Вы тут

Толькі маладосць, толькі фальклор!


Толькі маладосць, толькі фальклор!


Узорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” аб’ядноўвае дзяцей і падлеткаў з райцэнтра Акцябрскі Гомельскай вобласці, зацікаўленых народным мастацтвам. Гурт быў створаны ў 1995 годзе і стаў адным з першых удзельнікаў рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Рэпертуар ансамбля складаюць аўтэнтычныя танцы, абрадавыя і пазаабрадавыя песні, найгрышы. “Рудабельскія зорачкі” удзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных форумах традыцыйнай культуры, з’яўляюцца дыпламантамі фестываляў “Беларуская полька”, “Сожскі карагод”, “Шануйце спадчыну сваю”, уладальнікамі гран-пры фестываляў “Берагіня” розных гадоў. Фальклорны гурт узнагароджаны дыпломам Камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА за значны ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны.


Народны танец – гэта штосьці магічнае і чароўнае, бо ён паглынае цябе цалкам і нібы адкрывае шлях у мінуўшчыну. Кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” Вольга Гаўрылаўна Дульская расказала пра танцавальную спадчыну беларусаў і яе захаванне для будучых пакаленняў.

– Вольга Гаўрылаўна, а якія танцы былі папулярнымі ў нашых продкаў?

– Беларускія танцы рухавыя і заліхвацкія, нясуць станоўчыя эмоцыі. Танчылі нашы продкі часцей за ўсё пад гармонік і сольна, і парамі, і тройкамі. Танец спрыяў выхаванню эстэтычнага густу ў танцораў і гледачоў. Шырока распаўсюджаны танцы “Падэспань”, “Лявоніха”, “Кракавяк”, “Месяц”, полькі, вальсы, карагоды. І амаль у кожнай вёсцы – свой варыянт выканання, які адрозніваецца спалучэннямі рухаў і кампазіцыяй.

У народным танцы чалавек пражывае цэлае жыццё. Кожны новы танец – гэта новая гісторыя, новыя ўзаемаадносіны і новыя эмоцыі. Напрыклад, у танцы “Важны” выканаўцы паказваюць увесь свой гонар, рухаюцца павольна і важна, простыя сяляне нібы прымяраюць на сабе ролю шляхты. Здаецца, яны ўяўлялі, што танчаць не на вясковай вечарыне сярод старых хат і адрын, а на панскім балі ў багатых інтэр’ерах палаца. За бездакорнае выкананне гэтага танца на адным з фестываляў фальклору “Берагіня” публіка стала называць наш калектыў “рудабельскай шляхтай”.

– З чаго пачынаецца навучанне народным танцам?

– Працэс навучання народным танцам грунтуецца на краязнаўчай працы і стасунках паміж пакаленнямі. Пачынаем з сустрэчы з носьбітамі – знаўцамі мясцовага фальклору, запісваем мелодыі, запамінаем танцавальныя рухі. Дзеці танчаць так, як і іх прабабулі і прадзядулі, са строгім захаваннем схемы, паказанай носьбітам, таму што танцы мы пераймаем “з нагі ў нагу”. А такому спосабу засваення ўласцівая натуральнасць паводзінаў, непасрэднасць і нязмушанасць.

– Што павінен памятаць той, хто хоча вучыцца народным танцам?

– Падчас сустрэч з носьбітамі мы рупліва вывучаем танцавальны этыкет, бо ў народным мастацтве няма дробязей. Кожны рух – гэта нібы сказ у тэксце. Трэба разумець настрой танца, падтрымліваць кантакт з партнёрам і сачыць за мімікай, а галоўнае – захоўваць манеру выканання танца, перанятую ад носьбіта.

Але мала вывучыць рухі ды мець фізічную сілу. Каб выконваць народны танец, чалавек павінен мець адпаведны душэўны настрой. Перш-наперш ва ўдзельнікаў свайго калектыву я выхоўваю любоў і павагу да сваіх вытокаў, жаданне пазнаёміць з імі гледача. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць носьбіты. Хто, калі не бабуля са сваім жыццёвым вопытам, можа даць карысную параду маладым і дапамагчы зрабіць правільны выбар? Танцоркі ў калектыве ніколі не карыстаюцца касметыкай. Іх упрыгожвае маладосць і эмацыянальны настрой.

– Ці дапамагае ўдзел у міжнародных фестывалях у захаванні фальклорнай спадчыны? Як успрымаюць наш фальклор за мяжой?

– Мы ўдзельнічалі ў свяце “Дзёжкін карагод” у Расіі, выступалі з канцэртнай праграмай у Германіі, на фестывалі “Світавід” ва Украіне. Мастацтва наша там разумелі і прымалі як блізкае і роднае. Гледзячы на тое, як беларускі фальклор хвалюе людзей з замежжа, з якой павагай ставяцца да Беларусі, удзельнікі калектыву з яшчэ большай ахвотай пачынаюць вывучаць народную культуру і распаўсюджваць яе. Цікавасць да Беларусі з боку замежнікаў з’яўляецца штуршком да больш глыбокага вывучэння гісторыі і культуры сваёй Радзімы, асабліва для моладзі.

– Навошта нам захоўваць фальклорную спадчыну? Ці патрэбны народныя танцы сёння?

– Фальклор дапамагае зразумець, хто мы і адкуль мы. Не дзіўна, што бабуліны танцы ізноў становяцца запатрабаванымі. У апошнія гады праяўляецца асаблівы інтарэс беларусаў да сваёй спадчыны і да сваіх вытокаў. Фальклор – гэта аснова ўсяго, гэта крыніца, з якой выцякае жыццё.

Данііл Шэйка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».