюць маладыя супрацоўнікі.

— У нашым калектыве 60 чалавек. Большасць ад 25 да 40 гадоў. Але ёсць і людзі сталага ўзросту: ветурач, галоўны інжынер. Гэта спецыялісты высокага ўзроўню, з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам, у якіх самому можна павучыцца. На іх месца не паставіш маладога. Так што спісваць з карабля знатакоў сваёй справы — гэта глупства.

Сам Аляксей Крапіўка закончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але замест кар'еры прафесійнага юрыста перавагу аддаў сельскай гаспадарцы. Яшчэ студэнтам трэцяга курса ён увесь свабодны час прападаў на палях: яго бацька адзінаццаць гадоў узначальваў былы сельскагаспадарчы кааператыў «Пліскі» ў Смалявіцкім раёне. На зямлі працавалі яго дзяды, прадзеды. Так што, як кажуць, покліч крыві і гены перасілілі. Дзесьці з сёмага класа школьнік «валодаў» кавалкам зямлі каля вёскі Юзафова, дзе вырошчваў раннюю бульбу. Гэта была задума бацькі, які не хацеў, каб сын вырас абібокам. Адпрацаваўшы сезон, юны бізнесмен атрымаў нядрэнныя грошы, якіх хапіла на цэлы год. «Прывычка працаваць на зямлі фарміравалася з дзяцінства. Нават калі ездзіў на лета ў Таганрог да бабулі, не сядзеў склаўшы рукі», — прызнаўся ён.

Бацька Аляксея — Уладзімір Аляксандравіч Крапіўка — таксама кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі, якая суседнічае з сынавай. Паважаны і аўтарытэтны чалавек, спецыяліст, адным з першых пачаў вырошчваць у Беларусі кавуны, новыя сарты проса, якія завёз з-за мяжы. Ён аўтар некалькіх навуковых кніг, кантактуе са свяціламі сельскагаспадарчай навукі, вучонымі, селекцыянерамі. Малодшая сястра Аляксея па адукацыі аграном, працуе ў гаспадарцы бацькі.

Жонка Аляксея Крапіўкі працавала ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Цяпер у дэкрэце, сям'я чакае папаўнення. Першы сынок Глеб, яму сем гадоў. Сям'я хутка пераедзе ў свой дом. Яго будаўніцтвам кіравала гаспадыня. Так бы мовіць, была і брыгадзірам, і прарабам.

— Вы шчаслівы чалавек: пабудавалі дом, нарадзілі сына і дрэва, відаць, пасадзілі?

— Не адно, а некалькі дзясяткаў. У прынцыпе, я задаволены, работа ёсць, на жыццё хапае. Але лічу, што шчасце не залежыць ад колькасці грошай. Шчасце — гэта навык. Калі навучыўся ім кіраваць, то будзеш шчаслівы. Трэба асэнсоўваць: калі здаровы ты, жывыя бацькі, есць сям'я, любімая справа, якая дае матэрыяльныя рэсурсы, гэта і ёсць шчасце, — адказвае Аляксей Крапіўка.

— Цікавіцца ваш сынок бізнесам бацькі? Магчыма, калі вырасце, стане памочнікам?

У адказ Аляксей смяецца: «Сына заўсёды хвалюе, колькі ў мяне працуе людзей. І кожны раз кажа: трэба, каб было больш. Відаць лічыць, чым больш работнікаў, тым мацнейшы бацька»...

У тэму:

Міхаіл Толкач, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Смалявіцкага райвыканкама:

— У раёне ўдзяляецца значная ўвага развіццю фермерскага руху. Працуюць 56 сялянска-фермерскіх гаспадарак, у тым ліку тры разводзяць коней, авечак, кароў, а малако здаюць дзяржаве. Фермеры займаюцца бульбай, гароднінай, крыху — збожжавымі. Напрыклад, у «Шчурках» вырошчваюць «другі хлеб» на 470 гектарах. Фермерскія гаспадаркі цалкам закрываюць патрэбы ў гародніне.

У нас створаны фонд пераразмеркавання сельскагаспадарчых зямель. Яшчэ нядаўна іх было каля 100 гектараў, на сённяшні дзень засталося 37 гектараў. Гэта сведчанне таго, што фермеры пашыраюць свае ўладанні, адкрываюць справу новыя людзі. Але выдзяляецца зямля не кожнаму сустрэчнаму. Патэнцыйны фермер павінен напісаць заяву ў райвыканкам, падаць бізнес-план з указаннем, чым будзе займацца, паведаміць пра сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Уся інфармацыя аналізуецца, правяраецца, каб будучы фермер не мог выкарыстаць плошчы не па прызначэнні, каб яны не зарасталі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».