Вы тут

У Мінску прымаюць роды ў новым фармаце


Самыя сучасныя тэхналогіі ў галіне акушэрства, гінекалогіі, педыятрыі, неанаталогіі, медыцынскай генетыкі — у РНПЦ «Маці і дзіця».

Каэфіцыент нараджальнасці дасягнуў летась 12,4 на 1000 жанчын. Гэта лічыцца даволі добрым паказчыкам, аднак, на жаль, ён будзе зніжацца — у рэпрадуктыўны ўзрост уваходзіць нешматлікае пакаленне 1990-х. А новая моладзь да таго ж усё пазней бярэ шлюб, адкладвае нараджэнне першынца і наступных дзяцей, дый усё больш з'яўляецца тых, для каго сям'я ў традыцыйным разуменні не першачарговы прыярытэт. Спецыялісты адзначаюць, што рэпрадуктыўныя ўстаноўкі трэба мяняць.


Абсервацыйнае аддзяленне РНПЦ «Ма­ці і дзі­ця».

Чым больш нарадзілася дзяцей і чым ніжэйшая дзіцячая смяротнасць, тым вышэйшая чаканая працягласць жыцця. Паказчык дзіцячай смяротнасці пры гэтым сёння такі, што Беларусь займае трэцяе месца ў свеце. На ўзроўні развітых краін і мацярынская смяротнасць (летась зарэгістравана два такія выпадкі, прычым не звязаныя нават з акушэрствам).

— Родадапамога традыцыйная ва ўсіх краінах, — тлумачыць начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена БОГДАН. — У шэрагу краін на наступны дзень пасля родаў жанчына адпраўляецца дадому. Што ёсць у нас і чаго няма ў іх — гэта дародавыя кансультацыі. Вядзенне цяжарнасці даступнае ў нас нават для грамадзян з прыгранічных тэрыторый. 5-ы, 6-ы радзільныя дамы ствараюць сёння ўмовы для камфортнага знаходжання пацыентак — з доступам сваякоў у палату, прысутнасцю на родах. Мы стварылі рознаўзроўневую сістэму аказання медыцынскай дапамогі, і тая ж Расія ідзе следам.

На кожным узроўні — свае паказанні для шпіталізацыі. У краіне 107 устаноў аховы здароўя аказваюць меддапамогу маці і дзецям. Чацвёрты, самы высокі ўзровень, прадстаўляе Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця», куды накіроўваюцца пацыенткі з рознымі рызыкамі, з цяжкай экстрагенітальнай паталогіяй, калі гэта заўчасныя роды на тэрміне ад 22 да 28 тыдняў, цяжарныя, якія перанеслі трансплантацыю ныркі, печані, з цяжкімі гістозамі, парушэннем згусальнасці крыві, пасля працяглага лячэння бясплоднасці і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Апошняму кірунку ўдзяляецца асаблівая ўвага: у цэнтры назіраюцца сямейныя пары, у якіх цяжарнасць не наступае на працягу года і болей, што і называецца, уласна кажучы, бясплоднасцю. Колькасць такіх пар не расце, мяркуецца, што каля 15 працэнтаў сямейных пар сутыкаюцца з цяжкасцямі зачацця. Магчымасцяў дапамагчы ў такіх сітуацыях нямала, гэта далёка не толькі экстракарпаральнае апладненне.

Большасць немаўлят з экстрэмальна нізкай вагой ад 500 г да 1 кг з усёй краіны знаходзяцца менавіта тут, хоць і ў некаторых рэгіянальных установах ёсць магчымасці для выходжвання — інкубатары, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, лекавыя сродкі.

— Высокатэхналагічнае абсталяванне дазваляе праводзіць экспрэс-дыягностыку не толькі ў жанчын, але і ў нованароджаных, якім патрэбны мікраметодыкі для правядзення біяхімічнага аналізу крыві, — расказвае падчас своеасаблівай экскурсіі дырэктар цэнтра Канстанцін ВІЛЬЧУК. — Вось апарат, які праводзіць 28 даследаванняў за 20 хвілін адначасова для 20 пацыентаў. У нас 21 апарат ультрагукавой дыягностыкі, у тым ліку ўльтрасучасныя...

У аддзяленні для пацыентак з цяжкай экстрагенітальнай паталогіяй — захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, у тым ліку артэрыяльнай гіпертэнзіяй, парокамі сэрца (аперыраванымі і неаперыраванымі), цукровым дыябетам, хваробамі шчытападобнай залозы, крыві, мочавыдзяляльнай сістэмы і інш. — можна ўбачыць спецыяльныя прыборы з маніторамі. Карыстацца імі здольны не толькі медработнік, але і сама цяжарная, якой неабходна вызначыць артэрыяльны ціск і некаторыя іншыя паказчыкі.

У якім раёне немаўлят багата?

Нараджальнасць у Дзяржынскім раёне — адна з самых вялікіх па краіне, 13 дзяцей на 1000 жанчын. Як адзначаюць у Дзяржынскай цэнтральнай раённай бальніцы, у апошнія гады расце і колькасць родаў без ускладненняў. Калі ў 2013-м кожныя 8—9-я роды былі з трэцім або наступнымі дзецьмі, то цяпер гэта кожныя 5—6-я. У раёне — каля 600 шматдзетных сем'яў. За 5 гадоў колькасць абортаў знізілася ўдвая, у тым ліку дзякуючы арганізаванай рабоце па перадабортным кансультаванні з дапамогай штатных псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў. Зніжаецца тут і колькасць сем'яў з бясплоднасцю: 5 гадоў таму ў кожнай пятай сям'і былі праблемы з зачаццем, а цяпер гэта кожная 7—8-я.

У адной з палат — жанчына са Слуцка (больш за палову цяжарных у цэнтры «Маці і дзіця» — з рэгіёнаў). Нягледзячы на парок сэрца, у 2009 годзе яна нарадзіла тут дзяўчынку вагой 3900 г, а цяпер вось «прыйшла па хлопчыка», мяркуемая вага якога таксама блізкая да той жа лічбы. Побач — пацыентка з Жодзіна з цяжкім цукровым дыябетам. Папярэднія спробы вынасіць дзіця аказаліся няўдалымі, але гэта спроба павінна завяршыцца поспехам, бо цяжарнасці ўжо 30—31 тыдзень. Мама падключана да прыбора, які паказвае, што сэрца ў дзіцяці б'ецца з нармальнай частатой. Некалі цукровы дыябет наогул быў проціпаказаннем для цяжарнасці, нават паказаннем для яе перарывання, а цяпер тэхналогіі дазваляюць жанчыне стаць мамай, а дзіцяці з'явіцца на свет без цяжкіх ускладненняў.

Сучасным абсталяваннем аснашчана і рэанімацыя, дзе могуць апынуцца жанчыны і да родаў, і пасля, напрыклад, планавай аперацыі кесарава сячэння. Ёсць функцыянальныя ложкі, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, адбываецца кантроль жыццёва важных функцый... У цэнтра ёсць і рэанімабіль, які можа пры неабходнасці даставіць пацыентку з установы ніжэйшага ўзроўню на вышэйшы. Працуе брыгада кругласутачнай экстраннай медыцынскай дапамогі, якая па першым патрабаванні выязджае ў любы раён для аказання дапамогі цяжарнай або жанчыне пасля родаў.

У родах самае небяспечнае — кровацячэнне, што патрабуе экстраннай меддапамогі. Некалі карысталіся шпрыцамі, а цяпер ёсць мабільны перфузар хуткага нагнятання — помпа для ўнутрывеннай падачы крыві. Ёсць нават мабільны рэнтгеналагічны апарат, які дазваляе непасрэдна ў палаце правесці неабходныя даследаванні, калі ўзніклі падазрэнні, напрыклад, на пнеўманію... Шмат гадоў сучасная медыцына вырашае і рэзус-канфлікт мамы і дзіцяці. Некалькі спецыяльных працэдур ратуюць малому жыццё, не даюць пашкодзіць усе яго функцыі і органы.

Прывабна выглядае індывідуальная радзільная зала для партнёрскіх родаў, дзе побач з парадзіхай могуць жыць да выпіскі самыя блізкія. Паколькі звычайныя пацыенткі цэнтра маюць, як было сказана, цяжкія паталогіі, то палату часцей займаюць замежныя грамадзяне, галоўным чынам, з Расіі і Украіны, хоць за час яе існавання тут пабывалі прадстаўнікі 30 краін. Іншаземцам падабаецца і нізкі кошт, і камфорт. Толькі з пачаткам родаў сюды прывозяць усё тое, што для іх неабходна. Нараджаць тут можна нават у вертыкальным становішчы, што называецца, як каму зручней. На першы погляд радзільная зала — як звычайны хатні пакой.

Студэнцкіх сем'яў малавата

Дзякуючы магчымасцям планавання сям'і, кантрацэпцыі, а таксама перадабортнаму кансультаванню з удзелам псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў колькасць абортаў год ад году зніжаецца. Хоць на думку кіраўніка грамадскага аб'яднання «Матуля» Веранікі СЯРДЗЮК тут яшчэ шмат работы: «Перадабортным кансультаваннем мы займаемся з 2011 года, калі разам з Міністэрствам аховы здароўя быў праведзены пілотны праект у шасці жаночых кансультацыях Мінска. Вопыт быў станоўчы, і таму вось ужо тры гады, як на заканадаўчым узроўні замацавана прадастаўленне жанчыне, якая ідзе на аборт, магчымасці псіхалагічнага кансультавання, а ўрачы тым часам атрымалі права адмовіцца ад правядзення такога ўмяшання. Дарэчы, горадам, дзе адмовіліся рабіць аборт усе ўрачы, стаў Лагойск. Летась зарэгістравана 23 тысячы абортаў, аднак такую лічбу можна лічыць заніжанай, бо прыватныя цэнтры не заўсёды паведамляюць гэтыя даныя. Разам з тым у камерцыйных медцэнтрах таксама ўжо з'явілася магчымасць правядзення перадабортнага кансультавання з прыцягненнем валанцёраў.

На аборт, як правіла, ідуць жанчыны ва ўзросце пасля 26 гадоў, у партнёрскіх стасунках, з адным або двума дзецьмі. Гэта азначае, што ў нашым грамадстве існуюць моцныя ўстаноўкі на аднаго-двух дзяцей. Большасць нашых сем'яў выхоўваюць адно дзіця. Неабходна ўплываць на моладзь, падтрымліваць студэнцкія сем'і, якіх у нас сёння па краіне ўсяго... 400. Спадзяёмся, тут дапаможа новая ініцыятыва Беларускага саюза жанчын».

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».