Вы тут

Двайное імя, шлюб за мяжой і развод па згодзе


На пытанні адказвае Жанна ЗАХАРАВА, начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі.


— Маці звярнулася ў загс, каб зарэгістраваць маё дзіця. Узнікла пытанне, ці можна даць немаўляці двайное імя? Якое з імён будзе афіцыйным? Якое будзе пазначана ў пасведчанні аб нараджэнні?

Аліна Г., г. Баранавічы

— Так, пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці яму можна прысвоіць двайное імя. У адпаведнасці з артыкулам 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (Кодэкса) дзіцяці можа быць дадзена не больш за два ўласныя імені. Імя, занатаванае ў запісе акта аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным.

Орган загс не мае права адмовіць у прысваенні малому выбранага бацькамі ўласнага імя, калі толькі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі і нацыянальным традыцыям. Паколькі ў пасведчанні аб нараджэнні падаюцца звесткі, якія ўтрымліваюцца ў запісе акта аб нараджэнні, у графе «ўласнае імя» пасведчання будуць запісаны абодва ўласныя імені дзіцяці.


— Я і мой жаніх — грамадзяне Беларусі, аднак цяпер пражываем у Германіі. Калі мы заключым шлюб у Германіі, ці будзе ён прызнаны ў Беларусі? У далейшым не выключаем пражыванне на радзіме.

Святлана Пятроўна, г. Нясвіж

— Так, шлюб, зарэгістраваны па-за межамі Беларусі з захаваннем формы шлюбу, устаноўленай законам месца яго здзяйснення, будзе прызнаны на тэрыторыі нашай краіны пры ўмове, што ён не супярэчыць патрабаванням артыкулаў 17—19 Кодэкса. Гэты датычыцца шлюбаў за мяжой паміж беларусамі, шлюбаў грамадзян Беларусі з замежнымі грамадзянамі або асобамі без грамадзянства.

Хачу перасцерагчы, што калі ў будучыні вы плануеце пражыванне ў Беларусі, то можаце сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі, звязанымі з ажыццяўленнем (пры неабходнасці) такіх адміністрацыйных працэдур, як выдача паўторнага пасведчання аб заключэнні шлюбу, унясенне змяненняў, выпраўленняў дапаўненняў у запіс акта, выдача на падставе запісу акта даведак і іншых дакументаў.

Вам варта звярнуць увагу, што артыкулам 238 Кодэкса для грамадзян Беларусі і для беларусаў, якія пражываюць за мяжой, прадугледжана магчымасць звяртацца па рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Беларусі. Пры рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану ў гэтых арганізацыях прымяняецца беларускае заканадаўства. Дадам, што першыя экзэмпляры запісаў актаў, здзейсненыя ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі замежнай дзяржавы, захоўваюцца ў дыпламатычных прадстаўніцтвах, а другія — у архіве органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану Мінскага гарвыканкама. Такім чынам, рэгістрацыя актаў грамадзянскага стану ў гэтых установах дазволіць пазбегнуць у далейшым абазначаных вышэй праблемных сітуацый.


— Мы з мужам вырашылі скасаваць шлюб і звярнуліся ў суд з іскавай заявай, а нас накіравалі ў загс. У які загс нам неабходна звярнуцца і што для гэтага трэба?

Марына С., Мінскі раён, г. Барысаў

— У адпаведнасці з Кодэксам скасаванне шлюбу ў загсе праводзіцца па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці.

Калі вы абое згодныя на скасаванне, не маеце непаўналетніх дзяцей і маёмасных прэтэнзій, вы можаце падаць заяву аб рэгістрацыі скасавання шлюбу, а таксама дакументы, прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах, у загс па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

Праз месяц з дня падачы сумеснай заявы праводзіцца рэгістрацыя скасавання шлюбу ў прысутнасці мужа і жонкі.

Шлюб, скасаваны ў органах загса, лічыцца спыненым з дня рэгістрацыі яго скасавання, а дакументам, які пацвярджае спыненне шлюбу, з'яўляецца пасведчанне аб скасаванні шлюбу.


— Больш за пяць гадоў пражываю разам з бацькам майго дзіцяці, аднак афіцыйна мы не браліся шлюбам. У пасведчанні аб нараджэнні ў графе «бацькоўства» тата запісаны з маіх слоў, а я лічуся маці-адзіночкай. Цяпер бацька дзіцяці хоча быць запісаным у пасведчанні аб нараджэнні. Куды нам звярнуцца, каб вырашыць гэтае пытанне?

Алеся Н., Полацкі раён

— Вам сумесна з бацькам дзіцяці неабходна падаць заяву аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства ў загс па месцы вашага жыхарства або месцы жыхарства вашага абранніка ці па месцы рэгістрацыі нараджэння малога.

Артыкулам 51 Кодэкса вызначана, што паходжанне дзіцяці ад бацькі, які не знаходзіцца ў шлюбе з маці малога, устанаўліваецца на падставе сумеснай заявы бацькоў дзіцяці аб рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства, пададзенай у органы, што рэгіструюць акты грамадзянскага стану, або рашэння суда аб устанаўленні бацькоўства.

На падставе запісу акта аб устанаўленні бацькоўства орган загс унясе звесткі аб бацьку і неабходныя змяненні ў запіс акта аб нараджэнні дзіцяці і выдасць новае пасведчанне аб нараджэнні

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. Разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.