Вы тут

Вераснёўскія клопаты


Першы месяц восені выдатны час для пасадкі-перасадкі мнагалетнікаў, павойнікаў і многіх цыбульных.


Усё яшчэ добра перасаджваць півоні, як травяністыя, так і дрэвападобныя. Іх можна трывожыць да самых замаразкаў глебы.

Любяць восеньскі (канец верасня — кастрычнік) падзел і перасадку і флёксы. Менавіта да гэтага часу выспявае іх каранёвая сістэма. Яны таксама вельмі рана стартуюць, і не варта іх трывожыць вясной.

Самы час купляць і садзіць ружавыя кусты. У гэты час гадавальнікі выкопваюць расліны для продажу, і не варта адкладаць іх набыццё да вясны, калі вы купіце тыя ж расліны, якія ўсю зіму захоўваліся добра калі ў прыкопе, а то і зусім у непрыстасаваных для захоўвання ўмовах у якога-небудзь нядбайнага прадаўца. Увесну яны будуць выглядаць нядрэнна і ў яго, але сілы ў расліны ўжо будуць растрачаныя. Таму лепш купіць іх восенню і адразу пасадзіць у зямлю. У іх будзе яшчэ дастаткова часу для ўкаранення. А ў верасні найлепшыя ўмовы для ўкаранення. Звязана гэта з не вельмі значнымі ваганнямі сярэднясутачных тэмператур і вялікай вільготнасцю глебы. Так што, калі вы вясной купілі, напрыклад, маладзенькі павойнік і дагадоўвалі ў ёмістасці, то цяпер самы час высадзіць яго ў грунт. Верасень — час пасадкі павойнікаў!

Зараз час дзяліць мнагалетнікі. У другой палове верасня дзеляць расліны, якія толькі да гэтага часу паспелі сфарміраваць добрую каранёвую сістэму. Да іх адносяцца званочкі, аканіты, лілейнікі, якія цвітуць у сярэдзіне лета, анемоны японскія, астры альпійскія.

А вось лілейнікі, якія цвітуць усё лета, лепш не чапаць да вясны.

Чакаюць пасадкі мускары, цюльпаны, нарцысы, гіяцынты і іншая вясновая прыгажосць. Купляючы цяпер цыбулінкі вясновых кветак, сачыце, каб у іх не было прарослых каранёў. Такія цыбулінкі як правіла дрэнна прыжываюцца.

Прынята высаджваць цыбульныя расліны на глыбіню, роўную трохразовай вышыні цыбуліны. Можна падсыпаць у лунку трохі, 2—3 см, пяску, забяспечыўшы тым самым добры дрэнаж. Асабліва такую пасадку любяць лілеі. Іх наогул лепш з усіх бакоў акружыць пясочнай праслойкай.

Садзіць на месца, дзе ўжо раслі цыбульныя, новыя цыбулькі можна не раней, чым праз пяць гадоў. Участкі пад цыбульныя добра падкарміць комплекснымі ўгнаеннямі. Можна дадаць драўнянага попелу прыкладна шклянку на квадратны метр і перакапаць на штык рыдлёўкі.

Пасля пасадкі дробнацыбульных у сярэдзіне верасня садзяць нарцысы. Глебу для іх лепш падрыхтаваць загадзя і патрымаць пад парай. Калі ўчастак падрыхтаваць добра, то гэтыя прыгажуны змогуць расці на адным месцы без выкопвання да пяці гадоў.

Нарцысы трэба асабліва ўважліва аглядаць на прадмет прарастання карэньчыкаў. Маладыя карані лёгка пашкодзіць, а ў нарцысаў новыя ўжо не адрастаюць. Так што саджаць іх лепш да з'яўлення новых каранёў. Трэба перад пасадкай агледзець цыбулінкі і выкінуць мяккія навобмацак, пацямнелыя і пашкоджаныя. Садзіць іх трэба на глыбіню каля 15 см з падсыпкай пясочка. Дробныя цыбулькі і дзеткі саджаць трэба, прытрымліваючыся прыкладна трохразовай глыбіні.

Апошнімі ў верасні саджаюць цюльпаны, у канцы месяца. Найлепшая тэмпература глебы для ўкаранення цюльпанаў каля 10 градусаў. Калі высадзіць іх у больш цёплую зямлю, то яны будуць горш укараняцца. Пасаджаныя ж са спазненнем, цюльпаны могуць не паспець ўкараніцца, і існуе небяспека іх вымярзання зімой.

На цяжкіх глебах цюльпаны трэба саджаць крыху вышэй, чым рэкамендуецца для рыхлых глеб. Саджаць таксама лепш з пясочкам пластом у пару сантыметраў.

Трэба сачыць за ўвільгатненнем пасадак цыбульных раслін. Паліваць на сухія гады трэба да таго часу, пакуль паліўная вада не дасягне глебавай вільгаці. Гэта забяспечыць уздым глебавай вільгаці па капілярах да цыбулін і прастымулюе прарастанне іх каранёў.

Добра замульчыраваць пасадкі цыбульных кампостам або торфам.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.