Вы тут

Дзяўчынка натхніла родных на стварэнне 3D-канструктара Мірскага замка


Зусім нядаўна ўнікальны экалагічны канструктар з'явіўся на паліцах беларускіх крамаў. Зроблена цацка з трывалага кардону. Сабраць яе можна з дапамогай інструкцыі прыблізна за дзве гадзіны. Без клею і нажніц. У камплекце, акрамя дэталяў замка, яшчэ і чатыры фігуркі гістарычных асоб таго часу.


— Я выбірала ўсіх чалавечкаў, — кажа пры сустрэчы васьмігадовая Адэля Бахун. — Вось гэта Бронны баярын, побач Камандыр, Панна ды Крылаты гусар. З імі дзеткі могуць гуляць у двары кардоннага замка (паказвае).

— Адэлька вельмі любіць персанажаў розных гістарычных эпох, — удакладняе Сяргей Бахун, тата Адэлі, — таму мы ёй пастаянна купляем разнастайныя фігуркі з іх выявамі. У дачушкі гэтых чалавечкаў ажно тры скрыні. Яна ўсіх іх ведае.

— А яшчэ я люблю збіраць розныя канструктары, пазлы.

— Прынамсі, з гэтага яе захаплення ўсё і пачалося. Аднойчы Адэлька папрасіла пазл з якім-небудзь беларускім замкам. Абышлі ўсе дзіцячыя крамы. Там бачылі ўсё што можна — Эйфелеву вежу, Крэмль, Статую Свабоды. Але так і не знайшлі ніводнага канструктара, прысвечанага нашай гісторыі. На выхадныя паехалі з Адэлькай у Брэст праведаць бабулю. Расказалі ёй за гарбаткай пра сваё гора. А яна і кажа: «Не знайшлі, дык давайце зробім самі». Тым больш досвед у нас ужо быў: некалькі гадоў таму мы распачалі невялічкую сямейную справу (Тамара Бахун пасля выхаду на пенсію пры дапамозе сына пачала выпускаць крэатыўныя паштоўкі на беларускай мове. — Аўт.) Рабілі канструктар у першую чаргу для дзетак, таму ва ўсім раіліся з Адэлькай.

— У Беларусі столькі выдатных гістарычных будынкаў. Чаму спынілі выбар менавіта на Мірскім замку?

— Мы апыталі знаёмых. Аказалася, што гэта самая пазнавальная беларуская архітэктурная каштоўнасць. Перад тым як рабіць канструктар, паехалі ў Мір і папрасілі дазволу на выкарыстанне копіі замка. Там нашай ідэі вельмі ўзрадаваліся. І нават прапанавалі заключыць дагавор, каб мець магчымасць прадаваць нашы пазлы ў сваёй сувенірнай лаўцы. Разам з тым, на жаль, далёка не кожны беларус быў у Міры. А вось складуць дома мадэль замка і, спадзяюся, захочуць убачыць яго ў рэальнасці. Збяруцца ў выхадны дзень і паедуць у Мір усёй сям'ёй. Праблема ж у тым, што дзеці цяпер сядзяць у сваіх камп'ютарах, бацькі — у сваіх. Гэта шкодзіць сямейным стасункам... Сёлета я ўпершыню завёз Адэльку ў Мірскі замак. Першае, што яна сказала: «Ух ты! Ён такі вялікі!»

— Я нават відэа зняла там для Ютубу.

— У Адэлькі ёсць ідэя: яна хоча падарожнічаць па Беларусі і здымаць стрымы (прамыя трансляцыі на Ютубе).

— Каб іншыя дзеткі паглядзелі мае ролікі і таксама папрасілі сваіх бацькоў завезці іх у які-небудзь замак.

Над 3D-канструктарам Мірскага замка сям'я працавала каля двух гадоў.

— Стараліся зрабіць усё вельмі якасна. Каб захацелася і сабе набыць, і сябрам у іншую краіну ў якасці сувеніра даслаць. Хочацца верыць, што пасля таго, як замежнікі збяруць сваімі рукамі Мірскі замак з кардону, абавязкова натхняцца і прыедуць да нас у Беларусь, каб падзівіцца на гэты цуд архітэктуры.

Першы наклад з 1500 канструктараў сям'я Бахун выпусціла за ўласныя грошы. Калі цацкі будуць запатрабаваныя, плануюць «пабудаваць» з кардону і іншыя помнікі гісторыі.

Цяпер кожная сям'я можа сабраць дома свой уласны Мірскі замак.

— У нас ідэя стварыць макеты розных гістарычных будынкаў. Каб кожны змог дома сабраць сваю Беларусь у мініяцюры. Можа, нават адновім страчаныя архітэктурныя каштоўнасці — цэрквы, касцёлы, палацы.

— А якая архітэктурная славутасць з'явіцца наступнай, калі не сакрэт?

— У нас дыскусіі з гэтай нагоды. Ідэй вельмі шмат. Пакуль сышліся толькі на Нясвіжскім палацы. Адэлька ўжо спіць і бачыць, як яны з братам будуць падарожнічаць з Міра ў Нясвіж, рабіць рэканструкцыі...

— Тата мне расказаў легенду, што паміж Нясвіжскім палацам і Мірскім замкам быў падземны ход. Дык вось я падумала, што можна паставіць два кардонныя будынкі ў розных канцах пакоя і пад дываном пракласці тунэль.

— Малыя любяць фантазіраваць. Перакананы, што яны прыдумалі б і свае нейкія легенды. Хочацца, каб нашы дзеці ганарыліся тым, што яны беларусы. І ведалі сваю гісторыю. А для гэтага трэба, каб гульняў з беларускімі «каранямі» для іх было больш. Бо, не сакрэт, ад цацак, у якія гуляюць дзеці, у многім залежыць, якімі яны вырастуць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Не знайшлі — зрабілі самі»

Каментары

Вельмі класны канструктар. Я ужо купіла такі ў краме "Князь Вітаўт", таму што збіраюся у госці ў зарубежную краіну для падарунка. І што мне яшчэ спадабалася, што ў камплекце канструктара ёсць кніжачка на двух мовах - беларускай і ангельскай з апісаннем гісторыі Мірскага Замка. Вялікае дзякуй за такую творчую справу сямьі Бахуноў!
Добрая справа!
:)

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.