Вы тут

Што паглядзець у Дукоры?


«Каб нешта новае ўбачыць, трэба нешта новае здзейсніць», — казаў нямецкі фізік Георг Ліхтэнберг, які першым назіраў карту іскраў на паверхні паўправадніка. Мы ж выкарыстоўваем карту краіны ў якасці правадніка і, каб нешта новае ўбачыць, здзяйсняем новыя падарожжы.


Дукорскі палац, якім быў ён пры Гартынгах, намаляваны Напалеонам Ордай.

Прыгажосць Дукоры як населенага пункта словамі апісаць немагчыма. Прынамсі, я паспрабавала, пішучы гэты тэкст, але ў выніку мне давялося пагадзіцца са словамі Таццяны Талстой, дачкі вядомага Льва Мікалаевіча, пра тое, што для найвышэйшага замілавання і захаплення павінна існаваць нейкае найвышэйшае выяўленне — «не словамі і не слязьмі». Гэта было маё першае адкрыццё ў Дукоры, яшчэ да таго, як мы трапілі ў маёнтак (між іншым, зноў кружлялі ў пошуку дарогі, таму зноў хочацца спытаць: калі ў нас нарэшце навучацца правільна расстаўляць паказальнікі?) Адкрыццё гэта я магу сфармуляваць цяпер адмыслова: існуе такое хараство, якім імкнешся наталіцца — і не можаш, якое як ні стараешся перадаць — не атрымліваецца, ад якога хіба ратавацца — як ад вялікага шчасця, — слязьмі найвышэйшай расчуленасці, найлепшага з іх гатункаў. Я, прынамсі, вельмі пазайздросціла тым, хто жыве ў Дукоры: яны ўсё жыццё маюць пад бокам свой рай.

Таму, калі б прыйшлося мне для нечага выбіраць паміж версіямі паходжання назвы Дукора, я з вялікай радасцю выбрала б тую, што ад лацінскага decoro — як прыгажосць, а не тую, што ад літоўскага dukra — «дачка». Хоць апошняя версія і падаецца з аздобай — не проста, маўляў, «дачка», а «дачка князя», — але няма ў мінулым Дукоры, я вам скажу, ніводнага князя, па-сапраўднаму вартага такой прыгожай «дачкі».

Хто толькі не валодаў Дукорай, што за 30 кіламетраў ад Мінска, — ад кар'ерыстаў Завішаў і легкадумных Агінскіх да прайдох Ашторпаў і апалячаных галандцаў Гартынгаў. У памяці, замацаванай на паперы, якая, як вядома, трывае ўсё, засталіся адны прыклады нядбайства і пыхі, марнатраўнасці і распусты, ды яшчэ зневажальныя эпіграмы. «Усё жыццё піў віно, а дапіўся вадою», — прыгаворвалі пра апошняга з тутэйшых Ашторпаў, Лявона, які, едучы з Мінска ў Дукору, патануў у Свіслачы. Простаму люду была з той нагоды вялікая радасць: «Панове піць не будуць, халопы пачнуць есці», — значылася ў бадзёрым вершыку на смерць гэтага маршалка, які і маршалкам стаў, бо надта падабаліся мінскай шляхце балі, якія ён тут, у Дукоры, даваў.

Хоць гэтая чароўная балерына не з'яўляецца ні сеўрам, ні ліможам з пазамінулага стагоддзя, а ўсяго толькі валендорфам 1960-х, але верыцца, што гэтым экспанатам падкрэсліваецца ранейшая тэатральнасць Дукоры.

Акадэмік-даследчык крэсаў Антоні Урбанскі падаваў трэцюю версію паходжання назвы Дукора — ад таксама лацінскага dux, але гэта ўжо значыць «лідар». І я згодна аддаць паўголаса на карысць гэтай версіі — бо яна дэманструе дукорскае сёння, якое ствараецца прыватнымі ініцыятывамі і не на ўзор ранейшых гаспадароў, а вельмі хораша, як мае быць. У гэтым мы здолелі пераканацца на самым шпілі лета, у дзень Грунвальдскай бітвы, калі самы малодшы ўдзельнік нашых вандровак звычайна атрымлівае падарункі на дзень нараджэння.

Сёлета было вырашана аб'яднаць вандроўку са святам (хоць якая наша вандроўка не з'яўляецца святам?), і Паўла, імянінніка, чакалі «іспыты ў Дукорскім маёнтку», як мы іх сабе назвалі: стралянне з лука ў кідальным ціры (аказалася цікава і да прыемнасці цяжка — не такая «дарэмніца», як здавалася), выпрабаванне на лоўкасць у вяровачным гарадку (быццам не надта высока і са страхоўкай, а ідзі паспрабуй), прыгоды ў перакуленым доме, мары перад Дубам жаданняў, урокі ў ганчара і каваля, узыходжанне на вежу ў браме і... візіт у музей. Апошні трапіў у пералік «іспытаў», бо гэта нам, дарослым (ды і тое, чэсна сказаць, не ўсім), не дай у карчму трапіць, а дай паблукаць па музеі, але ёсць і тыя, каму ў ім сумна (і думаеш: хто вінаваты — вандроўнікі ці музей?)

Музей у Дукоры займае верхні ўзровень у двухпавярховым флігелі. Там, наверсе, пасярод першай залы стаіць макет палаца, які выбудавалі апошнія з дарэвалюцыйных уладальнікаў Дукоры, Гартынгі, і часткай якога гэты флігель у той час быў. І нейкае надта ж своеасаблівае апаноўвае адчуванне: бачыць звонку будынак, знаходзячыся ў ім унутры, — нешта, далібог, у гэтым ёсць.

Перакулены дом. Магніт з яго выявай, куплены ў сувенірнай краме ў Дукорскай браме, увесь час рука цягнецца павярнуць на «правільна».

Што тут яшчэ можна бачыць? Вядома, партрэты ўладальнікаў, пачынаючы ад першых, Сапегаў, якіх тут насамрэч памятаюць хіба пясчынкі, што за паўтысячагоддзя ад таго часу здолелі адлузацца ад тутэйшых камянёў, але, мусім спадзявацца, засталіся ляжаць пры дарозе. Пра камяні я яшчэ раскажу, а пакуль мной авалодвае ўспамін пра адну музейную цікавостку, якой мая памяць адразу ж вылучыла ў сваёй прасторы асобную паліцу, — у той каморы, у якой захоўваюцца самыя прыгожыя ўспаміны з самых розных палацаў, палацыкаў і сядзіб.

У адной з музейных вітрын стаіць парцэлянавая фігурка: балерына ў доўгай пышнай сукенцы з дэкальтэ і гафраванымі рукаўчыкамі, з залацістым абручыкам вакол пляча і з бантам у прычосцы. Прысела грацыёзна, каб завязаць пуанты. Не зусім ужо пуанты і не вельмі ў яе гэта атрымліваецца, бо ў фігуркі адбіты правая ступня (ужо абутая) і левае перадплечча (якое, між іншым, было ўпрыгожана бранзалецікам). Але «калецтва» заўважаецца не адразу і ніяк не шкодзіць сузіранню чыстага, чароўнага хараства. «Да найкаштоўнейшых прадметаў, прывезеных з Францыі, — піша Раман Афтаназы, расказваючы пра Дукорскі маёнтак часу Гартынгаў, — належала парцэляна (сеўрская і ліможская)». Хоць гэтая чароўная балерына не з'яўляецца ні сеўрам, ні ліможам з пазамінулага стагоддзя, а ўсяго толькі валендорфам 1960-х, але нямецкая парцэлянавая мануфактура таксама не лыкам шытая. Мануфактура Валендорф заснавана ў другой палове XVІІІ стагоддзя, калі Дукора яшчэ належала Агінскім. Хоць трэба думаць, што якраз тады ні ліможам, ні сеўрам тут так, як пры Ашторпах і Гартынгах, не хвалілася. Улічваючы час стварэння фігуркі балерыны, хто ведае, чым кіраваліся тутэйшыя музейшчыкі, прымаючы ў экспанаты гэтую пакалечаную да прафнепрыдатнасці прыгажуню. Але верыцца, што гэтым падкрэсліваецца ранейшая тэатральнасць Дукоры. Не будзем зноў пра Ашторпаў, якія трымалі тут дзеля ўласных забавак не толькі тэатр, але нават і цырк. Лепш згадаем, што роўна стагоддзе таму ў Дукоры быў створаны драматычны гурток. Кіраваў ім сябра апошняга года жыцця Максіма Багдановіча Васіль Гарбацэвіч, якога называюць пачынальнікам беларускай савецкай драматургіі. Значыць, вось тут, у Дукоры, у нетрах гэтага невымоўнага хараства, на прафесійным узроўні на працягу трох гадоў «на вячорках» ставіліся п'есы, і якія! «Недаростак» Фанвізіна, «Сватанне» Чэхава, «Свае людзі — паладзім» Астроўскага, «Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Янкі Купалы! Я адкрыла для сябе гэты факт, чытаючы перад вандроўкай кнігу «І марам волю дам» Алеся Карлюкевіча, што падарыла мне яшчэ адно адкрыццё: аўтары сучасных кніг пра сучасныя вёскі і вёсачкі таксама ў нечым Афтаназыя і Урбанскія.

Паслядоўнікам

Час збіраць камяні і шышкі

Паркоўка перад Дукорскай брамай, за некалькі гадоў цудоўна адноўленай, аснашчанай унізе сувенірнай крамай і начыненай у кожным вышэйшым ярусе рознымі гаспадарчымі прадметамі ранейшых часоў, — не заасфальтавана і не забетаніравана. Безумоўна, гэта стварае нязручнасці тым нявестам, якія, святкуючы вяселле ў Дукоры з яе брутальнымі элементамі накшталт стайні ці кузні, прыбіраюцца ў традыцыйныя туфлікі на тонкіх высокіх абцасах. Але асабіста мне прыйшлася вельмі па душы ідэя насыпаць на парковачны пляц не вельмі дробнага ружовага шчэбеню. Ідучы да машыны пасля ўсіх атрыманых уражанняў, я раптам неўсвядомлена нахілілася і падняла камень, які першым трапіў на вока і пад руку. Аказаўся ён вельмі ўдалым — прынамсі, для таго, каб, размаляваўшы, ператварыць яго ў Дукорскую браму і паставіць любавацца на пісьмовы стол. Чым не сувенір з вандроўкі?

Яшчэ адзін сувенір я прывезла з Дукоры ў сваёй галаве — як ідэю. У музеі вісіць «геральдычнае» пано з яловых і сасновых шышак з выкарыстаннем розных іншых «прыродных матэрыялаў». Ствараць пано з калосся, арэхаў, жалудоў, фасолі, бабоў, гароху і іншай такой драбязы мне даводзілася, а вось з шышкамі я не эксперыментавала. Прыдатнасць вялізных яловых шышак да выкарыстання ў якасці элементаў мазаікі стала яшчэ адным адкрыццём.

Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА

Загаловак у газеце: Адкрыцці ў Дукоры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».