Вы тут

Як даць рады вэрхалу ў доме?


Загрувашчванню жытла спрыяюць зніжкі ды акцыі ў крамах. Бывае, рэчы аддаюць сябры — а раптам спатрэбіцца? Зламаную тэхніку мы любім хаваць у скрыні: хай пастаіць, а потым здадзім у рамонт. Але самая вялікая бяда — неналежнае захоўванне таго, што ў нас ужо ёсць. Адзінае правільнае выйсце — сабраць мужнасць у кулак і сустрэцца з заваламі твар у твар. Мінчанка Вольга Кісялёва паспрабавала розныя методыкі, як наладзіць побыт, і цяпер ахвотна дзеліцца сваім досведам з іншымі.


Я і гара

Лепш за ўсё працаваць з катэгорыямі — посуд, кнігі, адзенне... Справа доўгая, зойме не адзін месяц, затое непатрэбныя рэчы назаўсёды знікнуць з дома.

Самы распаўсюджаны прыклад арганізацыі прасторы — упарадкаванне адзення. Выдзеліце вопратцы кожнага сямейніка час, хай яна апынецца ў вялізнай кучы пасярод пакоя. Гэта ідэальны варыянт. Калі часу на глабальную зачыстку не хапае, ёсць сэнс разбіраць рэчы групамі: сёння толькі майкі, заўтра — спадніцы і штаны...

Працу падгадайце на момант, калі вы адчуваеце сябе бадзёрай і актыўнай, — у такім стане чалавек лягчэй развітваецца з лішнім.

Найперш адкладваем у непатрэбнае старыя рэчы, якія згубілі носкі выгляд. Так, гэта майка служыла вам верай і праўдай некалькі гадоў, але яна ўжо расцягнутая і бясформенная. Значыць, прыйшла пара расстацца. Асабліва гэтая парада датычыцца матуль з маленькімі дзецьмі. Адзявацца прыгожа жанчына мае права, нават калі не выходзіць з дома.

Па сістэме КонМары (яе распрацавала японка Мары), кожную рэч трэба праверыць на радасць. Вам прыемна на сустрэчу з сябрамі надзяваць гэту блузку? Цудоўна, пакладзіце ў шафу. А вось гэты шыкоўны касцюм вы купілі за вялікія грошы і ніколі не апранулі? Тады падумайце, ці можна прадаць яго на інтэрнэт-пляцоўцы або пусціць у дабрачыннасць.

«Дзе мая шкарпэтка?»

Гэтая хрэстаматыйная фраза мужа насамрэч нясе глыбокі сэнс. Кожная рэч павінна знаходзіцца на сваім месцы. Калі гаворка ідзе пра адзенне, то для кожнай групы павінна быць сваё месца на паліцы. Нават дробязі накшталт панчох, калгот і сподняй бялізны маюць права на асобную шуфлядку. Кожнаму сямейніку трэба ведаць сваю. Дарэчы, можна нават падпісаць аддзелы, каб было лягчэй адрозніць світары ад вязаных спадніц.

Некаторыя гаспадыні ператрасаюць шафу двойчы на сезон. Вясной перакладаюць у дальнюю шуфляду зімовы гардэроб, восенню па кутах пакуюць лёгкія кофтачкі. Гэта не зусім апраўдана. У нашай мясцовасці надвор'е капрызіць: днём дае гарачыню, вечарам прыходзіць прахалода. Куды зручней раскласці вопратку па катэгорыях і частаце карыстання, іначай у міжсезонне ў шафе зноў будзе беспарадак.

Пошук падзараднага для тэлефона альбо касметычкі можа добра выматаць нервы. Арганізуйце зручнае месца для рэчаў. Калі пачак губак для мыцця посуду знаходзіцца ў кладоўцы, але мыеце талеркі вы на кухні, рана ці позна губкі ўсё адно апынуцца бліжэй да рук. Лепш пакласці прадмет побач адразу і не ствараць блытаніну, іначай ён, хутчэй за ўсё, «згубіцца». Такой жа ўласцівасцю валодаюць прадметы ў непразрыстай упакоўцы. На антрэсолях у чорных пакунках грувасціцца абутак, садовы інструмент і яшчэ шмат чаго. Калі рэч адкладваецца надоўга, пастарайцеся запакаваць яе ў празрыстую абалонку ці падпісаць скрынку.

Чароўныя скрыначкі

Падаецца, у доме, дзе ёсць маленькія дзеці, парадку ніколі не будзе. Вольга Кісялёва, маці дваіх хлопчыкаў, з гэтым не згодная — ідэальнага дасягнуць немагчыма, але можна арганізаваць прастору так, каб вярнуць пакой да прыстойнага выгляду за 5—10 хвілін.

У доме з арганізаванай прасторай рэчы знаходзяцца на адпаведных месцах і імі зручна карыстацца. На час прыборкі Вольга бярэ з сабой кошык, куды складвае нечаканыя «знаходкі». Пасля таго як чысціня наведзена, застаецца толькі расставіць знойдзеныя прадметы па месцах, а не бегаць кожны раз з новай рэччу.

Малыя кідаюць цацкі дзе хочуць. Калі паставіць у кожным пакоі па скрыначцы, то кавалкі канструктараў, машынкі і лялькі з большай магчымасцю трапяць туды, а не пад крэсла. У канцы тыдня цацкі са скрынак адпраўляюцца ў дзіцячы пакой.

Падаецца, што дзеці цярпець не могуць размеранасць. Насамрэч вялікую ролю маюць звычкі. Калі ў сям'і не прымаюць вэрхал, затое ў пашане ўзаемадапамога, то малыя з задавальненнем будуць складваць свае цацкі, а мужчыны — паспяваць на працу заўсёды ў аднолькавых шкарпэтках.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».