Вы тут

8 верасня ў Брэсце пачынае работу міжнародны тэатральны фестываль


Калі восень нагадвае пра сябе першымі халадамі і дажджамі, хочацца паглядзець добры тэатр. Ды каб пра каханне. А пра што яшчэ наогул можна зрабіць сапраўдную пастаноўку, каб яна зайграла, вылучылася на фоне разнастайнай праграмы тэатральнага фестывалю? Форум тэатраў — гэта заўсёды эксперыменты, шмат нечаканасцяў, балансаванне на мяжы... Не раўнуючы як паказ высокай моды: апрануць гэта часам немагчыма, а вось тэндэнцыю вызначыць — самы раз. Так і тут.


Але ад фестывалю пастаянны глядач чакае сапраўднага тэатра. Такога, каб да самых патаемных струн душы, каб да сэрца, да розуму дакранулася закладзенае ў падмурак рэжысёрам, каб выходзіў потым з залы і круцілася ў галаве: і я гэтак жа думаю, адчуваю, здагадваюся... Вось як, напрыклад, было са спектаклем «Фро» Рыжскага рускага тэатра імя Чэхава два гады таму. Ужо цэлыя два гады прайшло, а помніцца. Не, не сюжэт альбо паслядоўнасць дзеі. Помняцца ўражанні, эмоцыі, запал, які артысты змаглі перадаць гледачам. І ад душы пабіўшы далоні апладысментамі, пакінуўшы сцены тэатра, удыхнуўшы свежага паветра, хацелася жыць, любіць усіх блізкіх і верыць ва ўсёпераможнае каханне.

Добра, што рыжскі тэатр едзе да нас зноў. Яны вязуць сёлета пастаноўку «Альбом». Кажуць, што гэта першы з 1923 года зварот да тэкстаў Аркадзя Аверчанкі, які амаль сто гадоў таму чытаў свае апавяданні са сцэны рускага тэатра ў Рызе. Ну і пра каханне ў яго ёсць апавяданні, а таксама на тэму вечных пытанняў быцця.

Падчас прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю Аляксандр КОЗАК зазначыў, што большую частку праграмы фэсту складаюць драматычныя пастаноўкі, добра прадстаўлена і сучасная драматургія. Не можа не інтрыгаваць заяўленая работа Маскоўскага тэатра юнага гледача па апавяданні Чэхава «Скрыпка Ротшыльда». Бо ў гэтай пастаноўкі шмат узнагрод. Чаго вартыя «Залатыя маскі» за лепшы спектакль вялікай формы і лепшага мастака! У пастаноўцы бярэ ўдзел народны артыст Расіі Валерый Барынаў. А нашаму гледачу спектакль стаў даступны з прычыны дапамогі з фінансаваннем менавіта расійскага
боку. Бо калі б на квітках пазначылі маскоўскія цэны, няцяжка здагадацца, колькі гледачоў здолела б пайсці. Але ж намаганні арганізатараў вартыя выніку. Зноў жа, на думку меркавання дырэктара фестывалю, работу можна лічыць узорам тэатральнага мастацтва. Як кажуць, пажывём — пабачым.

Батумскі дзяржаўны драматычны тэатр імя І. Чаўчавадзэ падрыхтаваў спектакль «Сіндром, або Каго ўслаўляеш?», тэатр ФЕРТЪ (РТШ) з Эстоніі — работу «Боб ведае». Ровенскі абласны акадэмічны музычна-драматычны тэатр, які ў 2012 годзе паспяхова выступіў у нас з пастаноўкай «Калігула», гэтым разам прадстаўляе драму «Ненармальная». Гэты спектакль, дарэчы, пакажуць не толькі ў Брэсце, але і ў Жабінцы.

Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» гэтага года 22-гі па ліку. У афішы заяўлены 28 тэатральных калектываў з 14 краін свету. Форум адкрываецца ў пятніцу вечарам фарсам-вадэвілем «Пінская шляхта», які пакажа Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Купалы. У гэты ж дзень гледачу будуць прадстаўлены яшчэ два спектаклі. Сваю работу «Сіняя-сіняя» пакажа Магілёўскі абласны тэатр лялек. І па даўняй традыцыі «Вежы» на плошчы Леніна адбудзецца вулічны спектакль «Высокія мары» тэатра з Чэхіі. Улюбёнец брэсцкай публікі Львоўскі тэатр «Уваскрэсенне» таксама пакажа плошчавую дзею, толькі 14 верасня, яна называецца «Цягнік са Львова».

Гэтым разам і пасля закрыцця фестывалю, у нядзелю, 17 верасня, заяўлены яшчэ адзін спектакль. Камедыю «ВДВ. Усім добры вечар!» з удзелам вядомага артыста тэатра і кіно Аляксандра Балуева пакажуць масквічы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Фо­та Ва­ле­рыя КА­РА­ЛЯ

Загаловак у газеце: Зноў пра каханне?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.